Пачатак ТУТ
Ні ў якую віну яго Мальдзіс ня верыць – глядзіць на ўсё гэта як на нейкі тагасьвет. Бо Юркойцеў «Вільняр» – цудоўная арганізацыя, вельмі патрэбная і Астравеччыне і Беларусі.
Асабіста для мяне канчатковая карціна «справы» ўжо склалася. Ня ведаю, ці бралі мытныя начальнікі грошы ў фірмачоў. Ня ведаю, ці давалі яны гэтыя грошы шараговым мытнікам. Ведаю, што крымінальную справу сфабрыкаваў КДБ. Ведаю, што Юркойця прышпілілі сюды гвалтам, але з зусім іншым матывам. «Па лініі КДБ».
Беларускамоўны падзьвіжнік з Астравеччыны даўно муляў ім вока сваёй актыўнасьцю. Апошняя падзея – Касінерскі фэст, на які Алесь атрымаў дазвол раённых уладаў. У апошні момант менавіта КДБ забараніў мерапрыемства. Дастаў іх, панімаеш, актывіст. Сядзі ціха, не высоўвайся. Дык дзе ж гэты ўседзіць! Ня той характар. Тады ў турме сядзі! За мову не пасадзіш, дык сядзі за мытню.
«Музычна-літаратурны фэст, прысьвечаны 150-м угодкам паўстаньня Каліноўскага, адбудзецца ў Астравецкім раёне. Чакаецца ня толькі выступленьне паэтаў і музыкаў, але і паказальны бой рыцараў. Уваход на імпрэзу вольны, але ў гасьцей могуць спытаць пароль. Пра гэта парталу Край.бай паведаміў краязнаўца Алесь Юркойць.
Чакаюцца:
– барды Зьміцер Бартосік, Тацяна Матафонава (Менск), Віктар Шалкевіч (Гародня), Алесь Наркевіч (Вялейка), Андрэй Мельнікаў (Гомель), Ігар Высоцкі (Ашмяны), Алег Мізула (Жодзішкі), Кастусь Герашчанка (Пліса), іншыя;
– паэты Усевалад Сьцебурака, Анатоль Івашчанка, Міхась Скобла, Ігар Пракаповіч, Глеб Лабадзенка;
– музыкі: гурты «1863» і Тарас Кучынскі-Паравы зь Менску, «Людзі на балоце» і Алесь Дзянісаў з Гародні, «Пава» і Юрась Панкевіч, «Альта Ментэ» і Кацярына Ваданосава, «Балцкі субстрат» і Максім Іўкін зь Менску.
Акрамя паэтаў, вершы будуць чытаць і прафэсійныя акторы.
Алесь Юркойць адзначыў, што гурт «1863» займаецца рэканструкцыяй вопраткі тых часоў, таму сьпяваць будуць у адпаведных строях. Таксама на фэсце выступіць навуковец Язэп Янушкевіч, паэтка і краязнаўца з Астравеччыны Людміла Кухарэвіч, іншыя.
Вядучыя імпрэзы – Усевалад Сьцебурака і Глеб Лабадзенка.
Для тых, хто плянуе на Каймінскім возеры заставацца да раніцы, будзе прапанаваны прагляд гістарычных фільмаў.
Уваход на імпрэзу вольны. Але, па словах Алеся Юркойця, арганізатары плянуюць усталяваць браму. А каля брамы паставіць двух дзецюкоў, якія будуць пытацца пароль: «Каго любіш?» Тых, хто дасьць правільны адказ, прапусьцяць. Плянуецца работа выязнога гандлю».
Хутка два гады, як Юркойць у турме, а ніводнага доказу ягонай віны так і не прагучала. Былы калега Алеся Чэпін сказаў, што тройчы перадаваў Юркойцю ад начальніка грошы. Але ні пацьвердзіць гэта, ні абвергнуць немагчыма. Напэўна і сам начальнік скажа, што перадаваў праз Чэпіна. Ці перадаў Чэпін, ён ведаць ня будзе. Нарэшце ёсьць складзеная ў КДБ табліца машын пэўных фірмаў, якія афармляў Юркойць і за якія нібыта ўсім мытнікам плацілі грошы. Але гэта ўсяго толькі дапушчэньне КДБ. Самі мытныя дакумэнты Юркойцю не паказалі. Хутчэй за ўсё таму, што грошы нібыта перадаваліся за «бесьперашкодны пропуск» машын, а ў дакумэнтах будзе пазначана, што на мытні рабілі догляд.
Гэта ўсё, што мы маем «на» Юркойця на сёньняшні дзень: блытаныя паказаньні Чэпіна (увесь 2015 год ён адмаўляў, што перадаваў Алесю грошы, пасьля перадумаў) і табліцу, складзеную ў КДБ, праверыць якую таксама немагчыма – не дадуць.
Кветкавая справа ад пачатку пахне не хрызантэмамі, а нечым іншым, просьценькім і тутэйшым – ліпавым цьветам. І пакараньне вызначанае па-тутэйшаму суворае. Гэта стала зразумела, калі суд ня выпусьціў Юркойця з турмы нават калі ягоная жонка патрапіла ў аварыю і ня стала каму цягнуць сям’ю – трох малых дачок і старую маці.
Чаму суд ня выпусьціў? Бо Юркойць «учыніў цяжкое злачынства». Артыкул 430-3. Атрыманьне хабару – паўторна, групай асобаў, у асабліва буйных памерах. Асабліва – гэта ад 10 тысяч даляраў. А паводле табліцы, складзенай у КДБ, Юркойць аформіў 86 машын з кветкамі, за што мусіў атрымаць 12,700. Уласна гэтая табліца, гэты канструкт «злачыннай групы», які, магчыма, і знаходзіць нейкія доказы ў іншых судах (усяго іх чатыры), але не ў дачыненьні да Юркойця. Яго брутальна прымазалі да групы, калі такая была. Судзьдзя, які адмовіўся яго выпусьціць, па вачах бачу, усё цудоўна разумее. І будзе ўсё «цудоўна разумець» да канца.
Калі заслухоўвалі кадэбэшную праслушку тэлефонаў, абвінавачаны Швінта зьвярнуў увагу судзьдзі на наступны момант. Пракурор, чытаючы зьняты з запісу тэкст, сказаў: машына «стОит», а калі ўключылі сам запіс, там выразна гучала: машына «стоИт». Судзьдзя запэўніў, што ва ўсім разьбяруцца і паблажліва ўсьміхнуўся...
Каторы раз пераконваюся, наколькі не прыстасаваная расейская мова да судовае справы. Пра канцылярыт я ўжо казаў. А тут – цэлы афарызм: калі машына «стоИт», яна нічога (у сэнсе хабару) ня «стОит», яна «стОит» толькі тады, калі едзе.
У судзе мусяць гучаць максымальна дакладныя словы і фразы, а не прыгожыя словы-афарызмы.
Калі ў дачыненьні да Юркойця ў якасьці доказу віны будзе прадстаўлены сьпіс машын, якія ён афармляў, тады даярку трэба судзіць за надоі, а сьвінарку за прывагі. Тады і сам гэты суд у дачыненьні да Алеся – цалкам бессэнсоўнае марнатраўства часу, сродкаў, людзей. І адказнасьць за гэтае марнатраўства нясе толькі адзін чалавек – судзьдзя.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.