Беларус Зьміцер Грынкевіч трапіў у Армэнію амаль выпадкова, робячы «візаран» — абнуленьне часу знаходжаньня ў Грузіі праз часовы выезд. Але застаўся ў Армэніі і ўжо больш за паўгоду ня можа адтуль выехаць у Эўразьвяз.
Грынкевіч паходзіць з Ганцавічаў. Расказвае, што працаваў у родным горадзе ахоўнікам. У чэрвені 2023 году прыехаў у Грузію, у Батумі. Плянаваў застацца на 10 дзён, а потым пераехаць у Эўразьвяз або ў іншы грузінскі горад, але застаўся на два гады. Там ён гатаваў беларускую кухню на замову, прадаваў беларускія кнігі, рабіў на продаж кубкі, іншыя тавары зь беларускай сымболікай. Вёў відэаблог.
Сёлета ў траўні Зьміцер выехаў у Армэнію, каб, як вымагае закон, раз на год абнуліць тэрмін свайго знаходжаньня ў Грузіі. Аднак пасьля «візарану» яго не пусьцілі назад.
Так Грынкевіч застаўся жыць у Армэніі. У Ерэване ён здымае месца ў пакоі гостэлю, дзе жывуць чатыры чалавекі. Плаціць 320 даляраў на месяц. Прыкладна за такія ж грошы ў Батумі можна было зьняць двухпакаёўку не на першай лініі ад мора, кажа суразмоўца. У Грузіі ў яго было шмат знаёмых беларусаў і ўкраінцаў, зь якімі ён мог здымаць кватэру напалам. Беларус адзначае, што армяне менш ахвотна, чым грузіны, даюць зьніжкі і ідуць на саступкі. У Ерэване, дадае ён, арэнда аднапакаёвай кватэры на ўскрайку гораду абыдзецца ў 300 даляраў, бліжэй да цэнтру — 500.
«У Батумі было жыць прыкладна ўдвая таньней, чым у Ерэване», — кажа ён.
З працай складаней
Грынкевіч атрымлівае беларускую пэнсію па інваліднасьці — каля 180 даляраў. Гэтых грошай не хапае на аплату жытла, толькі на харчаваньне, і то без прысмакаў, адзначае ён.
З працай у Армэніі яму таксама больш складана, чым у Грузіі. Зьміцер уладкаваўся на працу ў гостэль, у якім жыў, адміністратарам. Аднак празь месяц яму адмовілі ў працы празь няведаньне ангельскай мовы. Адзін кліент праз гэта пакінуў адмоўны водгук. Продаж тавараў зь беларускай сымболікай і гатаваньне страваў беларускай кухні ў Ерэване аказаліся незапатрабаванымі. Цяпер Зьміцер спрабуе ўладкавацца на працу кур’ерам.
«Беларускай дыяспары я тут не знайшоў, як ні стараўся. Нават калі прапаноўваў сустрэцца, у кавярні пасядзець, ніхто ні разу не адгукнуўся, што для мяне дзіка», — адзначае ён.
Якія імпрэзы ладзяць беларусы Армэніі, Грынкевіч ня ведае. У чаце беларусаў у Армэніі каля 80 чалавек. У гостэлі, дзе ён жыве, за гэты час спыняліся чацьвёра беларусаў. У тым ліку тыя, што прыляцелі наўпрост зь Беларусі.
Складанасьці з візамі
І ў Армэніі Зьміцер здымаў блог пра краіну.
«Я назваў Каўказ мядовай пасткай, бо спачатку вельмі салодка, а потым цяжка», — кажа ён.
Да таго ж у Армэніі шмат расейцаў. На думку беларуса, насельніцтва Армэніі ставіцца да расейцаў больш прыязна, чым грузінскае.
Жыць пастаянна ў Армэніі Зьміцер ня хоча, але выехаць жыць у іншую краіну пакуль ня можа. Ён бы хацеў паляцець у Эўразьвяз, бо ў яго празь некалькі гадоў скончыцца тэрмін дзеяньня беларускага пашпарту. На гэты момант Зьміцер хацеў бы мець дакумэнт, які мог бы ў нейкай ступені замяніць пашпарт, а гэта магчыма зрабіць у Эўразьвязе.
«Нам, беларусам, трэба разглядаць варыянт, што рабіць, калі скончыцца пашпарт. Нават калі б я быў у краіне, у якой можна жыць бязь візы, але якая ня дасьць ні міжнароднай абароны, ні пашпарта іншаземца, то што будзе са мной далей, пасьля таго як скончыцца пашпарт?» — разважае ён.
Аднак каб паляцець у Эўразьвяз, Зьміцер ня мае візы. Кажа, атрымаць эўрапейскую візу ў Армэніі складана.
