Судзьдзя — мажны дзяцюк, падобны да аграмаднага дзіцёнка, гадоў трыццаці пяці, зь невыразнай артыкуляцыяй. Яны тут усе зь невыразнай артыкуляцыяй — і пракурор, і сакратарка. Быццам прапусьцілі курс «Літаратурнага чытаньня» за першы кляс пачатковай школы. Усе зь мікрафонамі, але выключанымі.
Сакратарка запрашае ў залю кожны раз так: «няймые заходзім» — гэта пра тых, хто пад падпіскай і прыходзяць самі.
Усе сакратаркі ў Доме правасудзьдзя, як на падбор, дзеўкі маладыя і прыгожыя, хто ў міні-спадніцы, хто ў шчыльнай сукенцы. Каб любаваліся імі судзьдзі і пракуроры, а можа і падсудныя — каб падсаладзілі сваю горкую пілюлю лёсу. Дзіўныя такія збліжэньні. Пры тым, што ў паветры вісіць журба і сам менскі Дом правасудзьдзя ў чорта на кулічках, але ўсе ж людзі. Нават кагэбісты ў цывільным, якія ўюцца каля працэсу і ў залі — з відэакамэрай, і за дзьвярыма, калі застаюцца адны — жартуюць, сьмяюцца. Праўда, не на поўны рот. Нешта іх усё ж стрымлівае.
Хвароба судзьдзі для мяне нагода замест працэсу пайсьці да астролягаў. Ніхто толкам ня ведае, што, чаму і як адбываецца. Нібыта ясна ўсё прапісана ў крымінальным кодэксе і ў абвінавачаньні пракурора. А навошта тады суд? Бо ўсяго, як ні старайся, не прапішаш. А колькі ўсяго застаецца па-за судом — тайнага і яўнага, мэтафізычнага і ўвогуле касьмічнага. А яшчэ — воля Божая. Вось, здавалася, такі ў нас сур’ёзны працэс, столькі народу ўдзельнічае, а тут бац — судзьдзя захварэў. Антракт.
Першая астралягіня расказала мне пра Алеся Юркойця ўсё. Ёсьць, аказваецца, такі тып — чалавек-айсбэрг. Ён як бы звычайны, але насамрэч — ёсьць глыбіня ў ім. Вялікі чалавек у малым целе. Таму калі побач адбываюцца нейкія працэсы, яны яго абавязкова зачэпяць. Ягонае месца ў шыхце з выгляду — на аднаго, а насамрэч — на трох ці нават на дзесяцёх. Ну і яшчэ шмат усяго. Напрыклад, што ён заўсёды лідэр. Я так разумею, на мытні ён ніколі не выслугоўваўся — праца і праца, на Астравеччыне знайсьці добрую працу з прыстойным заробкам — ня проста. Затое па-за працай лідэрскія якасьці чалавека-айсбэрга выяўляліся напоўніцу — у ягонай беларускай культурнай дзейнасьці.
Другая астралягіня зрабіла прагноз, чым скончыцца для Алеся гэты суд. Ня буду пераказваць яе словы. Скажу толькі ўласнае пажаданьне — каб час да выхаду Алеся на волю вымяраўся не днямі і месяцамі, а працягласьцю гэтага суду.
Каб супакоіць дачэплівага чытача, скажу, што ў астралёгію я таксама ня веру. Але паслухаць заўсёды цікава.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.