Пачатак ТУТ
Памятаеце, калі прэзыдэнт анансаваў працэс ашмянскіх мытнікаў, ён сказаў: «у злачынную дзейнасьць быў уцягнуты ледзь ня ўвесь асабовы склад мытнага паста Каменны Лог». Вось гэтае «ледзь» мы і пабачылі сёньня ў судзе.
Я так і не зразумеў, адкуль яны ўзяліся – два мытныя інспэктары з казачнымі прозьвішчамі Ган і Іваноў. Яны нічым не адрозьніваюцца ад абвінавачаных, працуюць на той самай мытні даўно, усіх ведаюць, начальнікі ў іх былі тыя самыя, што і ў «нашых», кветкавую прадукцыю афармлялі, у тым ліку тыя машыны, за афармленьне якіх фірмачы, нібыта, плацілі дадаткова, пра незаконныя грошы нічога ня ведаюць. Розьніца ў тым, што прыйшлі яны ў суд у якасьці сьведак, бо па-ранейшаму працуюць на тых самых пасадах, на якіх працавалі ўсе іхныя абвінавачаныя калегі.
Тадэвуш Высоцкі, які сядзіць у клетцы, таксама нічога ня можа зразумець. Ён спытаўся ў Іванова: «Скажыце, мая праца ў акенцы 7 чым-небудзь адрозьнівалася ад вашай працы ў акенцы 9?» «Не», – адказаў Іваноў.
Можа быць толькі адно тлумачэньне, чаму пяцёра мытнікаў за кратамі, шасьцёра пад хатнім арыштам, а Ган і Іваноў на волі і працуюць дзе працавалі. У адрозьненьне ад першых, на іх ніхто ня даў абвінаваўчых паказаньняў, у адрозьненьне ад другіх, ні на каго не паказалі яны.
Значыць, усё ж такі ўсё вырашаць паказаньні? І словы Чэпіна пра тое, што даваў грошы Юркойцю, для суду важаць больш за словы Юркойця, які грошай ад Чэпіна ня браў? Вось бы даведацца – чаму? Ці, як кажа пракурор, на падставе чаго? Няма адказу. Можа Чэпін – як Ленін? З-за падабенства прозьвішчаў?
Пракурор запрасіў у судзьдзі перапынак на падрыхтоўку новага абвінавачаньня. Супраць былі ўсе – адвакаты, сваякі ў залі, абвінавачаныя.
Гэты суд увогуле складаецца галоўным чынам зь перапынкаў. І не было б праблемы, калі б частка падсудных увесь гэты час не сядзела ў турме. Без хоць колькі-небудзь бачных фактаў злачынства і доказаў віны.
– За 27 месяцаў можна было вызначыцца, – заявіў з клеткі Юркойць.
Я ня ў праве адмовіць у гэтым дзяржаўнаму абвінаваўцу, – мякка сказаў судзьдзя. А ўсе зразумелі, што гэты суд – толькі пятая частка агульнага мытнага працэсу, і паколькі абвінавачаньне перапрад’явілі ў абласным судзе, дзе судзяць начальнікаў, значыць, павінны перапрад’явіць і тут.
Падсудны Курневіч (ён у клетцы, бо не прызнаў віны) зрабіў гучную заяву пра тое, што сьледзтва факусуе ўвагу суду на тым, чаго мытнікі не рабілі, але замоўчвае тое, што яны рабілі – працавалі без парушэньняў. Тым часам, ніводнага парушэньня службовых абавязкаў мытнікам выстаўлена не было. Заля зашумела ўхвальна.
Толькі Ган і Іваноў усяго гэтага чуць ужо не маглі. Яны як зьявіліся зь нейкага іншага сьвету, так і зьніклі, паехалі далей працаваць сабе на мытным пераходзе Каменны Лог. Быццам нічога й ня здарылася. Свабодныя і, можа быць, нават у душы вясёлыя.
А вы памятаеце, чым скончылася песенька пра дзьвюх вясёлых гусяў, якія жылі ў бабусі? Яны мылі лапкі і «спрятались в канавке». А бабуля бачыць – няма іх і крычыць: Ой, прапалі гусі! А яны пачулі, выйшлі і бабулі пакланіліся.
Ніякай мэтафары, проста неяк па-людзку ўсё ў іх там, дабразычліва.
Працэс адновіцца 11 ліпеня.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.