Пачатак ТУТ
Палац стаіць наводшыбе — нібы адмежаваны ад горада, грамадзтва і прынятых уяўленьняў пра дабро і зло. Сёньня за туманам увогуле нічога ня відна, і Палац візуальна цалкам самотны, жыве сваім асобным жыцьцём. Як зразумець? З чым параўнаць? Сёньня самы кароткі дзень, і на працэсе — самае кароткае паседжаньне. Заслухоўваюць аўдыёматэрыялы, праслушку.
У перапынку мы зь сястрой Алеся Галінай самі ў сябе пытаемся: а хто ў гэтай справе пацярпелы? Той літоўскі бізнэсовец, які нібыта плаціў мытнікам хабар, таксама абвінавачаны. А паколькі ўсе грошы забірае сабе дзяржава, значыць, выглядае, пацярпела яна? Як яна пацярпела, калі мытныя пошліны з усіх машын былі спраўна заплочаныя? Хто ж тады пацярпеў? Мы напружана думаем, і Галіна рэзюмуе: Проста дзяржаве моцна патрэбныя грошы.
Гэтая фраза ў беларускіх рэаліях «тлумачыць» амаль што ўсё. Я чую яе штодня. Дзяржава і ўсе, хто прадстаўляе інтарэсы гэтага апарату, паводзяць сябе так, быццам на кожным кроку зьбіраюць даніну ў кішэню дзяржавы, прычым любымі праўдамі-няпраўдамі і зусім ня думаючы пра паходжаньне «грашовых сродкаў».
Беларусы столькі марылі пра сваю дзяржаву, змагаліся і гінулі, каб яна была, столькі цярпелі. Той жа Юркойць — рэдкі дзяржаўнік, якіх мне даводзілася сустракаць. У сэнсе, чалавек, які мысьліць па-дзяржаўнаму. І вось дамагліся беларусы сваёй дзяржавы. І што?
Сам панятак дзяржавы разьбіты на два, ані не падобных адзін да аднаго. З аднаго боку — свой беларускі лад жыцьця, дзе шануецца свая беларуская гісторыя, мова, культура (марылі). Зь іншага — бяздушная, а часам і подлая машына, дэманстрацыйна чужая да беларускай гісторыі, мовы, культуры (атрымалі). Яна толькі захапіла сабе імя «беларуская», бо ў самой няма ніякага імені. Рэспубліка Безыменная.
Згадваюцца словы зь нядаўняе кнігі Зьмітра Бартосіка — у найноўшай гісторыі ў Беларусі ніколі не спынялася грамадзянская вайна. То халодная, то гарачая, але пэрманэнтная і грамадзянская. Вайна тых, хто за сваю дзяржаву, і тых, хто супраць. І вось — перамога, ёсьць свая дзяржава! Толькі перамаглі тыя, хто змагаўся супраць…
Намесьнік начальніка мытнага аддзелу Курневіч (сядзіць у клетцы за сьпінаю Юркойця) выконваў абавязкі начальніка падчас хваробаў і адпачынку Карповіча. У іхным кабінэце, нібыта, ляжаў тэлефон зь літоўскай сімкай, празь які яны размаўлялі зь фірмачом за літоўскім кардонам, які выпраўляў фуры з эўрапейскімі кветкамі празь Беларусь у неабдымную Расею (і Казахстан). Размовы запісвала КДБ. Цяпер іх агучвае пракурор. Мала таго, што зьмест невыразны, дык пракурор зноў пачынае мямліць. З таго, што мне ўдалося разабраць — фірмач цікавіцца, як праходзяць мяжу ягоныя машыны. Калі ўлічыць, што тавар — «скарапорт» — можна цалкам зразумець хваляваньне гаспадара. Яго пракурор называе «Мужчына», таго, хто зь ім размаўляе — Карповіч. Далей п’еса чытаецца ў ролях.
Карповіч: Чорт яго знае.
Мужчына: Спасіба.
Карповіч: Да…
Мужчына: Опа поўная (так і прачытаў).
Карповіч, відаць, парушае нейкія ўнутраныя правілы. Але чыста па чалавечы зразумець можна. Кветкі ў фурах не захоўваюцца належна, хутка псуюцца.
Далей слухаем арыгінальнае аўдыё, дадаецца мат-перамат.
У мяне выклікае захапленьне, што беларускі КДБ умее праслухоўваць званкі зь літоўскага на літоўскі тэлефон у межах дзеяньня літоўскага апэратара сувязі. Зразумела, што татальна могуць праслухоўваць усіх беларусаў (у нас і сімку са стартавым нумарам бяз пашпарту ня купіш). Зразумела, калі слухаюць замежнікаў празь беларускі роўмінг, але слухаць літоўца зь літоўцам фактычна ў Літве (на мяжы) — гэта ўжо вышэйшы пілятаж. Альбо яшчэ адно пытаньне — ці магчыма гэта без удзелу самой Літвы?
Тэлефанавальнікі гавораць пра нейкія «бумагі», называюць шматтысячныя лічбы. Можна падумаць, пра грошы, а можна — пра дакумэнты, нумары машын, ды пра што заўгодна.
Але суд найбольш цікавіць іншае. Тое, што Карповіч — гэта насамрэч Курневіч, які яго замяняе. Курневіч сваёй віны не прызнаў. Не прызнае і таго, што ў запісах гучыць ягоны голас. Пракурор хадайнічае пра фанаграфічную экспэртызу. Суд ухваляе і адкладае працэс на няпэўны час.
«Адкладае» ў мяне адразу мэханічна напісалася «адкрадае». У калідоры кажуць, што працэдура можа заняць тыдні два. Значыць, працягнецца суд ужо пасьля Новага году. Гэта для нас Новы год, а для Юркойця — яшчэ два тыдні скрадзенага жыцьця.
Кажуць, больш за ўсё судзьдзі баяцца выносіць апраўдальныя прысуды. Чаму? Бо справу рыхтавала столькі народу, столькі высокааплатных спэцыялістаў. Яшчэ больш цяпер занята ў працэсе і вакол яго. Уяўляеце, які гэта ўдар па сьледчым, які ўжо прасьвідраваў у пагонах новыя дзіркі — «групу» выкрыў? А калі сумарна сабраць заробкі і ўвогуле ўвесь бюджэт гэтага працэсу? А ўтрыманьне народу ў турмах, якія прэзыдэнт аднойчы назваў «гасьцініцамі»? Цікава было б параўнаць з агульнай выручкай ад справы (калі падлічыць усе канфіскацыі і «вазьмяшчэнія»).
Дзяржаве моцна патрэбныя грошы. Неяк нерацыянальна яна іх здабывае. Можа быць, гэта ўсё ж не ўстаноўка дзяржавы, а паводзінавая ўстаноўка бюракратыі, якая любымі сродкамі выбівае гэтыя самыя грошы, але ня надта дбае пра рацыянальнасьць працэдур. Бо не сабе ж.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.