Пра гэта паведамляе Euronews.
Паводле ацэнкі Эўрапейскага абароннага агенцтва (EDA), у 2025 годзе гэтыя выдаткі складуць 392 млрд эўра. У 2020 годзе яны складалі 198 млрд эўра, што ў намінальным выражэньні азначае рост на 98%. З улікам інфляцыі павышэньне роўнае 63%.
Многія экспэрты ў бясьпецы зьвязваюць гэты рост з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну, а таксама з аслабленьнем падтрымкі Злучанымі Штатамі эўрапейскай бясьпекі. Паколькі зараз распрацоўваецца плян міру паміж Расеяй і Ўкраінай, экспэрты асьцерагаюцца, што пагадненьне на ўмовах, выгадных Маскве, можа пагражаць доўгатэрміновай стабільнасьці, калі з яго будуць выключаныя гарантыі бясьпекі. Для суседзяў Украіны рызыка будучага расейскага ўварваньня робіцца ўсё больш рэальнай.
Па дадзеных EDA, краіны ЭЗ у 2024 годзе выдаткавалі на абарону 343,2 млрд эўра. Зь вялікім адрывам лідзіруе Германія: 90,6 эўра, на другім месцы Францыя: 59,6 млрд эўра.
Разам гэтыя дзьве краіны забясьпечваюць 43,8% усіх абаронных выдаткаў ЭЗ. Італія займае трэцяе месца з 32,7 млрд. эўра, амаль ушчыльную за ёй Польшча з 31,9 млрд. эўра. Гішпанія на пятай пазыцыі, але яе абаронныя выдаткі застаюцца адносна нізкімі сярод найбуйнейшых эканомік Эўропы і складаюць 22,7 млрд эўра. Раней сёлета прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў выключыць Гішпанію з NATO за супраціў абавязацельству павялічыць вайсковыя выдаткі да 5% ВУП.
Сукупныя выдаткі першай пяцёркі склалі 237,5 эўра, што роўна 69,2% агульнага аб’ёму па ЭЗ.
Форум