Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Блізкае дно


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Пачатак ТУТ

Сымон Глазштэйн схадзіў на суд магілёўскіх нацыкаў, якія апаганілі памятны знак габрэйскага гета:

«Але яны нават проста для таго, каб хоць неяк апраўдацца, хоць нешта абдуманае, асэнсаванае і вытлумачальнае выказаць, нічога ня здолелі ні прыдумаць, ні прадумаць. І быў вельмі бачны гэты стан унутранай бессэнсоўнасьці, які літаральна напаўняў і іх словы, і іх выразы вачэй, і іх паўзы, калі яны павінны былі думаць і адказваць на пытаньні. А казалі “Без паняцьця”, “Ня ведаю”, “Не магу сказаць”. Гэта яны адказвалі на пытаньні пра тое, як дайшлі да такога злачынства».

Тут – наўпроставая паралель з працэсам ашмянскіх мытнікаў. Ня ў сэнсе нацыянал-сацыялізму, а ў сэнсе пэўнага складу мысьленьня, які сустракаецца сярод беларускай публікі. І ня важна, ці гэта абвінавачаныя мытнікі, якіх выпусьцілі з турмы за згоду агаворваць іншых, ці судзьдзі-пракуроры, якія разгортваюць карціну злачынства, у якую самі ня вераць. Сымон трапна паказаў глыбіню гэтай сьвядомасьці, дакладней, яе блізкае дно.

У камэнтары да майго папярэдняга блогу Кнут напісаў: «Пакуль перапынак у паседжаньнях, ёсьць час падумаць, што такое ў нас “Суд” і што такое чалавек. Я ня згодны з думкай аўтара: “Сам пракурор ці судзьдзя можа быць чалавекам нармальным, сучасным, са здаровым уяўленьнем пра дабро і зло. Але – па-за прафэсіяй…” Мярзотнік ён заўсёды мярзотнік. Проста аўтару ня хочацца прызнаваць, што сярод нас многа мярзотнікаў».

Гэта праўда. Ніякага жаданьня жыць у такім асяродзьдзі і з такім усьведамленьнем – калі ў людзей блізкае дно. Як у мамы аднаго з магілёўскіх нацыкаў, якая кажа: «То же мне преступление нашли! Камень! Это что? Это памятник? Какой это памятник? Это камень! Позвали бы меня, я бы все отмыла...» Ці як у магілёўскай інспэктаркі ў справах непаўнагадовых, якая ні разу не сустрэлася з нацыкам, які да таго двойчы прыцягваўся да адказнасьці і плаціў штрафы за распаўсюд нацысцкай сымболікі. Ці як у вось гэтага ананімнага камэнтатара:

«Не будьте наивными, господа читатели, автору нужно много текста, он за это зарплату получает. Ещё автор собирается книжку выпустить, туда тоже нужен текст. По делу Юркойтя могу написать только одно, черного кобеля не отмыть до бела. Как бы вы не старались, не рассказывали про его белорускамоунасть и прочие причины, взятки брал как и все, будет сидеть заслужено».

Ня ведаю толькі, ці гэта вынік ТВ-прапаганды з Расеі, дзе адбываецца татальнае спрашчэньне масавай сьвядомасьці, ці «службовая пазыцыя», ці, ня дай бог, такім чалавека стварыла прырода. Мяне гэта палохае, бо пашыранае ў сталінскія часы «пасадзілі – значыць, было за што» – гэта і ёсьць блізкае дно. З гэтае ж сэрыі: калі нешта робіш – значыць, дзеля нажывы! Ці яшчэ вось такое. Бабка ў сквэрыку спынілася каля лаўкі, дзе сядзела цяжарная жанчына, глядзела на яе, глядзела, а тады як гаркне: Прастытутка!

Блізкае дно – гэта маторная рэакцыя, без сумневу і развагі, бяз сэнсу і літасьці. А возьмеш такога за мяккае месца – «Без паняцьця», «Ня ведаю», «Не магу сказаць»…

Я сапраўды ня веру, што вакол куды ні глянь – мярзотнікі. Можа таму, што сам бачу збольшага адэкватных, разумных, чулых людзей, здольных да спачуваньня. Таму мне блізкая выснова, якую робіць у сваім допісе Сымон Глазштэйн:

«Я напісаў спачатку, што бачыў сёньня нацыстаў… Ніякія яны не нацысты. Яны дурні, ачмураныя чужымі ідэямі, небясьпечныя дурні, бо носьбіты ідэй, якія здольныя забіваць. Безнадзейныя? Заўсёды хоць на трошкі хочацца верыць і спадзявацца на лепшае. Але ў канцы судовага дня мне не спадзявалася на лепшае.

Хлопцаў гэтых шкада. Асабіста я ня прагну іхнай крыві. Я прагну для іх поўнага сьвятла чалавечнасьці жыцьця. Але ні яны самі, ні іх блізкія не разумеюць, пра што ідзе гаворка. Яны самі павінны захацець. Самі павінны здолець выскачыць зь сябе… На судзе ня выскачаць».

На жаль.

А раптам?

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG