Пачатак ТУТ
Натуральна, будуць пададзеныя апэляцыі і пачнецца новае разьбіральніцтва, але – у межах той самай судовай сыстэмы. Верагодна, у апэляцыйным судзе будзе разглядацца пэрсанальная справа, а не «арганізаваная злачынная група», што падвысіць шанцы на справядлівы вырок. Але галоўнае – у Беларусі зьявіцца новы вязень сумленьня.
Поўная фармулёўка гучыць так: «Вязень сумленьня – чалавек, фізычная свабода якога абмежаваная турэмным зьняволеньнем ці іншым спосабам з-за яго палітычных, рэлігійных або іншых перакананьняў, а таксама этнічнага паходжаньня, полу, расы, мовы, нацыянальнага або сацыяльнага паходжаньня, роднасных адносін, маёмаснага статусу, сэксуальнай арыентацыі і іншых характарыстык асобы. Пры гэтым вязьнямі сумленьня ня лічацца людзі, якія ўчыняюць гвалт або прапагандуюць гвалт і варожасьць».
Як ні прыкра гэта гучыць, але беларускамоўны мытнік Юркойць патрапіў у турму за сваю асьветніцкую дзейнасьць на сваёй радзіме і адначасова ў Рэспубліцы Беларусь, дзе дзяржаўная палітыка часта носіць антыбеларускі, русіфікатарскі характар. Каб усё не выглядала нагэтулькі абсурдна, Юркойць быў прымазаны сьледчым КДБ да нібыта арганізаванай злачыннай групы, якая нібыта брала хабар за «бесьперашкодны пропуск кветкавай прадукцыі». Юркойць за сабой хабару не прызнаў, суд ягонай віны не даказаў (пакуль, прынамсі) і абапёрся адно на блытаныя паказаньні мытніка Чэпіна і тую схему атрыманьня хабару, якую нарадзілі ў КДБ.
Тэрмін «вязень сумленьня» ўведзены ў зварот у пачатку 1960-х гадоў заснавальнікам міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International брытанскім юрыстам і праваабаронцам Пітэрам Бэнэнсонам. Першым вязьнем сумленьня ў 1962 годзе быў названы пражскі арцыбіскуп Ёзэф Бера, які правёў 14 гадоў у турме (1949-1963) за казань, якая асуджае камуністычны лад. Адным зь першых савецкіх вязьняў сумленьня ў 1962 годзе быў прызнаны каталіцкі сьвятар з Ільвова Іосіф Сьліп, які правёў у лягерах 18 гадоў і быў высланы з СССР у 1963 годзе, а ў 1965 годзе прызначаны кардыналам і кіраўніком Украінскай грэкакаталіцкай царквы.
Такое прызнаньне ці атэстацыя вязьня Юркойця прынясе яму вымушаную вядомасьць і зробіць магчымымі зьнешнія рычагі ўплыву на ягоны лёс.
Адначасова я не ўяўляю Алеся ў сьпісах палітвязьняў, якія складаюць нашы праваабарончыя арганізацыі. Паліт- гэта функцыя, а сумленьне найперш – годнасьць.
Ён не апазыцыянэр у тым разуменьні, якое склалася ў Беларусі, ні дысыдэнт у клясычным сэнсе. Юркойць дзяржаўнік. Ён ня ўдзельнік акцыяў пратэсту. Так, ён крытычна ставіцца да кіраўніка дзяржавы, але гэтаксама ён крытыкуе і дзейнасьць вялікага князя Вітаўта, а пры тым заўсёды меў цесны кантакт зь мясцовымі ўладамі, бо бяз гэтага ня змог бы весьці сваю асьветную, мэмарыяльную і культурніцкую дзейнасьць. Ён не займаўся ўласна палітыкай, калі не лічыць палітыкай гісторыю і культуру, а таксама беларускую мову. Праўда, вядомыя афіцыйныя заявы апошняга часу што з расейскага, што з польскага боку сьведчаць, што менавіта мова цяпер і становіцца палітыкай.
У клясычным сэнсе Юркойць – патрыёт Беларусі, а назваць патрыётам Беларусі сьледчага КДБ, які яго пасадзіў, у мяне не павернецца язык. Я магу параўнаць Юркойця з паэтам Някляевым, калі б Някляева каралі не за ягоны ўдзел у палітычных падзеях, а за ягоныя вершы.
Я цалкам на баку абароны правоў чалавека, бо гэта вялікі цывілізацыйны крок наперад. Але ў тым, што робяць прафэсійныя праваабаронцы, мне шмат незразумелага. Я адчуваю ў гэтай дзейнасьці мноства схаваных матываў, недагавораных словаў, туманных сувязяў. Магчыма, гэта зьвязана зь нейкімі карпаратыўнымі правіламі, празь якія прафэсійная праваабарона бачыцца мне пакрытаю вэлюмам далучанасьці (посвящённости), зазірнуць за які староньнім немагчыма. Мне не зразумела, чаму палітвязьнем прызнаецца дэбашыр або чалавек, які б’е шыбы ў Доме ўраду, а таксама палітыкі зь непразрыстай гісторыяй. Словам, усіх незразумеласьцяў робіцца настолькі шмат, што зьмяняецца само ўяўленьне пра абарону правоў чалавека. Хоць па ідэі гэтым мусяць займацца ня толькі прафэсіяналы, а кожны грамадзянін, які адчувае, што прыгнятаюцца ягоныя правы на жыцьцё, на свабоду, на ўласнасьць, на родную мову, на асьветную дзейнасьць…
Апошнім часам не аднойчы даводзілася чуць, што правы чалавека – лухта сабачая ў параўнаньні з інтарэсамі дзяржаваў ці нейкімі вялікімі ідэямі. Прыкра ня гэта, а тое, што людзі спакойна і нават ухвальна ставяцца да такіх заяваў, бо не атаясамліваюць сябе з абаронцамі саміх сябе, сваіх уласных правоў, бо тыя – за вэлюмам недалучанасьці, гэта занятак кагосьці іншага, а не мяне самога.
Закрытая карпаратыўнасьць праваабароны мае тую ж прыроду, што і закрытая карпаратыўнасьць кіраўніцтва краіны ці судовых працэсаў. Што ўрэшце вядзе да расчалавечваньня, калі інтарэсы дзяржаваў ці нейкія «вялікія» ідэі аказваюцца важнейшымі за тваё прыватнае жыцьцё.
На гэтым тле выпадак Юркойця выглядае празрыста і зразумела. Улада ў краіне раздвоеная на прыхільнікаў беларускай будучыні і абаронцаў савецкага мінулага. Першыя Юркойцю спрыялі, другія яго пасадзілі. Вядома, лепей было б, каб улада разабралася сама з сабой, пераадолела ўласную раздвоенасьць і вызначылася, за што садзіць – за беларускі патрыятызм ці за беларусафобію. Але, як выглядае, гуманістычны складнік палітыкі гэтай уладзе даецца нялёгка ці не даецца ўвогуле, і таму яна вырашае садзіць і за першае, і за другое.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.