Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Разышліся ў поглядах на алькаголь і прэзыдэнта


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Міліцыянты, якія ахоўваюць Алеся з калегамі ў клетцы — ніяк не супэрмэны, хутчэй наадварот, нягеглыя, карыкатурныя. Між іх — малюпасенькія мілавідныя дзяўчынкі ў форме з аграмаднымі дубінамі. Ад іхнага выгляду мяне ахоплівае фэмінізм. Жаночы род ад вертухая — вертухайка? — пытаюся ва Ўладзі Арлова. «Калі не сказаць горш», — адказвае пісьменьнік.

Суд працягвае дапытваць абвінавачанага Часнойця.

— Вы сказалі, што грошы вам перадавалі за максымальна хуткае афармленне транспартных сродкаў з кветкавай прадукцыяй. Гэта запісана ў пратаколе з вашых словаў?

— Так, з маіх. Але я гэтага не гаварыў.

Трэба сказаць, што маўклівая прысутнасьць сьледчага КГБ, які вёў і фармаваў гэтую справу, таемна і яўна праяўляецца ў паказаньнях усіх падсудных.

— А адкуль вы ведаеце, што грошы за гэта? — У канцы сьледзтва ўжо ўсе ведалі. — Хто ўсе? — Ну, сьледчы. — А да затрыманьня вы гэта ведалі? — Не.

Зрэшты, што тут дзіўнага, калі ўсе адпушчаныя з турмы мытнікі далі падпіску супрацоўнічаць са сьледзтвам і супрацоўнічаюць аж да сьлепаты. Пацьвярджаюць словы, якіх не казалі, і тое, з чаго самі сьмяюцца ў курылцы – з таго, наколькі не разабралася сьледства ў спэцыфіцы працы мытнікаў.

Пачынаецца допыт Казьмерчука — першага з клеткі. Прызнае незаконнае атрыманьне 10 тысяч даляраў. Чаму ж яго не адпусьцілі? Ці то не вазьмясьціў у поўным аб'ёме – нашкроб толькі 1800. Ці то не паверыў яму сьледчы, што ён усё расказаў (так лічыць сам).

Маленькі, худзенькі, замучаны. Такіх называюць «шчаўлік», з 12 гадоў ня рос. А працаваў на мытні з 2009 году.

Яму нібыта даваў грошы начальнік Карповіч, той, што быў начальнікам і ў Юркойця і, са словаў Чэпіна, перадаваў нібыта і яму.

Казьмярчук: Я спытаў: за што? — За работу.

Пракурор збіваецца з канцылярыту: «Вы эти денюжки положили в карман».

Грошы Казьмерчуку начальнік даваў нібыта на тэрыторыі мытні, проста на працоўным месцы, дзе трымаць валюту строга забаронена. Але што прасьцей уявіць сябе на месцы мытніка. Вось начальнік дае вам на вашым працоўным месцы пачак баксаў. Без тлумачэньняў. Што гэта? – думаеце вы і самі сабе адказваеце. Ясна, што ня хабар, бо ад начальніка і невядома за што. «За работу». Ха-ха-ха. Другое – правакацыя. Але навошта? Трэцяе, блізкае да другога, што стопрацэнтова прыходзіць у галаву – праверка на вашывасьць.

На мытні ідзе вайна з карупцыяй, а мытнікі, як згаварыўшыся, прымаюць ад начальства «у асабліва буйным памеры»...

Пасьля затрыманьня ў КДБ Казьмярчук адмаўляў гэтыя факты. Пазьней напісаў яўку з павіннай. Але на свабоду ня выйшаў. Крыўдна. Сядзіць цяпер у турме і ў клетцы. Астатнім чатыром хоць ёсьць сатысфакцыя – не прызналі нічога.

Вось Швінта – высокі ладны дзяцюк. Вельмі добра падрыхтаваны. Гэта вам не ранейшыя – «ня помню», «не магу знаць», «затрудняюсь»... Гэты ўсё помніць.

Ягоны начальнік Букель прыдзіраўся да яго. Як аднойчы – чаго без фуражкі? — У памяшканьні маю права знаходзіцца без галаўнога ўбору. — Не з таго пачынаеш, супрацоўнік.

Швінта будзе біцца за кожнае слова – гэта бачна. Прынцыповы. Ведае і дакладна цытуе дакумэнты, робіць суду чарговы лікбез што да працы мытнікаў. Напрыклад, мы ўпершыню пачулі, што мытнікі ўвогуле не ажыцьцяўляюць «пропуск» машын, гэтым займаюцца памежныя войскі. Мытнікі ажыццяўляюць афармленне і кантроль грузаў.

Але ж «бесьперашкодны пропуск» – ключавое злачыннае дзеяньне, якое інкрымінуецца ўсёй гэтай «арганізаванай злачыннай групе».

Наступны – Тадэвуш Тадэвушавіч Высоцкі. У 2010-м меў вельмі цяжкі інфаркт, цэлы год яго рэзалі, шылі, апэрацыі, рэабілітацыі. У сэрцы стаіць жалязяка. Таксама не прызнаў нічога.

«Мы ўсе розныя людзі. Вось чаму я ня мог прызнаць групу. Жывем у трох гарадах. Нас тут 11, а я шасьцярых ніколі на вочы ня бачыў».

«Я двойчы ўзнагароджваўся Дзяржаўным мытным камітэтам, адзін раз – за афармленьне кветкавай прадукцыі, затрымаў машыну з канфіскатам больш чым на мільярд рублёў».

Мытнікі, якія за кратамі, яшчэ ня бачылі нашай дэнамінацыі, мысьляць мільёнамі і мільярдамі.

А вось і крыху нечаканы паварот з вуснаў Тадэвуша Высоцкага: «Асноўная прычына затрымкі кветак – санкцыі супраць эўрапейскіх прадуктаў, усяго «скарапорту», у тым ліку і кветак». Адчуваю, што суд вялікай палітыкі разглядаць ня будзе. Але менавіта тут праплыла рыба магчымага вялікага крыміналу. Вільганула ватэрлініяй і зьнікла.

Курневіч, намесьнік Карповіча. Усё адмаўляе. Салідны дзядзька, так добра ўсьміхаецца жонцы, якая ходзіць на ўсе пасяджэньні. Гэта я здагадваюся, што жонка. Курневіч кажа пра Юркойця: вопытны інспэктар, але гаварыў толькі па-беларуску. Трошкі рэзала слых. Чалавек своеасаблівы.

Бачу, што Курневіч ставіцца да Алеся з павагай. І кажа важную для нашага спэктаклю рэч. Вельмі часта прыяжджала служба ўласнае бясьпекі, правяралі інспэктараў, наяўнасьць грашовых сродкаў. Заўсёды нечакана прыяжджала. Ні разу нічога знойдзена не было.

Дык можа і яны «ў долі»?

Нарэшце апошні, Алесь. Не разумее, што ён тут робіць. Доказаў на яго ніякіх так і не знайшлося.

– Ці мянялася ў вас пэрсанальная пячатка. – Так, першая ў 1995 годзе была яшчэ з «Пагоняй». – Якія адносіны з калегамі? – Службовыя. – Ці былі канфлікты? – Толькі з Чэпіным. Аднойчы пасьля зьмены ён быў моцна п'яны і прасіў мяне сесьці за стырно ягонай машыны. Я адмовіў у рэзкай форме. – Вы адчувалі няпрыязь да Чэпіна? – Так. – У чым яна праяўлялася? – Я пазьбягаў яго. Некалькі разоў ён клікаў разам пайсьці ў сталоўку, я адмаўляўся. Мне заставалася дапрацаваць паўгода да 20 гадоў і я зьбіраўся сысьці з мытні.

Паказаньні Чэпіна – гэта пакуль адзінае, што «ёсьць» на Алеся.

– Ці помніце арганізацыі-перавозчыкі кветкавай прадукцыі? – У мяне памяць лепшая на гістарычныя даты.

Вас калі-небудзь КДБ выклікала? — пытаньне адваката. — Пастаянна. Сарвалі мне касінерскі фэст. Я абыйшоў усе ўлады – згода. Арганізаваў усіх артыстаў. І тут прыходжу ў райвыканкам, а ўсе вочы патупіўшы. КДБ закрыла. Колькі разоў такое было. Напісаў артыкул супраць АЭС. Выклік. Паставіў помнік паўстанцам Каліноўскага. Выклік.

«Што ты тут робіш, Алесь?..» – згадваю я малітву мастака Пушкіна.

– Дадаць што-небудзь хочаце? – пытаецца судзьдзя.

Юркойць расказвае, як катавалі ў ізалятары КДБ, як зьбівалі. «Я прасіў проста людзкія ўмовы. Не давалі спаць. Цэлую ноч калоцяць дубінамі ў дзьверы, ня гасяць сьвятло...»

Гэта амэрыканка.

Рэзюмэ Юркойця:

– Нас абвінавачваюць у тым, што мы добрасумленна выконвалі свае абавязкі. Прынамсі пра сябе так скажу.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG