Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урынатэрапія


Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918.
Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918.

Схільнасьць некаторых грамадзянаў верыць у карысьць і магутнасьць урынатэрапіі не такая ўжо і дзіўная. Па сутнасьці, лячыцца ўласнай мачой спрабуюць тыя самыя людзі, якія рэгулярна купляюць дзяржаўныя лятарэйныя білеты. Ім хочацца цуду. Ім хочацца бясплатнага цуду. Ім хочацца цуду тут і цяпер. І калі цуд аднойчы адбыўся з кімсьці іншым, то чаму б яму не адбыцца са мной?..

Яны даўно падазравалі, што цуд недзе блізка, але да пары ня ведалі, што настолькі. Смак і пах цуду значэньня ня маюць, адказнасьці за
Маці – мача, мэдыцына – мачаха.
цуд не існуе. Ніводзін доктар мэдыцынскіх навук ня дасьць людзям такой надзеі, якую падорыць ім кніжка якога-небудзь шамана-гамеапата. Мача – гэта ж сваё, роднае-прыроднае… Маці – мача, мэдыцына – мачаха.

Прыхільнікаў урынатэрапіі – тых, хто п’е сваю і чужую мачу, націраецца ёй, робіць ванны, кампрэсы – жывіць вера, а ня розум. На словы пра тое, што для арганізму непажадана, а часам і шкодна вяртаньне рэчываў, якіх ён мусіў пазбавіцца, адэпты ўрынатэрапіі знойдуць сотні заклёнаў і яшчэ больш розных “неабвержных” фактаў “із жызьні”. Што ж, чалавек, які моцна верыць у тое, што ўнутраны прыём мачы вылечыць яго і амаладзіць, сапраўды можа адчуць паляпшэньне. Гэта называецца плацэба. Але ж піць гэтую гарбатку з рэшткамі нашай жыцьцядзейнасьці… “Гледзячы чыю і навошта,” – загадкава ўсьміхнуцца яны ў адказ.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918.

…Улетку 1930 года на харкаўскім вакзале ўспацелымі чэкістамі быў арыштаваны маскоўскі прафэсар Аляксей Замкоў. Саракасямігадовы навуковец, былы выхаванец Пажаскага корпуса і вайсковы лекар, надумаў уцячы з СССР: ці то праз латыскую, ці то праз пэрсыдзкую мяжу. Арышт быў праведзены своечасова – прафэсар зьбіраўся вывезьці з краіны рабочых і сялян сакрэт цудоўнага і яшчэ не дасьледаванага да канца прэпарату пад назвай “гравідан”.

Працу над стварэньнем гравідану Замкоў пачаў некалькі год таму. Гэта былі дзіўныя і па-свойму вясёлыя часы: навука раптам вырашыла,
Былі гатовыя панесьці ад малпы.
што знаходзіцца на парозе вялікіх адкрыцьцяў у галіне амалоджваньня чалавечага арганізму, сярод грамадзянаў хадзілі чуткі, што неўзабаве будзе раскрытая таямніца несьмяротнасьці, прафэсар Іваноў у Сухумі натхнёна займаўся перасадкаю ворганаў шымпанзэ чалавеку, і тысячы жанчын з усяго Савецкага Саюзу пісалі Іванову, што згодныя панесьці ад малпы, каб нарадзіць у выніку савецкага супэрмэна. На гэтай хвалі савецкая ўлада паставіла перад вучонымі негалосную задачу: вынайсьці калі ня сродак супраць старэньня, дык хаця б нейкі танны і даступны стымулятар, які б даваў зьняверанаму народу моц і энтузіязм для вялікіх зьдзяйсьненьняў. І прафэсар Замкоў узяўся за справу.

Прэпарат, які ён вынайшаў, быў распрацаваны на аснове мачы цяжарных жанчын. Замкоў паспрабаваў ягонае дзеяньне на сабе. “Гэта было як пасьля бутэлькі шампанскага”, пісаў прафэсар. Дзесяць дзён яго арганізм быў на неверагодным уздыме, паддосьледныя жывёлы таксама нібы наноў нарадзіліся, старыя асобіны паводзіліся нібы маладыя, а сілы маладых павялічыліся ў некалькі разоў. Пазьней гравідан паспрабавалі на хворых чырвонаармейцах, на наркаманах (якія такім чынам вылечваліся ад залежнасьці) і зьняволеных. А пакуль што прафэсара называлі “махляром” і “прайдзісьветам”, прычым не за сьпінай, а ў галоўных савецкіх газэтах. І ён вырашыў уцячы з краіны туды, дзе прэпарат маглі ацаніць як сьлед.

За спробу ўцёкаў Замкова пакаралі высылкаю ў правінцыю, але неўзабаве гравідан атрымаў нечаканае прызнаньне наверсе, прафэсара вярнулі і нават даручылі кіраваць адмыслова створаным Інстытутам урагравіданатэрапіі. Быў наладжаны фабрычны выпуск новага леку. Паводле сваёй мэтодыкі Замкоў лячыў Молатава, Горкага, Кляру Цэткін. Праўда, апошнія двое хутка сканалі, нягледзячы на цудоўны гравідан. І ўвогуле, ад прэпарату чакалі большага. У 1938 інстытут зачынілі, у 1942 Замкоў памёр, а ў 60-х гадах вытворчасьць гравідану як “малаэфэктыўнага” і непатрэбнага лекавага сродку была ўрэшце цалкам спыненая. Савецкага звышчалавека навукоўцы так і не стварылі, з гэтым заданьнем партыі справілася хіба жонка Замкова скульптар Вера Мухіна, якая стварыла пачварнага памеру “Рабочага і калгасьніцу” – тут без гравідану відавочна не абышлося, яго прымалі і скульптар, і абедзьве статуі.

Прыкладна ў той самы час, калі Замкоў змагаўся за прызнаньне свайго гравідану, мача падалася добрым сродкам для выратаваньня
Піў адно ваду і ўласную мачу.
чалавецтва іншаму навукоўцу – брытанцу Джону Армстрангу. Містэр Армстранг абвясьціў мачу ледзьве не панацэяй і хутка займеў даволі шмат прыхільнікаў па абодва бакі Атлянтычнага акіяну. Каб давесьці цудадзейную моц мачы і пераканаць урынаскептыкаў, містэр Армстранг зрабіў невялічкі подзьвіг: некалькі тыдняў ён нічога ня еў і піў адно ваду і ўласную мачу. Пацьверджаньне таго, што праўда на іхным баку, прыхільнікі Армстранга здолелі адшукаць нават у Бібліі: словы “Пі са сваёй крыніцы” з Кнігі прыпавесьцяў яны чамусьці інтэрпрэтавалі як заклік Бога да ўсеагульнага выкарыстаньня ўрынатэрапіі.

Марсэль Дзюшан, "Фантан", 1917.

Натуральна, мача ў якасьці леку ад многіх хваробаў ужывалася і задоўга да Замкова і Армстранга. Яе – асьліную, мышыную, сабачую, а таксама мачу цнатлівак, шыбенікаў і ведзьмаў – прапісвалі і ў старажытнасьці, і ў сярэднявеччы, калі навука, натуральна, была разьвітая значна лепш, чым цяпер. Але новы гістарычны шанец мача атрымала ў канцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя на
Яны верылі ў канец сьвету
абшарах амаль сканалага Савецкага Саюза. Падманутыя савецкія людзі ня верылі ўжо ні ў што і былі гатовыя заўтра паверыць у што заўгодна і каму заўгодна. Яны верылі ў канец сьвету, Чумака, Кашпіроўскага, у тое, што раніцай адбудзецца другое прышэсьце, яны верылі ў іншаплянэтнікаў і рабыню Ізаўру, у мішак Гамі і татальную беларусізацыю, у тое, што Ленін – грыб, а іхная ўласная мача – амброзія і бясцэнны дар прыроды, прызначаны ў тым ліку і для ўнутранага спажываньня. Пенная плынь палілася ў трохлітровыя слоікі і малочныя бітоны, як маладое віно. У дактароў дадалося працы, як падчас вайны. Адна сьвятая шасьцідзесяцігадовая цётачка, аматарка прымаць зараджаную тэлевізарам мачу на галодны страўнік, раптам адчула, што ў яе аднавіліся мэнструацыі. “Я зноў стала жанчынай”, горда казала яна, “і ўсё дзякуючы ўрынатэрапіі”. У шпіталі высьветлілася, што ў цётачкі здарылася абшырнае ўнутранае кровазьліцьцё ў выніку ўзьдеяньня мачы на застарэлую язву страўніка. Сярод тых, хто ўпадабаў сваю мачу, было нямала пажылых і старых людзей, якія пілі яе літрамі, ня ведаючы, што з узростам у мачы становіцца ўсё больш ацэтону. Атручваньне ўласнай мачой – на гэта здольны толькі чалавек… Бо ніводзін з сысуноў ня п’е ўласнай мачы і не абціраецца ёй, акрамя гома сапіенса.

З таго часу апантанасьць урынатэрапіяй у грамадзтве то затухала, то зноў пачынала біць паўнаводным струменем, але ніколі не зьнікала. Расейскі шаман і магістар ордэну жоўтага струменя Малахаў, які прапаведуе і практыкуе ўрынатэрапію ўжо шмат гадоў і ў арганізьме якога, здаецца, апрача мачы нічога не засталося, нават вёў ня так даўно тэлеперадачку, спакушаючы нявінныя душы да пакланеньня ўласным вадкім адкідам і іх рытуальнага расьпіцьця. Мача даступная і танная, а тэлевізійны этэр неверагодна дарагі. Таму цуд адбудзецца, шаман абяцае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG