Пачатак ТУТ
Сяргей Шапран спытаўся ў мяне ў ФБ пра статыстыку і дынаміку апраўдальных прысудаў у Беларусі за апошнія дзесяцігодзьдзі. Маўляў, ці не атрымаецца ня менш страшная карціна за 0,19% летась.
Не атрымаецца. У дарэвалюцыйнай Расеі апраўдальных прысудаў было 20%. Увогуле лічба 20-30% прызнаецца за норму і ў сёньняшніх разьвітых краінах. У сталінскім СССР апраўдвалі ўдвая радзей. У Беларусі апошнія два дзесяцігодзьдзі гэтая колькасьць ні разу не перавысіла 1%.
Як бачым, дынаміка за сто гадоў – вымоўная, падзеньне. Ня буду ўнікаць ва ўсе прычыны, аналітыкі звычайна зьвязваюць гэта зь якасьцю сьледзтва. І мы бачым, што ў працэсе ашмянскіх мытнікаў яна проста ніякая, бо нішто ні з чым ня зьвязваецца, застаецца мноства неадказаных пытаньняў. Хоць, на добры лад, сьледчы можа і мусіць яшчэ на стадыі вывучэньня асобы абвінавачанага зрабіць высновы пра яго вінаватасьць і спыніць справу, як гэта мусіла б быць у выпадку Алеся Юркойця, які ў «групе» падсудных мытнікаў апынуўся зусім зь іншай прычыны і якога ў гэтай «групе» нічога, апроч схемы калектыўнай адказнасьці, прыдуманай тым жа сьледчым, не трымае.
Але галоўная прычына, думаю, іншая. Гэта непавага да закону. Тут таксама – адмоўная дынаміка. «Закон вышэй за ўсё» – як у разьвітых краінах – у нас ня скажаш. Нават «закон што дышла» – як пры Сталіне – ня скажаш. Закон проста нічога ня значыць, пра што надоечы заявіў і прэзыдэнт краіны: «Я справядлівасьць стаўлю вышэй за любы закон».
А што такое справядлівасьць? Зазірніце ў любы слоўнік, гэта – паняціе. І калі мы кажам, што краіна жыве не паводле законаў, а паводле паняціяў, дык заява прэзыдэнта з усёй дакладнасьцю гэта і пацьвярджае і ілюструе.
Зь іншага боку, якраз унівэрсальны закон – той мэханізм, які дазваляе ўсталяваць справядлівасьць. Адсоўваючы яго на другі плян, Лукашэнка паказвае нам, што ён сам – замест закону – і вырашае, якая будзе справядлівасьць.
Сказаць, што гэта Лукашэнка і завёў у нас такія парадкі, будзе не зусім дакладна – ён толькі працягнуў адмоўную дынаміку непавагі да закону. Адначасова нельга сказаць, што ягонае выказваньне не адпавядае таму, што хоча пачуць ад яго насельніцтва – у тым ліку і ўся армія сьледчых, пракурораў і судзьдзяў.
Паводле статыстыкі колькасьць зарэгістраваных злачынстваў у РБ з кожным годам падае, з 2007-га яна ўпала ўдвая, а колькасьць апраўдальных прысудаў зьменшылася ў 3-4 разы – у межах таго самага 1%.
Выглядае, што за сто гадоў адмоўная дынаміка дасягнула свайго апагею. Насельніцтва разважае так: калі арыштавалі – значыць, было за што. А калі арыштавалі за беларускую мову? Ну, за мову судзіць ня будуць, знойдуць нешта іншае – такая лёгіка паспалітага чалавека. А калі іншага не было? Прыпішуць – тут ужо лёгіка разварочваецца супраць сыстэмы – вы ж ведаеце, у якой дзяржаве мы жывем?!
Тое, што Юркойць два гады беспадстаўна знаходзіцца ў турме – вынік непавагі да законаў, да прэзумпцыі невінаватасьці і да Асноўнага закону краіны – Канстытуцыі, дзе ў артыкуле 2 сказана: «Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі зьяўляюцца найвышэйшай каштоўнасьцю і мэтай грамадзтва і дзяржавы».
Сьмешна нават падумаць, каб гэтыя словы ўлічваліся сьледчым, пракурорам і судом. Настолькі ўелася непавага да закону ў масавую сьвядомасьць беларусаў, быццам само сабою зразумелае.
Адмоўная дынаміка і на працэсе ашмянскіх мытнікаў у Партызанскім судзе. «Няпэўны час», на які ён адкладзены, цягнецца другі месяц. У кулюарах кажуць, што экспэртыза голасу Курневіча, з-за якой нібыта спынены суд, даўно гатовая. Кажуць, што працэс не ўзнаўляецца, бо чакаюць вынікаў зь Менскага абласнога суду, дзе судзяць начальнікаў, каб рабіць свае высновы «пад іх». Гэта значыць, што нашага «чалавека» з Канстытуцыі будуць не судзіць за супрацьпраўныя дзеяньні, учыненыя ім самім, а закатваць пад асфальт створанай у кабінэтах КДБ групавой схемы.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.