Грынкевіч расказвае, што зьвяртаўся па візавую падтрымку да грамадзкіх арганізацыяў Армэніі. Аднак яму адказалі, што ён жыве ў бясьпечнай краіне, усе рызыкі толькі патэнцыйныя, бо ён не адбываў у Беларусі нават адміністрацыйны арышт. Наўпрост у консульства па візу ён яшчэ не хадзіў.
Суразмоўца расказвае, што некаторыя беларусы спрабавалі трапіць у Эўразьвяз бязь візы. Спрабавалі паляцець транзытам праз Эўразьвяз, прыкладам, праз Польшчу, а ў польскім аэрапорце выходзілі і прасілі міжнародную абарону. Апошнім часам гэты спосаб перастаў працаваць, адзначае Зьміцер.
Пераяжджаць у іншыя даступныя яму краіны беларус ня хоча, бо яны не дазволяць яму атрымаць міжнародную абарону. Да таго ж з Армэніі можна выехаць наземным транспартам толькі ў Грузію або Іран. Іран лічыцца небясьпечнай краінай для беларусаў, ён можа выдаць іх Беларусі.
Пераляцець Зьміцер можа ў Турэччыну, але таксама ня лічыць яе бясьпечнай для сябе. У Малдову мужчына лятаў на «візаран» з Армэніі некалькі тыдняў таму. Аднак яго не пусьцілі ў Малдову і дэпартавалі. Прычын ён ня ведае.
Зьміцер Грынкевіч не адзіны беларус, які вымушана жыве ў Армэніі, спрабуючы выбрацца адтуль розымі шляхамі. Свабодзе вядома пра яшчэ прынамсі два выпадкі, калі беларускія палітычныя ўцекачы мусілі спыніцца ў Армэніі праз забарону вярнуцца ў Грузію. Як і Зьміцер Грынкевіч, яны спрабуюць выбрацца з Армэніі ў краіну Эўразьвязу, аднак усе спробы пакуль былі няўдалымі.
Юрыст: атрымаць візу лягчэй з дазволам на жыхарства або пацьвердзіўшы палітычны перасьлед
Праваабаронца Раман Кісьляк, які спэцыялізуецца ў пытаньнях, зьвязаных з Грузіяй, у размове з Свабодай адзначыў, што ня мае поўнай інфармацыі аб Армэніі, але ведае, што беларусы там атрымліваюць эўрапейскія візы — польскія ці іншых краін. Ён таксама ведае пра сытуацыю Грынкевіча, які пакуль ня можа з Армэніі вылецець у Эўразьвяз.
Юрыст у галіне міжнароднага права, кіраўнік юрыдычнай фірмы Legal Status Алесь Міхалевіч пацьвердзіў, што праблема выезду з Армэніі для беларусаў існуе. Ім складана атрымаць эўрапейскую візу ў такіх краінах, як Армэнія, бо беларусаў у пытаньні атрыманьня візаў трактуюць там як усіх іншых, хто ня мае права жыхарства ў Эўразьвязе.
Міхалевіч дадае, што дадатковыя праблемы мелі тыя беларусы, на вышук якіх быў запыт Беларусі па лініі СНД. Яны не маглі выехаць з Армэніі, хоць выйгравалі экстрадыцыйны працэс, але іх усё адно не выпускалі з краіны.
«У выдачы палітычных яны адмаўлялі, на шчасьце (не выдавалі беларусаў у Беларусь. — РС). Калі будзе нясплата падаткаў, то будзе цяжэй. Калі гэта палітычны артыкул, то зь вялікай доляй імавернасьці можна выйграць суд. Але калі ўлады сфальсыфікуюць нешта эканамічнае, то ўсе шанцы паехаць у Беларусь», — кажа Міхалевіч.
Візавая сыстэма шэнгенскіх краінаў працуе так, што чалавек можа падацца на візу толькі ў той краіне, у якой пастаянна жыве, тлумачыць юрыст.
«Гэта значыць, што вы мусіце мець або грамадзянства, або дазвол на жыхарства ў той краіне, дзе вы падаяцеся. Гэта праблема з падачай у Грузіі і ўва ўсіх іншых месцах», — адзначае ён.
У пытаньні выдачы візаў могуць быць выняткі, дадае Міхалевіч. Напрыклад, гуманітарная віза Польшчы.
«Гэтых выняткаў усё менш і менш. Усё больш Беларусь успрымаюць як пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Захад ня хоча ў сябе мець лішніх беларусаў, бо апошнія тэрарыстычныя акты зьвязаныя з грамадзянамі Беларусі. Пагаршэньне візавага рэжыму — зразумелая палітыка з пункту гледжаньня гэтых краін», — заўважае юрыст.
Беларус, які знаходзіцца ў Армэніі, тэарэтычна на звычайную шэнгенскую візу права ня мае, бо ён павінен гэтую візу атрымліваць у Беларусі ці ў той краіне, чый дазвол на жыхарства мае. Дазвол можна зрабіць у Армэніі, але гэта каштуе грошай, бо трэба афіцыйна ўладкавацца на працу, тлумачыць экспэрт.
«Зрабіць беларусу дазвол на жыхарства ў Армэніі магчыма, але гэта дорага, праблемна, патрабуе вялікіх высілкаў, папяровай працы, грошай, многія ня могуць гэтага сабе дазволіць», — падсумоўвае ён.
Перад беларусамі адкрытыя іншыя бязьвізавыя краіны, працягвае Алесь Міхалевіч. Яны могуць пераляцець у Альбанію, Чарнагорыю, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ). Але пытаньне будзе такое самае. Каб падацца на шэнгенскую візу там, ім трэба будзе мець сувязь з гэтай краінай або мець пацьверджаную палітычную гісторыю як людзям, якія едуць прасіць статус уцекача.
«Мы бачым уцякацкія праблемы ў Эўропе. Мы разумеем, што Эўропа працуе, каб ня даць магчымасьці тым людзям, якія едуць прасіць статус уцекача, прыехаць і яго запрасіць. Няма чаго зьдзіўляцца, што мы трапім пад тое самае. Калі візы нельга выдаваць прадстаўнікам арабскіх краін, то чаму іх можна выдаваць беларусам?» — зьвяртае ўвагу юрыст.
Паводле яго, у Малдове ў беларусаў больш шанцаў атрымаць статус уцекача, чым у Армэніі. Ён ведае пра такія выпадкі. На думку юрыста, у Альбаніі, Чарнагорыі таксама ёсьць шанец атрымаць статус уцекача, калі палітычны перасьлед задакумэнтаваны.
Большы шанец атрымаць візу, калі ёсьць дазвол на жыхарства ў краіне, дзе па візу зьвяртаюцца, але гэта усё адно не гарантуе візу. Дазвол на жыхарства досыць хутка можна зрабіць у ААЭ, адзначае Алесь Міхалевіч. Яго дадуць цягам тыдня. Але за яго трэба будзе заплаціць 3–5 тысяч эўра.
Суразмоўца адзначае, што, зь ягоных назіраньняў, лягчэй атрымаць візу паўднёвых эўрапейскіх краін, прыкладам, Італіі, Гішпаніі. Але потым будзе складаней атрымаць статус уцекача.
«Наступнай у вас будзе такая праблема: Польшча будзе высылаць вас прасіць статус уцекача ў гэтую краіну», — папярэджвае суразмоўца.
«Шэнгенская віза — гэта ня права беларусаў»
Алесь Міхалевіч пракамэнтаваў спосаб, якім карыстаюцца беларусы, каб трапіць у Эўразьвяз бязь візы. Яны ляцяць, прыкладам, з Армэніі ў Чарнагорыю транзытам праз Польшчу. У польскім аэрапорце выходзяць і просяць міжнародную абарону.
«Аднак палякі ствараюць для іх больш суворыя ўмовы, каб такіх запытаў было менш. Іх вядуць праз закрыты лягер, дэ-факта гэта турэмныя ўмовы з бракам камунікацыі. У вас няма мабільнага тэлефона, вы ня можаце тэлефанаваць. Калі ў вас ёсьць адвакат і ён прыйдзе да вас, калі вы яму заплаціце, то яго дапусьцяць да вас, але вы ня маеце магчымасьці адваката шукаць, званіць праваабарончым арганізацыям», — тлумачыць Міхалевіч.
Суразмоўца дадае, што атрыманьне шэнгенскай візы — гэта ня права беларусаў, яно беларусам не забясьпечана аўтаматычна.
«Гэта тое, што эўрапейцы могуць нам даць, могуць ня даць. Яны нам не абавязаныя. Я лічу, што мы палякам павінны быць вельмі абавязаныя, што яны так лёгка нам раздавалі статус уцекача і дадатковую абарону. Але гэта таксама заканчваецца. Пачаліся першыя адмовы беларусам у Польшчы. У іншых краінах гэтыя адмовы былі заўсёды, калі не было нармальна пацьверджанага выпадку», — мяркуе юрыст.
Паводле Міхалевіча, польскія консульствы ў Армэніі і Малдове настроеныя не даваць беларусам візы.
«Калі вы атрымліваеце турыстычную візу., а яны бачаць, што вы „палітычны“ чалавек. то яны могуць вам адмовіць, бо бачаць, што мэта запыту візы не адпавядае рэальнай мэце прыезду. Гэта дастатковая падстава для адмовы ў візе», — кажа экспэрт.
Свабода накіравала запыты аб магчымасьці атрыманьня візаў для беларусаў у МЗС некалькіх эўрапейскіх краін, якія маюць консульствы ў Армэніі. Адказы зь іх мы апублікуем пасьля атрыманьня.
Форум