Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Мякка кажучы, краязнаўца


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Мытніка Алеся Юркойця за ягоны даробак па-за мытняй называюць краязнаўцам. Гэта праўда, але далёка ня поўная.

Пачатак ТУТ

Нехта паіранізаваў з абмежаванасьці гэтага азначэньня: «Алесь Юркойць, краязнаўца (мякка кажучы), законапаслушны гражданiн i проста харошы чалавек».

Беларусь – краіна краязнаўцаў, у кожным паселішчы знойдзецца такі апантаны дасьледнік сваіх мясьцінаў, шмат сярод іх вядомых на ўсю краіну і за мяжой. Але звычайна панятак краязнаўства ўспрымаецца як нешта, што далей за гэтую канкрэтную мясцовасьць ня надта і цікавае. Апроч таго, краязнавец часта гучыць як аматар.

Больш дакладнае азначэньне Юркойця – чалавек Адраджэньня, адраджэнец, але сёньня такая дэфініцыя ня мае юрыдычнае сілы, каб нешта магла значыць у судзе.

Захоплены сваёй Астравеччынай і беларушчынай, Алесь усё, за што браўся, рабіў прафэсійна. Вывучаў маляваныя дываны, шмат фатаграфаваў, ладзіў выставы сваіх здымкаў, у мастацкіх пленэрах, якія ён агранізоўваў, бралі ўдзел вядомыя мастакі, а ў паэтычных слэмах – вядомыя паэты, для зборніка «Беларусь – Японія» напісаў працу «Беларускія і агульначалавечыя рэаліі ў жыцьці і творчасьці ўраджэнца Астравеччыны Мар'яна Богуша-Шышкі», уваходзіў у склад аргкамітэту міжнароднай экспэдыцыі «Шляхам графа Канстанціна Тышкевіча праз 150 гадоў», даставаў зь нябыту славутых у свае часы беларускіх дзеячоў-асьветнікаў, ставіў ім памятныя камяні, вешаў на будынках памятныя шыльды, адкрываў музэі. Апошняя з такіх – шыльда Казімеру Сваяку ў самым сэрцы Вільні, якую ініцыяваў Юркойць…

Аднойчы пасьля лазьні ў Алеся, якая заўсёды ператваралася ў інтэлектуальны клюб, мы выйшлі на ягоны падворак, ён павёў мяне за адрыну і, паказаўшы на далёкія ўзгоркі, са скрухаю сказаў – вось там будуць стаяць вежы Астравецкай АЭС. Адлегласьць якіх пару кілямэтраў. І дадаў: а ў мяне маленькія дзеці.

Сёньня вежы ўжо стаяць, і мы ўжо ведаем іхную правільную назву – градзірня. А тады, гэта было сем гадоў таму, Алесь надрукаваў на сайце naviny.by артыкул «Шэсьць аргумэнтаў супраць будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне»:

«Адразу скажу, што я ня супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Але перакананы, што ў нас на Астравеччыне такая станцыя прынясе толькі страты ў маштабах усёй краіны».

Калі каротка, дык гаворка ідзе пра бясьпеку («Менавіта на Астравеччыне зафіксаваны прэцэдэнт самага моцнага беларускага землятрусу».), разбурэньне прыроды, недаступнасьць краю для турыстаў.

Пералік заняткаў Юркойця можна доўжыць. Многае падзейнае проста ня трапіла ў сеціва.

Асабіста для мяне важнай справай была пераправа празь мяжу каменя, які на магілу Васіля Быкава падарыла мэрыя Хельсынкі і які «ехаў» у Менск празь Літву. Алесь дапамог пераправіць валун ня толькі празь беларускую, але і празь літоўскую мяжу, калі тамтэйшая мытніца наадрэз адмовілася прапускаць груз. «Хто для яе Быкаў!» – журботна ўздыхнула тады Тацяна Поклад.

Гэтую фразу з тым самым настроем паўтараю я сам сабе сёньня. АЭС будуецца, Алесь у турме. І ніякіх шанцаў, што яго асьветніцкая дзейнасьць паўплывае на рашэньне суду. Бо хто для іх Юркойць! Мякка кажучы, краязнаўца.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG