Суд дапытвае хабарнікаў. Адстраляўся Лапейка (мне прыходзіць у галаву, што па-польску хабар лапувка, а па-беларуску варыянты — лапанка, даць на лапу, лапейка таксама нядрэнна), цяпер — Страпко і Бабровіч.
Усе трое блытаюцца ў паказаньнях, паказваюць адзін на аднаго, на іншых, адклікаюць свае паказаньні, ісьціна за гэтыя дні й ня думала прабіцца ў смузе. Тэатр па-ранейшаму застаецца спэктаклем, нішто на сцэне не прымушае паверыць у рэальнасьць.
Страпко — высокі дзядзька з шаляпінскім голасам. Ну вось дзіўна мне гучыць ягонае абвінавачаньне: «Вы абвінавачваецеся ў атрыманьні хабару ў асабліва буйных памерах групай асобаў»… Брэжнеў казаў у такім стылі: «Мы тут падумалі і я рашыў».
А яшчэ дзіўна, што за паўтара года пракуроры й сьледчыя не пазнаёміліся са спэцыфікай працы на мытні і цяпер пры кожным допыце разьбіраюцца, чым профіль рызыкі адрозьніваецца ад індыкатара рызыкі. А ў тых рызыках і хаваецца той «бесьперашкодны» пропуск машын, што нібыта і складае завязку ўсёй гэтай гісторыі.
Мытнік ня мог ня выканаць загад свайго начальніка. Дапусьцім, начальнік даваў мытніку грошы за пропуск нейкіх машын, той мог успрыняць гэта як хай сабе не зусім празрыстую, але падзяку за добрую працу, як заўважыў раней уніклівы сацыёляг Кацук, каб мытнікі не зьвярэлі.
Інспэктар, між іншым, проста ня мае права не згадзіцца з рашэньнем начальніка.
— А чаму не далажылі ў аддзел уласнай бясьпекі? — пытаецца пракурор.
— Баяўся.
І начальніка мог баяцца. Ну даносу ўласнага — яшчэ больш, мабыць, баяўся.
Страпко на сьледзтве паказаў, якія начальнікі яму давалі грошы, а на судзе адмаўляецца ад паловы — ён у іх нават не працаваў. Ясна, што чалавек выкручваецца, задачы ўсталяваць праўду ў яго няма абсалютна, а гэта значыць, раблю я выснову, можа быць і агавор учорашніх калег.
Дзе ўвогуле тая мяжа паміж імкненьнем адных засудзіць, другіх — вылузацца і — усталяваньнем ісьціны?
Трэба бачыць, як мытнікі, што прызналі атрыманьне грошай, распавядаюць пра матывы. Раптам праскокваюць ноткі нейкага дзіцячага зьдзіўленьня. Глядзіце, машыны з кветкамі ідуць без парушэньняў і затрымак, мытнік робіць сваю работу і нічога апроч сваіх абавязкаў. І тут начальства дае яму даляры. За што? Пракурор: — Адкуль вы гэта ведаеце? — З абвінаваўчага заключэньня. — А з уласнага досьведу? — Затрудняюсь атвеціць.
Працэс усю дарогу ўпіраецца ў «бесьперашкодны» пропуск. Здаецца, ужо ўсе разумеюць недарэчнасьць слова. Але кожны дапытваны зноў і зноў тлумачыць суду: Я не магу ўказаць памежніку, каб хутчэй адкрываў шлагбаўм, пашпартысту — каб хутчэй штампаваў, фітасанітару — каб хутчэй праводзіў свой кантроль. А яны ж усе — перада мной.
Яшчэ фармулёўка — хабар нібыта даваўся службовай асобе за нейкія дзеяньні — апроч выкананьня службовых абавязкаў. Але мытнікі не рабілі і не маглі рабіць ніякіх такіх дзеяньняў. Страпко кажа: я ня знаю. Ізноў вяртаюцца — за бесьперашкодны. У клетцы нехта сьмяецца і атрымлівае заўвагу судзьдзі.
І тут да мяне даходзіць, што сама мяжа для пракурора, для сьледчых, для судзьдзі — цёмны лес. Гэта для мяне, які бачыў першыя будкі зь літоўскага і беларускага боку, голых да пояса пагранцоў, якія адзначалі сваё прафэсійнае сьвята, спынялі машыны і прапаноўвалі зь імі выпіць, а пасьля — гадзіны стаяньня на мяжы, і бачыш, як вырастаюць гэтыя гмахі, мытні, трасца і халера. А ім… Ім, відаць, і выезд за мяжу забаронены.
За тое, каб не прыдзіраліся больш «положенных норм» да перавозчыка кветкавай прадукцыі — спрабуе Бабровіч нечым больш адэкватным замяніць «бесьперашкодны» ці «паскораны» праезд. Ну хіба назавеш так злачыннае дзеяньне ў пратаколе — каб не прыдзіраліся…
Пра тое, што плацяць за кветкі, Бабровіч здагадваўся з абрыўкаў фраз калег-інспэктараў. Напрыклад? — пытаецца пракурор. — Ну, скажа нехта «Кветачкі паехалі…» Пракурору няўцям, яўна паэзіі не шануе, а мне — адразу цэлая карціна і вобраз і гэтая здагадка — усё намалявалася. Бабровіч, відаць, паэзію шануе. Прынамсі, можа абстрактна мысьліць. Нездарма працаваў разам зь Юркойцем.
Бабровіч шчыра ня ўпэўнены, што «грашовыя сродкі», якія атрымаў ад начальніка, — гэта хабар. Па-першае, ад начальніка, а не ад падкантрольнай асобы. Па-другое, ніхто не сказаў, за што, ніхто нічога не прасіў рабіць, і службовыя абавязкі пасьля тых грошай ні на каліва не зьмяніліся. Начальнік проста даў і сказаў: «Твае». Дзіўны хабар, калі гэта хабар.
А ў мяне стрэмкай сядзіць пытаньне: нашто начальнік даваў падначаленым грошы? Цікава, ці паспрабуе суд на яго адказаць?
Адзінае, у чым Бабровіч бачыць грубае парушэньне, — што прымаў грошы на тэрыторыі мытні ды яшчэ і ў баксах, а гэта забаронена. Ну і рызыкоўна. Бо мог прыйсьці зь ператрусам аддзел унутранай бясьпекі, а яшчэ мытнікаў час ад часу шманалі пасьля зьмены.
Цікава, а каму сёньня плацяць фірмачы, якія празь Літву гоняць фуры з «кветкавай прадукцыяй» з Эўразьвязу ў Расею? Бізнэс маштабны, можа быць, салідны нават, і калі ёсьць такі артыкул расходаў, як аплата мытні, мусяць жа камусьці плаціць.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.