Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Ерунда


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Заўтра ў судзе над ашмянскімі мытнікамі перапынак. У чацьвер і пятніцу будуць дапытваць арыштаваных зь іншых судоў. А сёньня – важны нібыта сьведка менавіта ў Юркойцевых «эпізодах».

Пачатак ТУТ

Пашкевіч – мужчына саліднай камплекцыі, працуе цяпер у ахове АЭС. Пра такіх кажуць поўны. Такія рэдка бываюць злоснымі.

Калі Чэпін даваў паказаньні, як ён тройчы «перадаваў Юркойцю грошы», усе эпізоды былі зьвязаныя з машынай.

Астравецкія мытнікі дабіраліся на працу і з працы ў Ашмяны і з Ашмян па чарзе на машыне то аднаго, то другога, то пятага. Нібыта ў гэтай машыне ці каля яе Чэпін і перадаваў грошы. Але ж заўсёды ў машыне быў яшчэ і Пашкевіч і яшчэ хто-небудзь.

Юркойць і Чэпін людзі настолькі неспалучальныя, што ўявіць сабе нейкую таямніцу паміж імі немагчыма. Першы заўзяты культурнік, знаўца гісторыі, закаханы ў свой край, спартовец, крытычны да Лукашэнкі, чаго ніколі не хаваў і на працы і перад начальствам. Другі, наадварот, выпівоха і лукашыст. Але спрачаліся пра палітыку ў машыне Юркойць і Пашкевіч. З Чэпіным Алесь і не загаворваў, адчуваў няпрыязь. Бывалі канфлікты, калі п’яны Чэпін пасьля зьмены прасіў Пашкевіча ці Юркойця сесьці за руль ягонай машыны, на якой яны ўсе прыехалі з Астраўца. Пашкевіч быў ня ўзяўшы правы. А Юркойць у рэзкай форме адмовіў.

Пра свае адносіны з Чэпіным Алесь і пытаецца ў розных сьведкаў, як цяпер вось у Пашкевіча. Пра канфлікты, пра погляды на Лукашэнку, пра п’янку…

Атрымліваецца ерунда.

Пашкевіч: Погляды ва ўсіх розныя, гаварылі пра гэта, вядома, адкрытых боек не было, але спрачаліся, натуральна, Чэпіна п’яным на працы ня бачыў…

Забаўная манера Пашкевіча адказваць на пытаньні пракурора такім прасьцецкім «да нет» у сэнсе «ды не». – Вы бачылі як Карповіч даваў падначаленым грашовыя сродкі? – Да нет. – Дык «да» ці «нет»?

Ерунда, бо цалкам зразумела, што ніхто са сьведак нічога лішняга казаць ня будзе, асабліва калі гэта факультатыўныя тэмы, лірыка, доказная вага якой нікчэмная. Прыязь – няпрыязь, бачыў – ня бачыў, выпіваў – не выпіваў. «Усе выпіваюць».

А што яшчэ рабіць Юркойцю? Падазраю, што такую лінію паводзінаў падказалі яму адвакаты. Але як ты лірыкай адаб’еш інкрымінаваныя табе баксы? Ніяк. Скажаш, не было ніякіх баксаў? А Чэпін кажа, былі. Сьведкаў няма. Доказаў няма. Чаму ўвогуле Юркойць павінен адбівацца? Дык не, чалавек прападае з-за таго, што Чэпін, які нібыта перадаваў яму папяровыя скруткі, «здагадваўся», што гэта грошы.

Перадаваў ці сабе забраў, а кажа – перадаваў? – пытаньнечка.

Насамрэч усё, што адбываецца зь Юркойцем, ня мае ніякай прававой сілы, гэта цалкам антызаконныя дзеяньні, а калі ўлічыць гвалт над чалавекам, дык дзеяньні злачынныя.

Артыкул 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу – прывяду яго цалкам:

«1. Асоба, абвінавачаная ў зьдзяйсьненьні злачынства, лічыцца невінаватай, пакуль яе вінаватасьць у зьдзяйсьненьні злачынства ня будзе даказаная ў прадугледжаным гэтым Кодэксам парадку і ня будзе ўстаноўленая прысудам суду, які ўступіў у законную сілу.

2. Абвінавачаны не абавязаны даказваць сваю невінаватасьць. Орган крымінальнага перасьледу, суд ня мае права перакладаць абавязак даказваньня на абвінавачанага.

3. Сумневы ў абгрунтаванасьці выстаўленага абвінавачаньня тлумачацца на карысць абвінавачанага.

4. Прысуд ня можа быць заснаваны на здагадках».

Вось гэта ўжо не ерунда. Але кожны з гэтых чатырох пунктаў у дачыненьні да Юркойця ўжываецца сьледзтвам і судом роўна ў адваротным парадку.

Называецца артыкул «Прэзумпцыя невінаватасьці».

Пра тое самае чытаем і ў актуальнай Канстытуцыі краіны:

«Артыкул 26. Ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна ня будзе ў прадугледжаным законам парадку даказаная і ўстаноўленая прыгаворам суду, які ўступіў у законную сілу. Той, каго абвінавачваюць, не павінен даказваць сваю невінаватасьць».

Але чаму ён у наручніках, у клетцы, у турме? Ці ён уяўляе сабой пагрозу для навакольных? Ці мае суд доказы ягонай небясьпечнасьці?

Нешта мне падказвае, што гэта адвакаты – пасярэднікі паміж ім і судом – мусілі б, прынамсі, хадайнічаць пра зьмену меры стрыманьня.

Адвакаты кажуць, што ў абласным судзе, дзе судзяць мытных начальнікаў, усе адразу напісалі такія хадайніцтвы і ўсім адмовілі. Значыць, ня мае сэнсу.

Бараніць падапечнага, на якога рэальна няма ніякіх доказаў, усімі магчымымі сродкамі – ня мае сэнсу?

Ізноў нейкая ерунда.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG