Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Мытня на гастролях


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

У гэтыя дні ашмянскіх мытнікаў з Партызанскага суду возяць на допыты па іншых працэсах адной вялікай крымінальнай справы ў іншыя суды. Усяго працэсаў чатыры.

Пачатак ТУТ

Некалькі гадоў таму сьвяткавала свой юбілей мытня Расейскай Фэдэрацыі. Размах падзеі адпавядаў размаху самае вялікае ў сьвеце мяжы. Адзначалі ці не ў Крамлёўскім палацы зьездаў з найбуйнейшымі зоркамі поп-эстрады. Але ў апошні момант спахапіліся – няма ўласна мытнага ансамблю. На ўсю Расею такога не аказалася. І тут успомнілі, што такі ансамбаль ёсьць у Беларусі, на Ашмянскай мытні.

Зараз у нальшчанскія лясы быў пасланы шыкоўны «Нэаплян», які даставіў нашчадкаў герояў навэлы Праспэра Мэрымэ «Локіс» проста на крамлёўскую сцэну. Алесь Юркойць паказваў мне розныя падарункі ад высокага расейскага начальства, казаў, як зухавата яны адсьпявалі свой беларускі рэпэртуар, ажно прабілі залю на сьлязу. Яны і ў сябе дома прабівалі сваімі сьпевамі, езьдзілі з канцэртамі. Цяпер выступаюць у кайданках, «гастралююць» па судах.

Да нас, у Партызанскі, прыводзілі некалькі дзясяткаў. Нічога пра «нашых» яны не казалі, адно што лёс у іх з «нашымі» паралельны. І робіцца такая марная трата «працэсуальнага часу» для таго, каб сьцьвердзіць «калектыўную адказнасьць» (тэрмін, якога я ў крымінальным заканадаўстве не знайшоў), маўляў, яны ўсе – арганізаваная злачынная група. Хоць акрамя «добраахвотных прызнаньняў» тых, хто такім чынам вытаргаваў сабе свабоду, ніякіх доказаў мы пакуль не пачулі.

З таго, што запомнілася пасьля допыту «чужых» мытнікаў.

Нехта Стугліс заявіў, што лічыць гэты допыт і гэты суд незаконным. Судзьдзя, які дагэтуль толькі гугніў, раптам закрычаў камандзірскім голасам: Маўчаць! Усё законна.

Нехта Харэвіч дакладна адказвае на ўсе пытаньні, і я адзначаю сабе, што тыя, хто не прызнаў за сабой хабар, амаль ніколі ня кажуць «ня помню», «ня знаю», «думаў-перадумаў». У адрозьненьне ад тых, якія прызнаньнем купілі сабе выхад з турмы. Адначасова прыходзіць у галаву думка, што не-хабарнік у такім судзе практычна ня мае шанцаў супраць паклёпу, бо ўся гэтая машына наладжаная на тое: пасадзіць чалавека не за доказ віны ці апраўдаць за адсутнасьць доказаў, а пасадзіць — «за недоказуемостью» фактаў.

Чаму, дарэчы, так падкрэсьлена гугняць і пракурор і судзьдзя, чытаючы зьмястоўныя матэрыялы справы. Бо ведаюць вынік. І трэба проста выканаць працэсуальны рытуал, асабліва не акцэнтуючы на тых прабелах і абсурдах, якіях у гэтай справе процьма.

Нехта Пашкевіч… Сымпатычны калярытны дзядзька, помню, бачыў гэты твар на мяжы. Віны не прызнае і распавядае вось такую рэч, пра якую ад іншых мы чулі ўжо ня раз. А гэта важны момант.

Абавязковае пытаньне абвінавачаным — ці прызнаяце, што вы афармлялі «транспартныя сродкі» з «кветкавай прадукцыяй» фірмы «Фарэва» (ці іншай — усяго два дзясяткі назваў)? І даецца кожнаму свой сьпіс аўтамабіляў, які яму канкрэтна інкрымінуецца. Уласна са сьпісу гэтых аўтамабіляў і складаецца абвінавачаньне. Маўляў, за кожную фуру гэтых фірмаў мытнік і атрымліваў хабар. Колькі машын — такая налічваецца сума хабару. Юркойцю налічылі 86 фураў.

Адказы звычайна: «Можа афармляў, а можа й не». Чаму? Вось калі б я паглядзеў тавара-суправаджальныя дакумэнты (ТСД) і пабачыў там сваю пэрсанальную пячатку, я б дакладна сказаў – афармляў. Тысячы машын, хіба ўсе запомніш.

Пракурор: А вам хіба не паказвалі ТСД? — Пашкевіч: Не, ні арыгіналаў, ні копіяў. На маё хадайніцтва, каб паказалі дакумэнты, ніхто не адрэагаваў. — Пракурор: А што вам паказвалі? — Пашкевіч: Раздрукоўку эксцэлеўскай табліцы, якую склаў сьледчы КДБ. — Пракурор: Там ёсьць ваша пэрсанальная пячатка? — Пашкевіч: Там стаіць толькі нумар пячаткі.

Засада.

Суд, вядома, можа цалкам давяраць таму, што склаў ці напісаў сьледчы КДБ, а гэта значыць – цалкам не давяраць таму, што кажуць абвінавачаныя. Гэта яшчэ раз пераконвае мяне, што судзьдзя ўжо ведае, які вынесе прысуд, а мы бачым толькі імітацыю судовага разьбіральніцтва — ня больш за тое.

Суд ведае галоўную таямніцу мастацтва, якая заключаецца ў праўдападабенстве. Падабенству верыш больш, чым праўдзе, таму сапраўднае мастацтва так і чапляе.

Усё, што адбываецца ў судзе, — несапраўднае, сымбалічнае, пачынаючы ад пытаньня, за што плацілі грошы, калі нічога не патрабавалася, і да зьмесьціва тых інкрымінаваных машын, якія перавозяць эфэмэрныя каштоўнасьці — кветкі — чыстую красу. Усё гэта сам суд робіць эфэмэрным і сымбалічным. А мытня на гастролях — як кропкавы акцэнт з жывымі людзьмі ў кайданках і за кратамі — мусіць прымусіць усяму, што адбываецца – паверыць.

Мастацтва дык мастацтва. Сядаю перачытваць «Працэс» Кафкі. Насамрэч, зь першага сказу гэта гісторыя майго героя, якую нехта ўжо напісаў сто гадоў таму:

«Хтосьці, відаць, узьвёў паклёп на Ёзафа К., бо, не зрабіўшы нічога дрэннага, ён патрапіў пад арышт».

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG