Пачатак ТУТ
Здарылася нешта экстраардынарнае, на чым усе мы па інэрцыі прымусілі сябе «не зацыклівацца». Ну, б’юць у КДБ, ламаюць сьпіны тым, хто ня можа прыняць на сябе грэх агавору. Страшна, але… На гэтым ня робіш акцэнту, быццам мімалётнасьць падзеяў засьцеражэ ад таго, каб гэта стала нормай, як было ў 1930-я, а так і засталося адзінкавымі выпадкамі.
Вось ты гуляеш па прыгажуні-сталіцы, а заўтра недзе на Акрэсьціна табе прыпісваюць мат ці суткі ці штраф, ставяць на расьцяжку. Ты верыш, што гэта «предел». А што яшчэ можна зрабіць чалавеку, каб выбіць зь яго паказаньні? Аказваецца, можна. Можна зрабіць балючай за зламаную сьпіну і нават за сьмерць.
Начальніка мытнага аддзела Карповіча затрымалі ў Менску. Кадэбісты арыштавалі яго разам з жонкай і дзецьмі дзевяці і шасьці гадоў. Карповіч увогуле не чакаў арышту. Не было за што. Служба і служба. А калі машына з арыштаванымі заяжджала на тэрыторыю КДБ, ён увогуле згубіў нітку лёгікі. Так не бывае.
У пакоі сьледчага Карповіч быў у поўнай разгубленасьці. «Вы затрыманыя…» Мы ўсе?
Вось дзе яму раптам адкрылася бездань гэтага інквізытарскага катла. І побач настойліва пульсуе думка: Ня можа быць, у наш час, такія ж службоўцы, як і ты, прыгажуня-сталіца…
Ад жонкі і дзяцей Карповіча павялі ў камэру ўнутранай турмы-амэрыканкі. А што зь імі? Наступныя чацьвёра сутак у яго ў галаве будзе толькі адна думка, адно пытаньне і страшныя відзежы гвалту й пакутаў жонкі і дзяцей, якія ён будзе адганяць як назольных мух, але яны будуць вяртацца – яшчэ страшнейшыя, яшчэ мацнейшымі ўдарамі проста па сэрцы. Ці яны жывыя? Увесь ягоны свой сьвет, будаваны ім шмат гадоў, ці то ўзарваўся ці раструшчыўся пад нагой Гулівэра, які наступіў на яго, быццам і не заўважыў.
Чацьвёра сутак яму будуць абыякавыя ўсе гэтыя камэры, сьледчыя, допыты, пратаколы – усё як у тумане. Карповіч урэшце падпіша ўсё, што ад яго патрабуюць, у тым ліку на Юркойця – што праз Чэпіна перадаваў Алесю незаконныя даляры. Зь Юркойцем – чалавекам бездакорнай рэпутацыі – будзе асабліва цяжка. «Хто ж яго пасадзіць, ён жа помнік».
Важна, што Карповіч падпіша нарыхтаваны для яго пратакол толькі на чацьвертыя суткі. Нават такі аглушаны і ўнутрана забіты, страціўшы свой асабісты сьвет, ён чацьвёра сутак не пераступаў мяжу прыстойнасьці. Штохвілінна не пераступаў. Але на чацьвёртыя суткі невядомасьць пра сям’ю канчаткова задушыла яго. Звар’яцець можна зусім не фігуральна.
Карповіч ставіць подпіс прад пратаколам, і сьледчы паведамляе яму, што жонку і дзяцей адразу адпусьцілі з КДБ дадому.
Карповіч ня выдыхнуў – у-ф-ф. Па-першае, пасьля ўсяго сьледчаму веры няма, па-другое, ён ужо шмат разоў перажыў зьдзекі зь ягонай сям’і. Па ўсіх франтах ён перайшоў тую рысу, з-за якой ужо ня вернецца ніколі ў жыцьці.
Палёгкі ён не адчуў. Быццам той цяжар гуліверавай нагі цяпер роўна разьмеркаваўся па ўсім ягоным целе і абаснаваўся тут назаўсёды. Ён замінаў гладка думаць, гладка гаварыць, рабіць гладкія жэсты. Усё выходзіла нейкае тармазнутае. Такім мы і пабачылі Карповіча на допыце ў Партызанскім судзе.
Ён пералічвае імёны, быццам выпадкова губляючы-забываючы кагосьці. Вось пра Юркойця сказаць «забыў». Але пракурор настойліва вяртае згубленае ў ягоны непадымны кошык. Карповіч сьцьвярджае, ускосна адмаўляючы, «асабіста Юркойцю грошы ніколі не перадаваў». Але судзьдзя ўдакладняе: «А апасродкавана перадавалі?» Недзе дзенесься – той першы шок і прызнаная пад ім хлусьня робяць з прыстойным чалавекам свой «фінт» – цяпер ужо мусіш трымацца свайго слова, нават калі схлусіў: «Перадаваў праз Чэпіна». Карповіч спрабуе пятляць, замест «Юркойцю перадаваў» кажа «Юркойцю грошы выдзяляліся». Але пракурор карэктуе ягоныя словы – «перадаваў».
Карповіча ў КДБ скалечылі маральна.
Ягоныя паказаньні сталі адзінай падставай для арышту Юркойця, бо паказаньні Чэпіна без паказаньняў Карповіча ня маюць сэнсу. У сцэнары КДБ крыніцай грошай задуманы быў менавіта Карповіч.
Вось і ўся «доказная база», якой аказалася дастаткова, каб трэці год трымаць Юркойця ў турме і каб на хадайніцтва аб вызваленьні хоць бы пад хатні арышт (як вызвалілі Чэпіна) судзьдзя сказаў, што гэта немагчыма «ў сувязі зь цяжкасьцю ўчыненага злачынства». Быццам у Чэпіна «злачынства» лягчэйшае. Розьніца толькі ў тым, што Юркойць тымі далярамі не мараўся і стаіць на сваім, яго да ўсяго гэтага «прышылі».
Але слухаючы Карповіча, я не магу асуджаць яго. Перад ім не было дылемы. Бо калі гэта дылема, яна ні ў якім разе ня зь мірнага жыцьця, яна з практыкі вайны, нацысцкіх і сталінскіх лягераў.
З усіх «формаў узьдзеяньня» да Карповіча была ўжытая самая ізуверская. Той выпадак, калі ніхто ня скажа пра сябе наперад, што вытрымае. А як тут вытрымаеш, калі ты не савецкі герой Мінай Шмыроў, якога нібы з горкай іроніяй назвалі ў народзе «бацькам».
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.