Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Тыя ж і Лукашэнка


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Пачатак ТУТ

Наканаванасьць прысудаў — ужо ў тым, што ашмянскіх мытнікаў судзяць паралельна ў чатырох судах, і было б дзіўна, калі б усе суды прызналі арганізаваную злачынную групу і татальна засудзілі ўсіх, а нейкі адзін судзьдзя раптам заўпарціўся і не прызнаў ды яшчэ павыпускаў абвінавачаных за недаказанасьцю віны. Працэсаў чатыры, але насамрэч усе яны адбываюцца пад адной коўдрай. Больш за тое, на прысуды ёсьць палітычная замова з самага верху:

«Лукашэнка расказаў аб выяўленай карупцыйнай схеме ў дзейнасьці Ашмянскай мытні:

— Зусім нядаўна быў раскрыты абуральны выпадак. Камітэт дзяржбясьпекі разам зь іншымі праваахоўнымі органамі выявіў, што ў Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасьць быў уцягнуты ледзь ня ўвесь асабовы склад мытнага паста «Каменны Лог», — сказаў прэзыдэнт.

— Крымінальная схема дзейнічала доўгі тэрмін. Фігурантамі зьяўляюцца амаль 20 службовых асоб, агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі даляраў, — расказаў Аляксандар Лукашэнка. — Хацелася б, каб хто-небудзь адказаў: чаму пры наяўнасьці вопытнага цэнтральнага апарату, сыстэмы падбору, падрыхтоўкі, расстаноўкі кадраў, усіх службаў унутрыведамаснага кантролю, уласнай бясьпекі ў вас пад бокам сфармавалася такая банда? Я запатрабаваў прынцыпова разабрацца ў рамках крымінальнай справы, хто гэта ўсё арганізаваў і хто да гэтага мае дачыненьне.

Прэзыдэнт запатрабаваў, каб нанесены краіне ўрон быў кампэнсаваны ня проста ў поўным, а ў 3-5-разовым памеры.

Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэту, падкрэсьліў, што самае галоўнае — стварыць атмасфэру нецярпімасьці да такіх праяваў.

— Трэба сфармаваць усьвядомленае разуменьне кожным супрацоўнікам — факт хабарніцтва, няхай нават адзінкавы, дыскрэдытуе ўсю мытную службу ў вачах грамадзкасьці, — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка. — І маральны ўрон ад карупцыі нельга зьмераць ніякімі грашамі. Выпальваць гэтае зло будзем гарачым жалезам. Мы ні з чым не лічымся, змагаючыся з гэтай заразай».

Як мусіць паводзіць сябе судзьдзя пасьля закліку прэзыдэнта — ні з чым не лічыцца, выпальваць гарачым жалезам? Ясна, лепш перасудзіць, чым недасудзіць. А «ні з чым» — гэта значыць, з асобай абвінавачанага і, што важней, зь недаказанасьцю ягонай віны. Вось што значыць «ні з чым». Што мы і бачым на працэсе.

Часам мне здаецца — аддай усю гэтую крымінальную справу прафэсійнаму рэдактару, які верне ў тэкст лёгіку, і ад справы застанецца пшык. Як, напрыклад, «абуральны выпадак» можа дзейнічаць «доўгі тэрмін», ажно пяць гадоў?

Лукашэнка гаворыць супрацьлеглымі сэнсамі, але сілавікі разумеюць, які сэнс адрасаваны ім.

«Амаль 20 службовых асоб» — гэта колькі? У перакладзе з лукашэнкаўскай на кадэбэшную — гэта амаль 60. Пры тым «нават адзінкавы факт дыскрэдытуе». Па ідэі, чым менш фактаў, тым лепш, але нагналі 60, каб, як сказаў прэзыдэнт, «быў уцягнуты ледзь ня ўвесь асабовы склад мытнага паста “Каменны Лог”». Гульня лічбамі насамрэч — гэта гульня чалавечымі жыцьцямі і лёсамі. На мытнікаў глядзяць не як на людзей, а як на расходны матэрыял — алавяных салдацікаў, якіх хочаш так перастаў, хочаш гэтак, як на дровы.

Альбо вось — адгадайце, што трэба рабіць сілавікам і судзьдзям? «Маральны ўрон ад карупцыі нельга зьмераць ніякімі грашыма». Гэта лірыка, прапускаем міма вушэй, чытаем наступнае: «Прэзыдэнт запатрабаваў, каб нанесены краіне ўрон быў кампэнсаваны ня проста ў поўным, а ў 3-5-разовым памеры». Забаўна, што ніякага «ўрону» краіне нанесена не было — усе машыны, за якія нібыта плаціўся хабар, афармляліся ў законным парадку, з поўнай сплатаю мыта.

Адразу пасьля выступу Лукашэнкі ў красавіку 2015 году КДБ паведаміў, што хабар даваўся за ўхіленьне ад сплаты мытных плацяжоў, а ўжо на працэсе гэтая тэма не фігуравала ўвогуле. Мабыць, дапушчэньне не пацьвердзілася дакумэнтамі. Які ж тут «урон»? Вось і застаўся ў абвінавачаньні адзін несалідны «бесьперашкодны пропуск». Несалідны, бо ўсімі абвергнуты і нават высьмеяны як немагчымы.

Тады ж, у красавіку 2015-га КДБ, а са спасылкай на яго і СМІ паведамілі, што хабар даваўся за афармленьне буйных партыяў розных тавараў. Праз паўтара года аказалася, што тавар быў толькі адзін — кветкі, якія і «ўсплылі» толькі ў абвінаваўчым заключэньні. Чаму? Таму што «кветкавую прадукцыю» прыдумалі ўжо пасьля заяваў Лукашэнкі і КДБ?

Якая тады вера мытнікам, што прызналі сваю віну, якія кажуць, што ведалі або здагадваліся, што грошы — за кветкі? Ведалі, пачынаючы з 2010 году. Праўда, большасьць кажа, што пра кветкі даведаліся толькі з абвінаваўчага заключэньня. Пасьля выступу Лукашэнкі ўвесну 2015-га фігуравалі «розныя тавары», і толькі ўвосені 2016-га аказалася, што — толькі кветкі. Чатыры з паловай тысячы машын.

Падобная мэтамарфоза адбылася з абвінавачаным Чэпіным, які ўвесь 2015 год наадрэз адмаўляўся, што даваў грошы Юркойцю, а ў 2016-м раптам успомніў, што даваў тры разы. Успомніў і выйшаў з турмы дадому.

Колькі ж такіх лягічных перавяртосаў адбылося ў сьледчых галовах зь вясны 2015 году, за час, пакуль Юркойць у турме.

— Тое, што мне прадставілі фатаграфіі пры вобшуку ў вашых супрацоўнікаў, — гэта жах, — заявіў Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніцтва ДМК. — Гэта вялізны пакой, цалкам выкладзены пачкамі купюр па дзесяць тысяч даляраў у кожным. І кроку ступіць няма дзе.

Фатограф ведаў, чым уразіць прэзыдэнта, а прэзыдэнт — чым уразіць народ.

І ўсё ж я паспрабую аднавіць тут нармальную, з майго пункту гледжаньня, лёгіку і ўявіць сабе некалькі газэтных загалоўкаў наступнага году — чыста ў інтарэсах здаровае псыхікі і бясьпекі краіны:

«Карупцыйная схема на Ашмянскай мытні аказалася фальшыўкай»

«Віна ашмянскіх мытнікаў не пацьвердзілася»

«Алесь Юркойць на свабодзе»

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG