Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Дзейныя асобы і выканаўцы


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

У п’есе гэты разьдзел заўсёды першы. Але ў нашым выпадку выканаўцаў трэба было распазнаць, бо што б вам далі прозьвішчы сьледчага, пракурора і судзьдзі гэтага працэсу, якіх у краіне адбываюцца сотні.

Пачатак ТУТ

Першым выйшаў на сцэну астравецкі кадэбіст Аляксандар Сухоцкі, які арыштаваў Юркойця. Натуральна, рэпрэсаваць Алеся як беларускага асьветніка, чым ён так моцна раздражняў Сухоцкага, той ня мог. Таму арыштаваў і завёз у менскую «амэрыканку», здаў калегам — як мытніка, каб далучылі да акурат насьпелае справы ашмянскіх мытнікаў. У выніку Сухоцкі пайшоў на падвышэньне «ў вобласьць». Гэтую гісторыю Алесь Юркойць апісаў у лістах да сяброў — ужо з турмы.

Як кажуць, які герой, такі і подзьвіг. Ніякіх іншых дасягненьняў Сухоцкага на ніве нацыянальнай бясьпекі нашай дарагой Бацькаўшчыны я не знайшоў. Аднойчы ён віншаваў астравецкіх пажарнікаў з 160-мі ўгодкамі «пажарнай службы Рэспублікі Беларусь», якія ў 2013 годзе адзначаліся 25 ліпеня. Нічога асаблівага, апроч таго, што дата падалася мне кур’ёзнай. Што такога адбылося 25.07.1853?

Аказваецца, Менская гарадзкая дума і губэрнскае праўленьне разгледзелі пытаньне «О новом устройстве в Минске пожарной команды и утверждении штата оной», што, у сваю чаргу, было вынікам прынятай у сталіцы Расейскай імпэрыі «Нормальной табели составу пожарной части в городах». З гэтага нібыта і пачалася гісторыя беларускай пажарнай службы. Як і за многімі афіцыйнымі датамі, тут шмат пытаньняў. Гарадзкая дума прыняла дакумэнт «о новом устройстве», значыць, было і старое? Астравец у Менскую губэрню не ўваходзіў. Сымбалічна, што кадэбіст арыштаваў Юркойця непасрэдна за ўшанаваньне памяці Кастуся Каліноўскага, нацыянальнага героя Беларусі, кіраўніка паўстаньня, якое сапраўдным пажарам успыхне празь дзесяць гадоў пасьля таго расейскага ўказу і будзе скіраванае якраз на тое, каб больш у Беларусі ніякіх расейскіх указаў не было.

Але гэта так, лірыка. Кар’ерызм кадэбіста, гатовага ісьці на падвышэньне, руйнуючы людзкія лёсы, вымоўна ўвасобіўся ў лёсе іншага выканаўцы. Гэта сьледчы КДБ Канстанцін Бычак, які і склаў справу пра арганізаваную злачынную групу на Ашмянскай мытні. Тут, безумоўна, уражвае маштаб! Мільёны даляраў, тысячы фураў, паўсотні арыштаваных і ўсё з падачы самога прэзыдэнта… Больш эфэктнага кар’ернага скачка не прыдумаеш.

Між тым, быў у Канстанціна і яшчэ адзін скачок — калі ў якасьці сьледчага УКГБ па Віцебскай вобласьці ён дапытваў затрыманых у справе Плошчы 2010 году. Трэба меркаваць, што тады ён і пераскочыў зь Віцебска ў сталіцу. Юліян Місюкевіч тады скардзіўся ў пракуратуру на праслушку свайго тэлефона, якую яму ў часе допыту зачытваў Бычак.

У біяграфіі Канстанціна ёсьць і дробныя шкоды апазыцыйным актывістам (дапытваў жонку Кіркевіча, не аддаваў Лябедзьку пашпарт) і гучная справа ксяндза Лазара — таксама мутная і таксама, дарэчы, з падачы Лукашэнкі, які абвінаваціў сьвятара ў сувязі са шпіёнам. Напэўна, калі мытнікаў «закрыюць» на доўгія тэрміны, Канстанціну, як і ў выпадку з Сухоцкім, сьвеціць яшчэ адзін сур’ёзны службовы скачок, у пэрспэктыве — на пасаду старшыні КДБ. Чаму б і не?

Адзін з двух пракурораў на працэсе — Аляксандар Андрэеў запомніўся журналістам з суду былога гендырэктара менскага хакейнага «Дынама» Суботкіна, якога асудзілі на пяць гадоў турмы, хоць нішто не паказвае ні на цяжкасьць злачынства, ні на шкоду хоць каму, ні на тое, што падсудны ўяўляе зь сябе небясьпеку для грамадзтва. Апроч таго, Суботкін сплаціў інкрымінаваную яму суму, і ўсе чакалі, што, па аналёгіі зь Беражковым, яго адпусьцяць. Не адпусьцілі. Выглядае, што з усіх мераў стрыманьня Андрэеў найбольш палюбляе турэмнае зьняволеньне.

Дзьмітрыя Супруна прэзыдэнт прызначыў на пасаду судзьдзі толькі ў траўні 2015 году і чым-небудзь запомніцца ён яшчэ не пасьпеў. Скончыў Акадэмію кіраваньня, працаваў памочнікам пракурора. Найбольш яркі эпізод у кар’еры на сёньняшні дзень — адхіліў хадайніцтва аб вызваленьні Юркойця з-за крат. Хоць ня мае ані рэальных доказаў віны Алеся, ані сумневаў у прыстойнасьці чалавека, якога бачыць перад сабой у клетцы. Судзьдзя ўсё бачыць. І ўсе бачаць, што ён бачыць усё. У тым ліку і тыя артыкулы заканадаўства, якіх «не заўважае».

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG