Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Прынцып «разьбітага вакна»


У інтэрвію Радыё Свабода Павал Якубовіч, афіцыйны чалавек, прадстаўнік улады, сказаў: «Цяпер трэба гаварыць пра тое, што нельга дапусьціць сталінізму…». Думаю, 99 адсоткаў беларусаў на гэта са зьдзіўленьнем ускінуць бровы: а што, ёсьць небясьпека?

Пачатак ТУТ

Сталінізм – гэта для многіх як глябальнае пацяпленьне ці чарнобыльская радыяцыя, якая «не кусаецца». У Якубовіча гэта (з кантэксту размовы) масавыя рэпрэсіі, а таксама «уся гэтая параноя, пустата і барабанны бой», які сканчаўся канцлягерам.

У менскім Доме правасудзьдзя на працэсе ашмянскіх мытнікаў мне думаецца, што тэрмін «сталінізм» можна акрэсьліць і зусім гранічна. Гэта прысуд, заснаваны на паказаньнях (даносах) і памножаны на масавасьць. І неяк тут, у Доме правасудзьдзя гэта выглядае адпаведным сытуацыі і агульнаму настрою. Прыблізнае зь лёгкасьцю пераліваецца ў канкрэтыку турэмных гадоў, разрозьненае без праблем зьбіраецца ў злачынныя групы, хлусьня разглядаецца як праўда, абы яе нехта падпісаў.

«Сталінізму» патрэбны пэўны антураж – як д’яблу дэталі. Нават не адразу разьбярэсься, што з чаго бярэцца: «сталінізм» з антуражу ці наадварот.

Казусы гэтага судаводзтва трапляюць на вока ўжо ў ліфце, які вязе зь першага на чацьверты паверх, а паказвае, што з другога на пяты. Далібог, не зьвярнуў бы на гэта ўвагі, калі б пабачыў няспраўнасьць аднойчы, а не назіраў яе кожнага разу, пачынаючы зь мінулага лістапада. Судзьдзі, пракуроры, адвакаты штодня едуць у гэтым ліфце па некалькі разоў, увабіраючы ў сябе гэтую амаль незаўважную, а ўжо і звыклую няпраўду.

Дробязь, нібыта, але прымусіла ўзгадаць, чамусьці, праскія вулічныя гадзіньнікі, якіх там процьма і якія заўсёды паказваюць дакладны час. Ну хоць бы адзін калі зламаўся, – думаў я пра сябе, а яны ніколі «не ламаліся».

Але галоўнае, узгадаўся прынцып «разьбітага вакна». Гэта калі людзі штодня ходзяць міма пабітай шыбіны, прывыкаюць, што гэта недагледжанае, нікому не патрэбнае месца. Неўзабаве пад акном зьяўляюцца недапалкі і пустыя бутэлькі, іншае сьмецьце, а яшчэ празь нейкі час тут становіцца небясьпечна хадзіць уначы. Чыста псыхалягічны прынцып прывыканьня да няспраўнасьці і непарадку, які хутка распаўсюджваецца на ўсё і ўся, і «разруха ў клязэтах» становіцца «разрухай у галовах» ці наадварот.

Прыгадалася гісторыя з электрычкамі мэтро ў Нью-Ёрку, якія вярталіся ў дэпо, няшчадна размаляваныя графіці. Тагачасны мэр горада Джуліяні загадаў электрычкі мыць. Выйшлі на лінію чысьценькія, а вярнуліся зноў размазюканыя. Мыць! Усё паўтарылася. Мыць! Праз тыдзень заўважылі, што графіці стала меней. Праз два тыдні вярнуліся чыстыя. Гэта да таго, як перамагчы разруху. І ясна, што ня сам бардак першым чынам хваляваў Джуліяні, а якраз тое, як ён дэмаралізуе чалавека.

Дэмакратыя – гэта работа, а сталінізм – самацёк.

Дарэчы, пра клязэты. У прыбіральнях Дому правасудзьдзя няма сядушак на ўнітазах і не заведзеная папера. Судовай мовай, усё гэта «не прадугледжана». Судзьдзі і пракуроры ходзяць у свае клязэты з ключом. У народзе гэта называецца жлобствам.

Аб'ява ў прыбіральні Дому правасудзьдзя ў Менску
Аб'ява ў прыбіральні Дому правасудзьдзя ў Менску

Заля, у якой адбываецца Юркойцеў суд і дзе ўзімку пацекла столь, так і стаіць зачыненая, працэс перанесьлі ў іншую залю. Зноў прынцып прывыканьня да першых прыкметаў «разрухі».

Водазабор у залі суду
Водазабор у залі суду

Спачатку такія прыкметы бянтэжылі. Усё ж мы сюды прыходзім хоць бы з надзеяй на справядлівасьць, а сустракаем «разруху» – спачатку ў ліфце, у залі, у клязэце, а пасьля і ў самім судовым разьбіральніцтве. Крыху кагнітыўнага дысанансу, і вось табе без усялякіх намёкаў кажуць пра «сталінізм». І ты згадваеш, што ўсё абвінавачаньне грунтуецца на выбітых у КДБ прызнальных паказаньнях, якія стопрацэнтова выглядаюць на данос і агавор.

P.S. Вярнуўся дахаты, адкрыў Фэйсбук, чытаю ў Севы Сьцебуракі: «У чарговым лісьце Алеся Яўдахі цэнзар нешта замазаў. Думаю, дай расчытаю. Выявілася, што пад час дажджу апартамэнты СІЗА па поўнай праграме залівае вадой, і насельнікі бегаюць з тазікамі... Чым дах парамантаваць, яны сарамяжліва, як школьнікі-малалеткі літаркі закалякалі».

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG