Пра заплянаваны над Аляксандрам Кандрычыным суд паведаміла «Наша ніва». Аляксандар Кандрычын — магілёвец, які 23 верасьня 2024 году адбіваўся з нажом ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК, апранутых у цывільнае.
Пра Аляксандра Кандрычына вядома, што яму 62 гады. У сьпісе палітвязьняў, які вядуць беларускія праваабаронцы, такога чалавека няма. Крыніца з Магілёва, якая прасіла не называць яе з прычынаў бясьпекі, сьцьвярджае, што Аляксандар Кандрычын раней ня быў зьвязаны з дэмакратычнымі коламі ў Магілёве і ня быў заўважаны на пратэстах 2020 году.
«Мае знаёмцы расказалі, што прайшліся па ўсёй радні гэтага затрыманага. Палохалі. Тыя згадалі яго знаёмых, якія пасьля трапілі пад перасьлед. Але сама гісторыя выглядае зрэжысаванай. Патрэбна была гучная гісторыя пра гераізм міліцыянтаў і „экстрэмісцкія ячэйкі“», — паведаміла раней Свабодзе крыніца.
Паводле вэрсіі міліцыі, да Кандрычына нібыта падышлі «для прафіляктычнай размовы» — хоць па заканадаўстве пасярод вуліцы ня можа адбывацца падобных юрыдычных дзеяньняў, адзначае «Наша ніва». Магчыма, яго спрабавалі затрымаць. Што адбывалася далей, не да канца зразумела, піша выданьне. Па вэрсіі міліцыі, Кандрычын дастаў нож і стаў адбівацца: «Ня менш за два [ўдары аднаму губазікаўцу] і пяць удараў [другому], у тым ліку ў вобласьць грудной клеткі» Сьцьвярджалася, што адзін зь іх нібыта трапіў у рэанімацыю.
У кішэні мужчыны нібыта знайшлі самаробны пісталет, але незразумела, ці ён быў зараджаны. Кандрычын на міліцэйскім відэа казаў, што не памятае гэтага.
У выніку Кандрычыну выставілі абвінавачваньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- 295 ч. 2 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў», пакараньне ад выпраўленчых работ да 7 гадоў калёніі).
- 364 («Гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», пакараньне ад арышту да 7 гадоў калёніі).
- 139 ч. 2 («Забойства», ад 8 гадоў зьняволеньня да сьмяротнага пакараньня).
Паводле пракуратуры, Кандрычын нібыта зьдзейсьніў замах на забойства (бо нанёс удар у жыцьцёва важны орган), але не давёў задумы да канца па незалежных ад сябе абставінах — бо на яго наваліліся і забралі нож. Таму фармальна яму пагражае такое самое пакараньне, як і за жорсткае забойства, ажно да пажыцьцёвага зьняволеньня ці расстрэлу.
Судзьдзя на працэсе— Васіль Галкоўскі. Да 2024 году ён працаваў у судзе Бабруйску, а пасьля пайшоў на павышэньне ў Магілёўскі абласны суд.
Форум