Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Так сказаў Майстар


Масонскія сымбалі
Масонскія сымбалі

Надоечы гаварыў я ў адным сур’ёзным месцы з адным сур’ёзным чалавекам. А хто ў нас сур’ёзныя? Ясна, тэхнары. І вось што ён (назаву яго Майстрам) расказаў пра ашмянскі працэс.

Пачатак ТУТ

«Калі б у прававой сфэры працавалі не гуманітарыі, а тэхнары, Алесь Юркойць не сядзеў бы цяпер у турме. Ва ўсіх важных сфэрах гуманітарыі прыносяць шмат бед, бо ў іх паўсюль падвойныя стандарты. А ці хто-небудзь чуў пра падвойныя стандарты ў матэматыцы ці фізыцы?».

Сапраўды, ёсьць пра што падумаць. На пытаньне «У чым сіла?» гуманітар будзе казаць нешта невыразнае – у праўдзе, любові, дабрыні… Тэхнар адкажа адназначна – у ньютанах.

Юрыспрудэнцыя належыць да гуманітарных прафэсій, тых, што займаюцца чалавекам і сугучныя з гуманітарнай дапамогай, то бок, у першую чаргу, з інтарэсамі і правамі чалавека. Пра пакараньне, рэпрэсіі і гвалт супраць чалавека, якімі карыстаюцца прадстаўнікі юрыспрудэнцыі, талковыя слоўнікі маўчаць. Мабыць, гэта і ёсьць падвойныя стандарты. На словах «за», на справе «супраць».

А калі б судовыя прафэсіі належалі да тэхнічнай сфэры? Ці бесстароннасьць і справядлівы вынік былі б забясьпечаныя?

Магчыма, атрымалася б нешта накшталт масонства, якое займаецца самаўдасканаленьнем чалавека, выкарыстоўваючы не пастуляты, а цалкам матэрыяльныя інструмэнты – лінарку, цыркуль, навугольнік і падобныя. Якія могуць быць падвойныя стандарты ў цыркуля?

Майстар пачаў расповед ад вытокаў сваёй думкі:

«Як адбываецца пазнаньне сьвету? Мы робім дапушчэньне і шукаем яму доказ ці абвяржэньне. Паспрабуем прааналізаваць Юркойцеў суд такім шляхам.

Дапушчэньне першае: Алесь браў хабар. Што даказвае гэта? Паказаньні Чэпіна 2016 году і дадзеныя паліграфа. Што абвяргае? Паказаньні Чэпіна 2015 году і страта дадзеных паліграфа.

Цяпер дапушчэньне другое: Алесь ня браў хабар. Сьледчы чакаў ад Алеся прапановы хабару. Хацеў атрымаць хабар і адпусьціць Алеся, але, не атрымаўшы прапановы хабару на працягу 2015 году, ён у 2016 годзе фабрыкуе на Алеся матэрыял. Разгледзім, што пацьвярджае гэта. Паказаньні Чэпіна 2015 году, адсутнасьць матэрыялу на Алеся ўвесь 2015 год, паказаньні Чэпіна 2016 году, страта дадзеных паліграфа 2015 году.

Як разважаюць людзі з тэхнічным складам розуму? Мы ня ведаем крытэрыяў – колькі павінна быць матэрыялу, каб дапушчэньне лічыць фактам. Але ёсьць два дапушчэньні. На карысьць другога дапушчэньня матэрыялу болей. Калі для абвінавачаньня сьледчага матэрыялу недастаткова, то для абвінавачаньня Алеся матэрыялу недастаткова таксама. І наадварот: калі для абвінавачаньня Алеся матэрыялу дастаткова, то і для абвінавачаньня сьледчага яго дастаткова таксама. Калі на падставе прадстаўленага матэрыялу ў суд сьледчага ня судзяць, то і Алеся судзіць нелягічна, і наадварот: калі Алеся на падставе прадстаўленага матэрыялу судзяць, то лягічна судзіць і сьледчага».

Спрачацца няма з чым. І на пытаньне – чаму ж тады Алесь у турме, а сьледчы на волі? – адказ можна знайсьці толькі гуманітарным розумам. Але, слухаючы Майстра, я, здаецца, так моцна пераналадзіўся на ягоную хвалю, што не магу падабраць патрэбны падвойны стандарт. Можа быць, гэтыя дзьве службовыя асобы – Юркойць і сьледчы – ня роўныя перад законам? Можа быць, сьледчы апрыёры больш сумленны чалавек? Можа быць, сьледчыя КДБ ніколі не трапляюць на лаву падсудных?..

Няма адказу.

Працэс ашмянскіх мытнікаў адновіцца ў менскім Партызанскім судзе 28 лютага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG