Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Занелюбіў яго раённы кадэбіст


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

У Менску пачаліся судовыя працэсы над работнікамі Ашмянскай мытні. Сярод падсудных — вядомы культурны дзяяч з Астравеччыны, стваральнік таварыства «Вільняр», беларускамоўны мытнік Алесь Юркойць.

Усіх мытнікаў — «арганізаваную злачынную групу» — падзялілі па чатырох менскіх судах. Майго сябра Юркойця судзяць у Партызанскім. Усяго тут 11 падсудных, 5 у клетцы, 6 пад падпіскай, бо прызналі віну і супрацоўнічаюць са сьледзтвам. Алесь віны не прызнаў. Падсудным інкрымінуюць хабар і пагражае ажно 10 гадоў турмы. Публіка збольшага — Алесевы сваякі і сябры. Усяго з паўсотні чалавек. Вось скульптар Гэнік Лойка, фотамастак Дзяніс Раманюк, вось «мовананова» Глеб Лабадзенка, вось паэт і шоўмэн Усевалад Сьцебурака з братам Анатолем, кнігар Алесь Яўдаха… Мы ня бачылі Алеся 20 месяцаў. Але мабыць важней, што ён упершыню за гэты час пабачыў нас. «Рукаемся» вачыма. Нехта крычыць «Алесь, трымайся!»

Пракурор чытае эпізоды сабе пад нос. Амаль не чуваць. А я думаю сваё: калі ўся ашмянская мытня аказалася арганізаванай злачыннай групай і ўсе 58 мытнікаў бралі хабар за пропуск машын гэтак адладжана, оптам, тарыфікавана — значыць, гэта сыстэма. Значыць, так працуе ўся беларуская мытня. І справа тут не ў тваім сумленьні, калі ты прыйшоў працаваць на мытню, а ў тым, што ты апрыёры прыйшоў працаваць у арганізаваную злачынную групу. Інакш не магло б быць так, што ўся мытня — да аднаго чалавека — ішла на крымінальнае злычынства. Можа нехта і дапускае, што ў нас настолькі сапсаваны народ (а мытнікі — па вызначэньні людзі адборныя, самі юрысты, давалі прысягу). Я такога не дапускаю. Таму для мяне гэты працэс — загадка.

Cева Сьцебурака мяркуе, што такім чынам ажыцьцяўляецца зьмена мытных эліт, кланаў ці як там у іх называюцца ўнутраныя групоўкі.

Пракурор бубніць сказ за сказам — даты, назвы фірмаў, хто каму колькі… «За бесьперашкоднае перамяшчэньне тавараў». Сотні, тысячы эпізодаў. Гаворка ідзе пра фуры, якія на пракурорскай мове называюцца «транспартнымі сродкамі». Уражвае мерцьвячына гэтай мовы — юрыдычнага канцылярыту. Уражвае дакладнасьць фіксацыі эпізода — 13 верасьня якога-небудзь 2013 году за «бесьперашкоднае перамяшчэньне транспартнага сродку» фірмы N мытнік Х узяў 210 даляраў. Дзяніс Раманюк кажа, што ня памятае, куды ўчора грошы патраціў, а тут — за пяць гадоў. Нехта ж гэта ўсё фіксаваў. І як такое магла дапусьціць арганізаваная злачынная група? Дрэнна шыфраваліся? Ня веру. Людзі, у якіх прафэсія — выкрываць — ужо ж ведаюць, як шыфравацца. Быў стукач? Насіў кожны дзень зьвесткі ў КДБ? На працягу пяці гадоў? І яны яго не разьнюхалі? Таксама ня надта верыцца. А можа гэта ўсё прыдумалі? Без раскрыцьця мэханізму — як паверыць? Вось у тое, што мэханізм не раскрыюць — веру.

Судзьдзя і пракурор нейкія неасаністыя, мямляць невыразна і безэмацыйна, ніякія. Ім ня верыш і не няверыш. Па ідэі, суд, высокі суд мусіць вяршыць сваё дзейства гранічна зразумела і пераканаўча. Суд — пасярэднік паміж жыцьцём і крымінальным кодэксам. Вяршыня дзейства — трыюмф справядлівасьці.

Але што ёсьць справядлівасьць у справе мытнікаў? Прыстойныя з выгляду мужчыны, акуратныя, усе з вышэйшай адукацыяй, усе сямейныя, адэкватныя. Што яны робяць у клетцы, у аўтазаку, у турме? Чаму іх, пяцярых, ахоўваюць 10 міліцыянтаў і яшчэ невядома колькі людзей у цывільным з навушнікам у вуху? Гэтыя ўсе дачыняюцца міжсобку з мацярком, замест адэкватнасьці — адстароненасьць і гатовасьць атакаваць. Калі мае вочы сустракаюцца з вачыма міліцыянта, ягоныя адразу закрываюцца плеўкай, як у курачкі.

Ці справядліва выглядае само гэта судовае дзейства? Для мяне — не. І ці змагу я прыняць прысуд гэтага суду як трыюмф справядлівасьці? Пакуль ня маю адказу.

Калі хабарніцтва на беларускай мытні і сапраўды сыстэма, дык значыць, трэба мяняць сыстэму, а ня ладзіць пэрыядычна масавыя працэсы над мытнікамі. Усе ведаюць, якія ў нас чэргі на мяжы, асабліва фураў — па некалькі соцень. Чаму б за бесьперашкодны праезд зь фірмаў ня брала грошы дзяржава? Чырвоны пропуск — поўны прыярытэт, адпаведна, самы дарагі. Наступны — жоўты, таньнейшы, за ім — белы. І ў бюджэт патрапілі б непараўнальна большыя грошы. А мытнікам з тых грошай — падвысіць заробак. Калі бесьперашкодны праезд празь мяжу — тавар, дык хто яго павінен прадаваць?..

У кулюарах часта згадваюць КДБ і нейкае «спрадвечнае супрацьстаяньне кадэбістаў і мытнікаў». Што мы можам пра гэта ведаць?

Сева Сьцебурака ўпэўнены, што без культурнай дзейнасьці Юркойця тут не абышлося. Занелюбіў яго раённы кадэбіст. Усе гэтыя помнікі і памятныя шыльды, беларуская мова, маштабныя скульптурныя пленэры і бясконцыя госьці, прэзэнтацыі, лекцыі па школах — усё, што ладзіў Алесь, кадэбісту — як цьвікі ў сядле. Цягаў і цягаў ён Алеся на «прафіляктычныя гутаркі», пасьля арыштаваў і асабіста завёз у Менск, чаго мог і не рабіць. Вёз і ўсю дарогу прыгаворваў — папаўся, маўляў, дагуляўся. Уяўляю сабе гэты проста быкаўскі сюжэт. Пасьля гэтага, кажа Сева, кадэбіст на падвышэньне пайшоў, у вобласьць.

Пракурор працягвае бубніць эпізоды. Пагаворваюць, што суд можа расьцягнуцца на год.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG