Цяпер схему, прапанаваную сьледчымі КДБ, нельга разглядаць у адрыве ад матэрыялаў працэсу і простае лёгікі, якой не паддаюцца прызнальныя паказаньні мытнікаў, аднолькавыя як у частцы кадэбэшнай фабулы, так і ў пытаньнях па-за ёй («ня помню», «не магу знаць», «ня ведаю»). Затое паддаюцца простай лёгіцы паказаньні тых, хто віны не прызнаў – як у частцы адмаўленьня хабару, так і ў частцы пямяці. Гэтыя памятаюць і ведаюць усё, бо ня маюць фабулы і ўсе паказаньні супраць сябе адназначна разглядаюць як агавор.
Дапусьцім, першыя ці другія хлусяць. Суд павінен даказаць гэта. Але па-за паказаньнямі і судовым працэсам мы маем цалкам аб’ектыўныя крытэры ацэнкі ўсёй гэтай справы – гэта пытаньні, якія застаюцца неадказанымі і без адказу на якія ніякае абвінавачаньне ня можа быць прызнаным за законнае, бо гэта пытаньні лёгікі, а не «асабістай перакананасьці» судзьдзі.
Вось схема кадэбэшнай фабулы разам з пытаньнямі, якія яна выклікае і на якія суд пакуль што ня мае адказу.
Глядзець у высокім разрозьненьні
Танкелюн, Тураеў і Муратаў – гэта літоўскія бізнэсоўцы, якія фурамі возяць галяндзкія кветкі ў Маскву празь беларускі мытны пост Каменны Лог.
Сарумянц, Высоцкі і Башлыкевіч – беларускія бізнэсоўцы, былыя мытныя начальнікі, а цяпер прадстаўнікі літоўскіх бізнэсоўцаў на мяжы для таго, каб не было затрымак у афармленьні кветак. За гэта ад літоўцаў яны атрымлівалі грошы.
Начальнікі – гэта дзейныя мытныя начальнікі аддзелаў (зьмен), на якіх для рашэньня праблем выходзілі Сарумянц, Высоцкі і Башлыкевіч. Нібыта за грошы.
Абвінавачаныя інспэктары – мытнікі на лініі, якім іх начальнікі нібыта плацілі грошы. За што – невядома ні суду, ні ім самім. Тым часам у іх ліку мытнік і вядомы асьветнік з Астравеччыны Алесь Юркойць, які трэці год праводзіць у турме.
Інспэктары сьведкі – такія самыя мытнікі, якія па сёньняшні дзень працягваюць афармляць машыны з кветкамі. І, калі верыць кадэбэшнай схеме і прынцыпам, на якіх яна пабудаваная, працягваюць атрымліваць за гэта ўзнагароджаньне.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.