Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Гульня ў прэфэранс


На працэсе ашмянскіх мытнікаў у менскім партызанскім судзе пэўную інтрыгу хавалі ў сабе два месяцы перапынку, якія суд узяў быў для збору «дастатковых доказаў».

Пачатак ТУТ

І вось інтрыга была разьвязаная ў мінулы аўторак. Але зусім ня так, як можна было чакаць.

Ні доказаў новых знойдзена не было, ні сам гэты факт ніяк ня быў зафіксаваны судом. Быццам проста крыху адпачылі. Між тым, яшчэ два месяцы дадаліся да тых двух гадоў, якія Алесь Юркойць з калегамі, што не прызналі сваёй віны, і віна якіх не даказаная, сядзяць у турме.

Замест новых доказаў у залю прынесьлі кардонныя скрыні з таварна-транспартнымі накладнымі, якія фігуравалі ў абвінаваўчым заключэньні ад самага пачатку. Новае ва ўсім гэтым тое, што раней іх не паказвалі падсудным (і тыя не маглі з дакладнасьцю сказаць, ці яны афармлялі гэтыя машыны – сотні машын – ці не яны), а цяпер вырашылі «обозреть». Гэта значыць, зачытаць. Па кожнай машыне. Усяго машын, што фігуруюць у гэтым судзе, больш за тысячу.

«Обозревается коробка номер один». Судзьдзя корпаецца, ускрывае пломбу і паведамляе, што паводле вопісу мытных пячатак на накладных гэтыя матэрыялы да прысутных абвінавачаных дачыненьня ня маюць.

Юркойць: Высокі суд, а ці ёсьць там пятачка 380? – Так. – А чыя яна? – Зараз удакладнім (судзьдзя пасылае сакратарку ў свой кабінэт). Сядайце. – Дзякуй, трэці год сяджу.

«Обозревается коробка номер два».

Юркойць: А ці дадуць нам гэтыя накладныя на рукі, каб я мог сказаць, ці я гэта афармляў? – Не, гэта рэчавыя доказы абласнога суду. Можам толькі паказаць.

Узьнікае выразнае адчуваньне, што ўвесь працэс уцягваецца ў гульню з накладнымі, быццам сядае расьпісваць пулю і ўжо гатовы надоўга аддацца прэфэрансу, цалкам забыўшыся на рэальны сьвет і час.

Пракурор пачынае чытаць: Дакумэнт на ангельскай і літоўскай мове… маецца пячатка ашмянскай мытні… фірма «Флорыда»… дата…

І што, так будзе па кожнай з тысячы фураў? На тыдзень-два чытаньня.

Абвінавачаны Курневіч з клеткі: Дзе ў гэтых дакумэнтах сьведчаньне «бесьперашкоднага пропуску»?

Судзьдзя: Не разумею, у якой працэсуальнай форме мусіць быць мой адказ.

Курневіч: Што менавіта ў гэтых дакумэнтах можа пацьвердзіць нашу віну?

Судзядзя: Гэта не працэсуальнае пытаньне. (пракурору) Чытайце далей.

У чым тут справа? У абвінаваўчым заключэньні сьледчы КДБ Бычак прадставіў табліцу на 4,5 тысячы фураў з кветкамі, за якія нібыта плаціліся грошы. Склаў ён табліцу нібыта на падставе гэтых вось таварна-транспартных накладных. Толькі дадаў пры кожнай машыне суму, якую кожны інспэктар нібыта атрымаў ад свайго начальніка за «бесьперашкодны пропуск» кожнай канкрэтнай машыны. Тытанічная праца. Цяпер трэба было, каб арыштаваныя начальнікі прызналі гэтую табліцу як рэальны факт. Напэўна, нехта з начальнікаў (іх судзяць у абласным судзе) прызнаў, што так, вось за гэтыя машыны ім, начальнікам, фірмачы плацілі грошы. А ўжо яны, начальнікі, нібыта раздавалі грошы тым інспэктарам, якія канкрэтна гэтыя машыны афармлялі. Пытаньні – ці раздавалі і ці ўсім – застаюцца за бортам нашага прэфэрансу. Як і дапушчэньне, што таго начальніка, які прызнаў, у турме КДБ маглі катаваць або, наадварот, заахвоціць меншым тэрмінам ці чым іншым.

Я назваў працу «тытанічнай» і забыўся дадаць – мякка кажучы. Бо калі б Бычак фармаваў табліцу на падставе прызнальных паказаньняў, пры ўсім жаданьні сабраць у адно зьвесткі пра 4,5 тысяч канкрэтных машын – нерэальна. Калі б ён сыходзіў з накладных, дык на якой падставе ён вылучыў менавіта гэтыя машыны?

Хутчэй за ўсё, табліца фармавалася ў цалкам адвольным рэжыме. Спачатку была прыдуманая легенда пра фірмы, якія перавозяць галяндзкія кветкі ў Расею і Казахстан. Пасьля браліся накладныя, і на кожнага мытніка расьпісваліся канкрэтныя машыны і сумы грошай. Пасьля фірмачы і мытнікі браліся ў распрацоўку. І рознымі спосабамі атрымліваліся прызнальныя паказаньні па ўсёй табліцы. То бок, ініцыятарам справы быў сам КДБ. Як інакш можна было сфармаваць такую табліцу, не ўяўляю.

Але самае нерэальнае тут, на маю думку, – на працягу пяці гадоў амаль усім калектывам мытні атрымаць 4,5 тысяч хабараў (далярамі, на працоўным месцы, пад пільным наглядам КДБ і іншых службаў). Таму на першае месца выходзіць зьверка табліцы Бачака з гэтымі вось накладнымі. Як мы памятаем, паглядзець накладныя патрабавалі самі абвінавачаныя. А калі б не запатрабавалі? Табліца Бычака пайшла б як доказ злачынства «бесьперашкодна».

Але да зьверкі дойдзе пазьней. Цяпер усе накладныя трэба «обозреть», унесьці зьвесткі ў пратакол, вярнуць скрыні ў аблсуд і тады ўжо пачаць табліцу зьвяраць з пратакольнымі запісамі – як сьцьверджанымі фактамі.

– На лістах 4-5, – бубніць пракурор, – на ангельскай мове… транспартны сродак нумар… нумар прычэпа… дата… нумар пячаткі 604.

Гэта пэрсанальная пячатка Часнойця, мытніка, які прызнаў віну і цяпер прыходзіць на суд сваімі нагамі.

Як «прызнант» Часнойць успрыняў абвінаваўчы акт за канчатковы вэрдыкт і цяпер стараецца даказаць, што нейкую машыну ён не афармляў, а нейкая везла газон, а ня кветкі, а нейкую ён разгружаў… Каб зьменшыць агульную колькасьць машын, за якія яму нібыта плацілі, і, адпаведна, агульную суму незаконна атрыманых грошай, якую ён нібыта атрымаў.

Часнойць з галавой уключыўся ў прэфэранс, удакладняе даты, дае тлумачэньні… А што рабіць тым, хто не прызнаў? Даказваць, што ты гэтыя машыны не афармляў? Дык афармляў.

Юркойць: Навошта гэта чытаць? Гэта наша работа. Дайце кожнаму паглядзець, каб ён пацьвердзіў, што афармляў гэтыя машыны.

Судзьдзя: Трэба гэтыя зьвесткі ўнесьці ў пратакол, каб зьверыць са зьвесткамі ў абвінаваўчым заключэньні.

Выглядае, што суд як бы прызнае за даказанае, што інспэктары за гэтыя машыны атрымлівалі грошы ад сваіх начальнікаў. Уся ўвага суду скіраваная на даказваньне таго, што гэтыя аўтамабілі афармлялі гэтыя людзі. І гэта чамусьці важна. Напэўна, было б важна, калі б самі факты атрыманьня грошай былі даказаныя. А яны не даказаныя.

Атрымліваецца, калі браць зьместавы бок справы, суд будзе даказваць, што інспэктары выконвалі свае абавязкі і фактычна за гэта ўлепіць ім ад пяці да пятнаццаці?

Выходзіць, у КДБ не знайшлі лепшага спосабу выратаваць справу, як забіваць схему Бычака ў сьвядомасьць усіх прысутных. Калі ўсе падсудныя ўключацца ў прэфэранс – разбор афармленьня кожнай машыны – з поля зроку зьнікне тое, пра што казаў Юркойць – аб’ектыўны бок віны.

Юркойць: У гэтых накладных – дзе відаць аб’ектыўны бок інкрымінаванага мне злачынства? Што канкрэтна я парушыў?

Судзьдзя: Усё напісана ў абвінавачаньні.

Тым часам з кожнай новай зачытанай паперай расьце і пашыраецца разнабой паміж табліцай Бычака і зьвесткамі накладных. Не супадае колькасьць машын, найменьне грузу, шмат машын даглядалася па поўнай праграме. Гэта значыць, «бесьперашкоднага пропуску», калі б такі і быў магчымы ў прынцыпе, не магло быць.

Яшчэ трохі і можна будзе сказаць, што абвінавачаньне ў частцы табліцы Бычака трашчыць па швах. У многіх зноў зьяўляецца надзея на справядлівасьць. У запале гульні яны забываюцца, што гэта ўсяго толькі прэфэранс.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG