Гісторыя чалавецтва мае, як торт, некалькі слаёў. Ёсьць Вялікая Гісторыя, тая, якую вучаць у школах і ўнівэрсытэтах, якую дасьледуюць акадэмікі, на аснове якой пякуцца хрусткія манаграфіі; на яе паверхні ружавеюць ад сораму кветачкі разнастайных легендаў, блішчаць глязураваныя заканамернасьці і тырчаць арэшкі знакамітых імёнаў. Ёсьць гісторыя прыватная: мэмуары, успаміны, дакумэнты, старыя фотаздымкі, што ўвабралі ў сябе ўсю жоўць і ўвесь смутак нечай асобнай памяці.