Пачатак ТУТ
Стала канчаткова відно, хто, як і навошта сфабрыкаваў справу пра «арганізаваную злачынную групу» на мытным пераходзе Каменны Лог.
Усё пачалося ў 2010 годзе з пары Танкелюн-Сарумянц. Літоўскі перавозчык «кветкавай прадукцыі» і былы мытнік, начальнік аддзела. Бізнэсовец і пасярэднік. Літоўцу для ўласнага спакою быў патрэбны свой дасьведчаны чалавек на месцы.
Увогуле нічога неардынарнага, калі ўлічыць, што Сарумянц сам былы начальнік аддзела, які даўно звольніўся з мытні і стаў прадпрымальнікам. У Беларусі гэта тыповы шлях для звольненых чыноўнікаў і службовых асобаў, якія становяцца пасярэднікамі, кансультантамі, спэцыялістамі ў розных фірмах. І, натуральна, атрымліваюць за гэта ўзнагароджаньне. Пры тым ніхто не наважыцца назваць тыя грошы хабарам. Заробак афіцыйна фіксуецца як расходны артыкул фірмы. Асноўная функцыя — дбаць, каб фуры праходзілі мытню ў штатным рэжыме, усё паводле закону, а калі ўзьнікае затрымка — хутка высьветліць, у чым справа, і выправіць недахоп.
Сарумянц, падкрэсьлю, даўно не працуе на мытні, але ведае там усіх і ўся. І ён зьвяртаецца да Ігара Высоцкага, дзейнага начальніка аддзела, каб той за ганарар прадстаўляў ягоныя, г.зн. Танкелюна, інтарэсы на лініі. За гэта нічога не патрабуецца. Проста працуйце без прыдзірак. А Танкелюну ад пачатку выстаўленае патрабаваньне, каб машыны былі без парушэньняў.
У гэтым эпізодзе можа бянтэжыць, што Высоцкі — службовая асоба. Зь іншага боку, нішто ні ад каго не адымаецца, усе задаволеныя і праца робіцца найлепшым чынам. Гэта значыць, што ня толькі закон і ўсіхныя інтарэсы забясьпечаныя, але і дзяржава ў плюсе, большы паток машын, станоўчы імідж. Урэшце лёгка можна было пакінуць зьдзелку ў межах пары Сарумянц-Высоцкі. Але нешта пайшло ня так.
Неўзабаве Высоцкі звольніцца з мытні і сам стане пасярэднікам, знойдзе свайго літоўскага перавозчыка кветак. Зьявіцца і трэці былы мытны начальнік аддзела, а цяпер прадпрымальнік Башлыкевіч. Да пары Танкелюн-Сарумянц дададуцца пары Тураеў-Высоцкі і Муратаў-Башлыкевіч. І, як калісьці начальніку Высоцкаму, пасярэднікі будуць перадаваць узнагароджаньне дзейным начальнікам аддзелаў.
Усё быццам бы зразумела, апроч адной дэталі. Усе пералічаныя асобы сёньня даюць паказаньні ў судах у кайданках (іх прывозяць з турмы), апроч аднаго, Танкелюна, зь якога і пачаў пісацца сцэнар КДБ — ён кудысьці зьнік, дзесьці выйшаў з вады сухім.
Магчыма, «кветкавая справа» і пачалася сама сабой, стыхійна, бо яе пачатак супадае ў часе з пачаткам літоўскага бізнэсу на перавозцы кветак у Маскву. Але зьнікненьне Танкелюна наводзіць на думку, што ягоная ініцыятыва была падказаная КДБ.
Швінта: У вас разыходзяцца лічбы.
Башлыкевіч: Пачнем з таго, што гэта пісаў сьледчы.
Каторы раз у гэтым судзе мы чуем, што ўсе пратаколы паказаньняў былі загадзя складзеныя сьледчым КДБ Бычакам, а сам той, хто тыя паказаньні, нібыта, даваў, мусіў толькі падпісаць. Вымагаўся подпіс рознымі спосабамі, ад катаваньняў да пасулаў.
