Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Начальнікі фальшывяць ва ўнісон


На працэсе ашмянскіх мытнікаў у менскім Партызанскім судзе нарэшце паказалі начальнікаў аддзелаў – тых, якія, нібыта, давалі інспэктарам грошы. Зьявілася на сцэне і адзіная ва ўсёй гэтай гісторыі жанчына.

Пачатак ТУТ

Што праўда, Лапшэвіча, Букеля і Марыну Адамаўну Мароз нам толькі паказалі. Яны не сядзяць у турме, бо цалкам прызналі сваю віну, прызналі злачынную групу, прызналі сумы 100 і болей тысяч даляраў. Але ўсё гэта не цяпер і ня тут. У Партызанскім судзе ўсе трое адмовіліся даваць паказаньні. Маўляў, у абласным, дзе іх судзяць, цяпер перапынак, узяты для перапрад’яўленьня абвінавачаньня. І пакуль яны не азнаёміліся з новымі фармулёўкамі, гаварыць ня будуць. Гэта значыць, адказваць на пытаньні таксама. (Ну і для чаго нам іх паказалі?)

У такіх выпадках суд чытае пратаколы ранейшых допытаў. І тут на нейкі момант узьнікла нявыкрутка. Скажам, спадарыня Мароз на першым допыце ўсё адмаўляла, кажуць, трымалася даўжэй за ўсіх. Але ўжо на другім усё прызнала. Каторай зь дзьвюх Мароз верыць? Можа быць трэцяй? Таму інтрыга хавалася ў яе паказаньнях у абласным судзе. Пра гэта загаварылі Часнойць і ягоная адвакатка.

Справа ў тым, што Мароз у «нашым» судзе чакалі ўсе адзінаццаць інспэктараў, бо ўсе працавалі пад яе кіраўніцтвам і ўсім яна, нібыта, давала грошы за хуткі пропуск фураў з кветкамі. Часнойць і папрасіў зачытаць яе адказы ў абласным судзе, хоць бы тыя, што тычацца асабіста яго. Тут нечакана зашумелі і іншыя адвакаты – трэба пра ўсіх чытаць. Інакш парушаецца права на абарону!

Ох, колькі ўсяго парушаецца ў гэтым працэсе – не пералічыць.

Судзьдзя: Адмовіць у сувязі зь немагчымасьцю.

Коратка і ясна. Выглядае, што суд мала цікавяць прыватныя доказы, важней узнавіць на сцэне ўсю грандыёзную карціну паводле сцэнару сьледчых КДБ.

Між іншым, назіраю, што падсудныя ў клетцы выглядаюць лепей за тых, што прызналі схему сьледчых КДБ і прыходзяць на працэс самі. Тыя, што з турмы, і здаравейшыя і лепш дагледжаныя. Былы Алесеў сукамэрнік, які прыходзіць на суд падтрымаць Юркойця кажа, што кормяць на Валадарцы нармалёва, бо гатуе такі самы зэк. Раніцай каша на малацэ, раз на тыдзень вараная рыба, ня ўсе яе ядуць (як дзеці), ну і кісель надта нясмачны, а ўсё астатняе добрае.

Што да паказаньняў на сьледзтве, дык яны ў Букеля, Лапшэвіча і Мароз напісаныя адной рукой. Нават ня ў тых самых падзеях і дэталях рэч, а ў лінгвістычных канструкцыях, якія і ў пратакольнай мове выкрываюць індывідуальнасьць. «Фамилию (дату, месца) я не помню, если вспомню, сообщу дополнительно». Тое, што і ў канцылярыце можна сказаць дзясяткамі спосабаў або не казаць увогуле, у гэтых падсудных паўтараецца толькі так. Відавочна, яны толькі падпісвалі, а фармуляваў сьледчы КДБ.

Таксама аднолькавая і схема. Начальнік прыходзіць на працу, у шафе знаходзіць грошы, якія пакінуў начальнік-зьменшчык, і сьпіс машын, за якія трэба заплаціць інспэктарам, што гэтыя машыны афармлялі.

Абсурд, вядома, захоўваць даляры на працоўным месцы, якое рэгулярна шарудзяць служба ўласнай бясьпекі і КДБ. Якое адчайнае жаданьне нарвацца! Ня кажучы ўжо, што даляры пры мытніку на працы забароненыя. Зрэшты, гэтая неасьцярожнасьць «хабарнікаў» зьдзіўляла з самага пачатку суду. Калі сабраць усе прызнальныя паказаньні разам, атрымаецца, што даляры на Каменным Лагу хадзілі, не раўнуючы ў нью-ёрскім публічным банку, прычым у самых відных месцах, пад камэрамі назіраньня.

Узяўшы са службовай шафы грошы і сьпісы, тая абагуленая Букель-Лапшэвіч-Мароз сядае за бухгалтэрыю – расьпісваць грошы на інспэктараў у адпаведнасьці з расцэнкамі, бо афармленьне машын з «дрэвамі», «гаршчкамі» і «зрэзам» каштуе па-рознаму. Тут мы ўпіраемся ў старое пытаньне: навошта начальнікі давалі інспэктарам грошы, калі за гэта нічога не патрабавалася – проста рабі сваю работу? Адказу няма. Затое ёсьць загаворваньне «гаршчкамі» і «зрэзам», каб пытаньне «навошта» за гэтым валам інфармацыі больш не ўзьнікала.

Між тым, адказ на гэтае пытаньне бачыцца толькі адзін – каб замазаць інспэктараў для выкарыстаньня ў сфабрыкаванай у КДБ справе. Іншай лёгікі тут няма. І вось тых, хто павёўся, замазалі. Хоць і гэта нічым не даказана – ці ўвогуле нехта тым інспэктарам нешта даваў. Проста выцягнулі зь некаторых прызнальныя паказаньні на сябе і іншых – для маштабнасьці «раскрытай» справы.

Праўда, ніхто з начальнікаў у тых даўніх пратаколах і ня кажа, што асабіста даваў грошы падначаленым. Марына Адамаўна кажа, што давала Лапейку, каб той раздаў Бабровічу, Швінту, Тадэвушу Высоцкаму, Часнойцю. Пасьля Часнойць заўважыць, што пад кіраўніцтвам Мароз ніколі не працаваў з Лапейкам. Але суд прапусьціць заўвагу міма вушэй.

Лапшэвіч (тэкст чытае пракурор): Грошы перадаваў Бабровічу, Кузьмічу, Назараву… «далее фамилии неразборчивы».

Усе трое начальнікаў паведамляюць, што былі ўцягнутыя ў «схему» галоўным начальнікам мытнага паста Палевічам.

Крыху розьняцца толькі зьвесткі пра тое, куды дзелі незаконна атрыманыя грошы.

Лапшэвіч і Букель і тут зрабілі аднолькава – закапалі ў сябе каля хаты. Праўда, з розным вынікам. Букель адразу паказаў усе схованкі сьледзтву. Адкапалі 160 тысяч даляраў. А Лапшэвіч… Гэты складваў грошы ў шкляны слоік, які закапваў у сябе на ўчастку. Аднойчы слоік лопнуў, купюры зьліпліся. Лапшэвіч пытаўся ў знаёмага ў Літве, ці прымуць такія ў банку? Той кажа, каб парэзаныя ці залітыя фарбай, дык прынялі б, а гнілыя не. Са злосьці Лапшэвіч спаліў усю тую незаконную суму.

Мароз хоць накупляла сабе ўсяго, нагулялася па Італіях-Францыях. А тут – проста клясыка беларускага анэкдоту: А што, можна было?

Ці вы ў гэта верыце? Асабіста я – не.

А Швінта (той, які ў клетцы) ня толькі ня верыць, але і выкрывае «сьвістапляску» лічбаў:

– Высокі суд, дазвольце зьвярнуць вашу ўвагу на наступнае. У пратаколе допыту Букель указвае, што ў 2011 годзе за аформленыя мною 10 машын з кветкамі перадаў 730 даляраў. У 2012 за аформленыя мною 10 машын з кветкамі перадаў 660 даляраў. А ў наступным пратаколе, падводзячы вынік, кажа, што ўсяго перадаў Швінту ня менш за 500 даляраў за аформленыя ім 11 транспартных сродкаў…

Начальнікі прыйшлі і пайшлі, скарыстаўшыся правам не гаварыць. Засталося вялікае мноства пытаньняў да іх. Але мы іх больш не пабачым. Відавочна і адказваць на гэтыя пытаньні суд не зьбіраецца.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG