Расея вывела падразьдзелы паўночнакарэйскай арміі зь ліні фронту пасьля вялікіх страт у іх шэрагах.
Як паведаміла амэрыканскае выданьне The New York Times з спасылкай на ўкраінскіх і амэрыканскіх афіцыйных асобаў, ужо цягам двух тыдняў на лініях фронту паўночнакарэйскіх вайскоўцаў няма.
Паводле ўкраінскага генэрала, за тры месяцы колькасьць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў зьменшылася ўдвая. У лістападзе 2024 году паведамлялася, што ў Расею прыбылі 11 000 вайскоўцаў з Паўночнай Карэі.
Як піша выданьне, украінскія вайскоўцы, якія ваявалі супраць паўночнакарэйцаў, ахарактарызавалі іх як жорсткіх ваяроў. Але дэзарганізацыя ў іх шэрагах і адсутнасьць згуртаванасьці з расейскімі падразьдзеламі хутка прывялі да страт. З моманту прыбыцьця на поле бою паўночнакарэйскія салдаты былі пакінутыя на волю лёсу, прасоўваючыся зь невялікай колькасьцю бронетэхнікі і рэдка спыняліся, каб перагрупавацца або адступіць.
Паводле інфармацыі The New York Times, менавіта лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын прапанаваў Уладзіміру Пуціну накіраваць войскі на дапамогу расейцам у Курску, і той адразу пагадзіўся.
Многія вайскоўцы з КНДР уваходзілі ў лік найбольш падрыхтаваных сіл спэцыяльных апэрацый, але расейцы, імаверна, выкарыстоўвалі іх у якасьці пяхоты, адпраўляючы іх хвалямі на штурмы па замініраваных палях.
Раней BBC з спасылкай на заходніх афіцыйных асобаў паведаміла, што паўночнакарэйскія войскі панесьлі амаль 40% стратаў, з улікам загінулых і параненых, у баях на захадзе Курскай вобласьці Расеі ўсяго за тры месяцы.
14 сьнежня 2024 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што «ўжо ёсьць папярэднія звесткі» аб выкарыстаньні Расеяй у штурмах «прыкметнай колькасьці» вайскоўцаў з Паўночнай Карэі.
Форум