Яшчэ будучы начальнікам і ўжо працуючы на Сарумянца-Танкелюна, Ігар Высоцкі пачынае сваю гульню ў пасярэдніцтва. Пра гэта распавёў суду затрыманы Артур Тураеў, грамадзянін Літвы, малады, але відавочна пасьпяховы ў лягістычным бізнэсе, яўна ня з гэтага нашага балота птушка.
Аднойчы ён проста ехаў па нейкіх справах празь мяжу. І з машынай узьніклі нейкія пытаньні. Ён ужо ня памятае, а я думаю, што там была чыстая зачэпка. Каб разабрацца, Тураева вядуць да Высоцкага. Прыязная гутарка. Высоцкі прапанаваў абмяняцца тэлефонамі, маўляў, будуць праблемы, звані.
Ці гэтая гутарка была ініцыяваная самім Высоцкім (які лёгка мог дазнацца, што, апроч Танкелюна, ёсьць і іншыя перавозчыкі кветак) ці КДБ, зь якім, відавочна, цесна супрацоўнічаў Высоцкі — не такое і важнае пытаньне. Галоўнае, што ён затэлефанаваў Тураеву сам. Сказаў, трэба пагаварыць. Сустрэліся. Аказваецца, Высоцкі ўжо пакінуў службу і прапанаваў дапамогу ў перасячэньні мяжы. То бок, прапанаваў тую ж схему Сарумянца-Танкелюна, нічога злачыннага ў якой няма. Плаці за свой спакой, а я тут за ўсім прыгледжу.
Тураеў: Я яму даў нумар свайго супрацоўніка і нумары машын. Далі яму 5 тысяч эўра для пачатку. Цэньнік на адну машыну вызначаў сам Высоцкі.
Пракурор: Вы разумелі, што гэта незаконна?
Тураеў: Грошы Высоцкаму даваліся на прадстаўнічыя расходы. Ён нам не казаў, што перадае іх супрацоўнікам мытні.
Гэта значыць, момант парушэньня ўзьнікае пры перадачы грошай «службовай асобе». Напэўна ж, разумеў гэта і Высоцкі. І тут паўстае вялікі знак пытаньня. А ці сапраўды ён перадаваў грошы начальнікам аддзелаў? Яны гэта могуць прызнаць пад прымусам і гэта зусім ня значыць, што так яно і было. А калі Высоцкі напраўду перадаваў, дык навошта?
Горбаль (гэты прыходзіць з волі, таму казаць адмовіўся, паказаньні зачытвае пракурор): Высоцкі ўцягнуў мяне ў 2010 годзе, калі я працаваў старэйшым інспэктарам у ягоным аддзеле. Ён растлумачыў мне схему і сказаў даваць грошы інспэктарам і Гаральскаму. Пазьней, калі я стаў начальнікам аддзела, з такімі самымі прапановамі зьвярнуліся Сарумянц і Башлыкевіч.
Глядзіце, Высоцкі на мытні чалавек свой і бывалы. І калі затрымка машыны ўзьнікае два-тры-дзесяць разоў на год, няма праблемы затэлефанаваць начальніку аддзела і спытацца, што адбываецца і што трэба, каб хутчэй выправіць. Маўляў, прыяцель папрасіў. Навошта даваць за гэта грошы ды яшчэ і па сьпісе за кожную машыну?
«Навошта» можа быць толькі адно — пад кіраўніцтвам КДБ Высоцкі арганізуе злачынную групу. Якраз тут сканчаюцца закон, інтарэсы бізнэсу і дзяржавы, і застаецца толькі інтарэс ведамства.
А што кажа сам Ігар Высоцкі — шыракаплечы даўгалыгі чалавек. Такія звычайна сходу гатовыя «рашыць усе праблемы». Ён яўна хлусіць, калі кажа, што грошы перадаваліся на запраўцы, пад відэакамэрамі, або пакідаліся ў шафе ў працоўным кабінэце. У гэтай частцы ягоныя паказаньні нібы пад капірку сьпісаныя з паказаньняў іншых начальнікаў аддзелаў — Лапшэвіча, Букеля, Мароз… Пра тое, што ён рэальна арганізоўваў злачынную групу, сьведчыць і тое, што ён перадаваў грошы інспэктарам. Бо калі перадачу грошай начальнікам яшчэ можна неяк выдаць за праўдападобную, дык грошы для інспэктараў ня толькі нелягічная справа, але і бессэнсоўная. Інспэктары нічога не вырашаюць. Грошы ім можна даваць для таго, каб уцягнуць у групу, больш ні для чаго. А група чым большая, тым больш эфэктнае яе выкрыцьцё КДБ.
Асабіста Высоцкі, зь ягоных словаў, даваў грошы Нагорскаму, Лапейку, Горбалю, Карповічу, Чэпіну, Страпко. Апроч Карповіча, яны ўсе прыходзяць у суд самі.
Курневіч (з клеткі): У мяне ў абвінавачаньні напісана, што вы давалі мне ўказаньні і грошы.
Высоцкі: Ні ўказаньняў, ні грошай Курневічу не даваў.
Ну і дзе тут верыць?
Высоцкі патлумачыў, што машыны фірмы «Міленіюм» маглі везьці кветкі не Тураева, а іншых бізнэсоўцаў, якія гэтыя машыны ў Тураева арэндавалі, у такім выпадку грошы за іх не плаціліся. Але ў абвінаваўчых заключэньнях у кожнага інспэктара гэта ніяк не адлюстравана. Сьледчы КДБ Бычак перакананы, што калі інспэктар аформіў машыну «Міленіюму», значыць, атрымаў за гэта грошы — 150 даляраў за «зрэз» ці 100 даляраў за «гаршчкі». Бычак па кожным інспэктары падлічыў машыны і агульную суму і цяпер гэтыя падлікі выстаўляюцца ў судзе як доказ віны, які насамрэч трымаецца толькі на сумнеўным аўтарытэце Бычака.
З матэматыкай у гэтых падліках таксама правал. Дапусьцім, 150 даляраў за машыну, але чаму яны інкрымінуюцца толькі інспэктару, які іх усе, нібыта, атрымаў? Калі кіравацца паказаньнямі падсудных, у гэтых 150-ці і доля начальніка аддзела, начальніка паста, супрацоўнікаў аддзела ўласнай бясьпекі, аддзела кіраваньня рызыкамі, начальніка ўсёй мытні і, як некаторыя сьцьвярджаюць, супрацоўніка КДБ.
Пракурор чытае супярэчнасьці ў сёньняшніх паказаньнях Высоцкага і ў паказаньнях на папярэднім сьледзтве:
— У пратаколе вы ўказалі, што давалі грошы Мароз.
Высоцкі: Мароз ніколі не перадаваў.
Пракурор: А чаму ўказалі?
Высоцкі: Сьледчы так хацеў. Мне шмат за гэта абяцалі. Занадта шмат.
Юркойць: А што абяцалі?
Высоцкі: Абяцалі, што пайду ў суд сваімі нагамі.
Юркойць: Абяцалі вызваліць ад адказнасьці?
(Доўгая паўза)
Высоцкі: Фактычна так. Таму пратаколы я падпісваў, асабліва не чытаючы.
Юркойць: А хто абяцаў?
Высоцкі: Генэралы, я з генэраламі абшчаўся.
Юркойць: У сэнсе, без пратаколу, проста так вас выклікалі?
Высоцкі: Так.
Як казаў адзін мой знаёмы рэдактар: кола замкнулася. Пачаўшы пераказваць паказаньні «ад Бычака», «арганізатар злачыннай групы» Высоцкі распавёў урэшце, як ён гэта арганізаваў і пад чыім кіраўніцтвам.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.