Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Легенда пра апраўдальны вырак


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

Што першае адгукаецца ў вас на фразу «апраўдальны прысуд»: радасьць ці скепсіс? Цудоўна, вызвалілі невінаватага!.. Усё ясна, прадажны суд, адпусьціў злачынцу…

Пачатак ТУТ

Натуральна, усё залежыць ад асобы падсуднага і ад характару судовай сыстэмы ў краіне. А калі ня ведаць абвінавачанага і абстрагавацца ад сыстэмы, а ўявіць сабе суд прафэсійны, законны і справядлівы? Тады – толькі радасьць – як зададзенасьць, зыходны пункт, тое, як мусіць быць. Здаравейшае грамадзтва, здаравейшая дзяржава, унутрана здаравейшы ты сам – хіба гэта ня тое, да чаго варта імкнуцца ўсім?

Паводле «займальнай» статыстыкі, у 2016 годзе беларускія крымінальныя суды апраўдалі 83 і асудзілі амаль 45 000 чалавек. Апраўданых 0,19%. Для мяне тут галоўнае ня тое, што мала, а што ў прынцыпе ёсьць. Суд можа апраўдаць невінаватага. Зь іншага боку, калі зірнуць на статыстыку іншых краін, дзе існуе рэальны падзел уладаў, нашыя 0,19% – гэта тая доля самастойнасьці, якую мае судовая ўлада ў Беларусі. Нікчэмная доля, але не нішто. Калі думаць, напрыклад, пра паляпшэньне сытуацыі зь юстыцыяй у краіне і пра тое, што паляпшаць можна ня толькі «зьверху», але і адштурхоўваючыся ад выкананьня законаў тымі ж судамі. Законы ў нас, дарэчы, якраз і патрабуюць невінаватага не асуджаць.

Але зірнем на статыстыку ў іншых. У Расеі адсотак апраўдальных прысудаў такі самы – каля 0,2. Афіцыйныя камэнтатары тлумачаць гэта «выкарыстаньнем у судах паслугаў малазацікаўленых дзяржаўных адвакатаў». Тлумачэньне цынічнае, бо прызнае нацэленасьць судоў «саджаць» усіх без разбору, з аднаго боку, і залежнасьць шанцаў на справядлівае рашэньне – ад колькасьці «грашовых сродкаў» у кішэні падсуднага.

Неафіцыйныя камэнтатары расейскай статыстыкі нагадваюць, што нават у гады сталінскіх рэпрэсій працэнт апраўдальных прысудаў складаў больш-менш 10%, у прыватнасьці, у самым страшным 1937 годзе – 10,3%. Выснова робіцца такая – «У Расеі правасудзьдзя не існуе. А існуе нейкі карна-пасадачны мэханізм, які канвэерным спосабам выносіць абвінаваўчыя прысуды». А той нікчэмны адсотак апраўданых – проста збой у працы.

Мне самому даводзілася атрымліваць апраўдальныя прысуды і толькі цяпер я разумею і адчуваю, наколькі наіўна я ўспрымаў гэта ня столькі як перамогу, колькі як норму. Аднойчы як рэдактару газэты ў Вышэйшым гаспадарчым судзе ў Менску мне зь сябрамі ўдалося выйграць працэс у Міністэрства інфармацыі і мы былі перакананыя, што інакш і быць ня можа, бо глупства ня можа перамагаць праўду. Быў і апраўдальны прысуд у крымінальным судзе – пяць гадоў таму. Праўда, адбывалася тое ў Літве. Але віна і адсутнасьць віны што ў нас, што там – аб’ектыўна катэгорыі аднолькавыя. І зноў я ўспрыняў апраўдальны прысуд як норму, бо ня меў ніякай віны. Чаму я павінен прымаць за норму трыюмф цынізму, тым больш на радзіме, у Беларусі? У Літве, дарэчы, статыстыка апраўдальных прысудаў – каля 38%, у Польшчы – 55%, ва Ўкраіне – 44%.

Пра што гэта сьведчыць? Аказваецца, у нас і ў іх гэта сьведчыць зусім пра рознае. Там гэта элемэнтарнае ўсталяваньне праўды і пазытыўны для грамадзтва вынік працы сьледзтва і пракуратуры. У нас – «любы апраўдальны прысуд – сур’ёзны мінус у працы сьледчых. Бо тады атрымліваецца, што сыстэма працуе.

Але пра якую якасную працу сыстэмы можа ісьці гаворка, калі паводле гэтае лёгікі ў ідэале вынік працы сыстэмы – пасадзіць увогуле ўсіх? Людзей, якія здольныя прыносіць краіне дабрабыт, карміць і праслаўляць яе, кідаюць на ўтрыманьне гэтай самай краіны, на яе зьбядненьне і ганьбу. Пры тым, што іх віна не даказаная. Выглядае, што ў гэтым сэнсе прыклад Алеся Юркойця – не адзінкавы, а магчыма, і масавы. Нішто сабе «якасная праца сыстэмы».

Натуральна, я хачу, каб рашэньне адносна Алеся было справядлівым, і калі даказ ягонай віны застанецца такім самым нікчэмным, які ён на сёньняшні дзень, – каб Алесь атрымаў апраўдальны прысуд.

Пры ўсіх недахопах нашага агульнага жыцьця, яго не параўнаеш з савецкімі часамі. Людзі маюць уласнасьць (прынамсі, жыльлё), нідзе няма чэргаў, у крамах поўна тавараў, хочаш – езьдзі па ўсім сьвеце. Беззаконьня хапае, але яно ўсё ж лякальнае, а не татальнае і беспрасьветнае. Словам, нішто быццам не спрыяе ўсеагульнаму зваўчэньню насельніцтва. А зазірнеш за заслону гэтага нармальнага, утульнага, пазытыўнага жыцьця, а адтуль табе – Homo homini lupus est.

Я гляджу на ўсю гэтую правасудную брацію і не магу выкараніць у сабе ранейшай наіўнасьці, ня веру, што ўсе яны менавіта так, па-воўчы, хацелі б жыць. Зусім не разьбіраюся ў людзях…))

Вось сяджу, склейваю свой разарваны шаблён з дапамогай кніг, таго ж «Працэсу» Франца Кафкі. Ёсьць там і пра апраўдальныя прысуды – што пра іх казалі сто гадоў назад. Тое самае. Але прынамсі ў Кафкі мяне гэта не зьдзіўляе і не палохае. Даўно гэта было і далёка ад нас.

Судовы мастак Цітарэлі распавядае абвінавачанаму Іосіфу К.:

«– Ужо дзіцём я прыслухоўваўся да расказаў бацькі, калі ён дома казаў пра працэсы, дый судзьдзі, якія бывалі ў яго ў атэлье, распавядалі пра суд; у нашым асяродку наогул ні пра што іншае не гавораць. А як толькі мне выпала магчымасьць наведваць суд, я заўсёды карыстаўся ёю, слухаў безьліч працэсаў на самых важных этапах і сачыў за імі, наколькі гэта было магчыма; і павінен сказаць шчыра – ні аднаго поўнага апраўданьня я ні разу ня чуў.

– Значыць, ніводнага апраўданьня, – паўтарыў К., нібы зьвяртаючыся да сябе і да сваіх надзеяў. – Але гэта толькі пацьвярджае меркаваньне, якое склалася ў мяне пра гэты суд. Значыць, і з гэтага боку суд бескарысны. Адзін кат цалкам мог бы яго замяніць.

– Нельга ж так абагульняць, – незадаволеным голасам сказаў мастак. – Я ж казаў толькі пра свой асабісты досьвед.

– Гэтага дастаткова, – сказаў К. – Хіба вы чулі, што ў ранейшыя часы кагосьці апраўдвалі?

– Кажуць, што такія выпадкі апраўданьня бывалі, – сказаў мастак. – Але высьветліць гэта цяпер вельмі цяжка. Бо канчатковыя рашэньні суду не публікуюцца, нават судзьдзям доступ да іх закрыты, таму пра старыя судовыя працэсы захаваліся толькі легенды. Праўда, у большасьці зь іх гаворыцца пра поўныя апраўданьні, у іх можна верыць, але даказаць нічым нельга. Аднак і грэбаваць імі ня варта, нейкая кропля праўды ў іх, безумоўна, ёсьць, і, потым, яны такія прыўкрасныя! Я сам напісаў некалькі карцін на падставе гэтых легендаў».

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG