Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўтаназія


Калісьці – гэта было яшчэ ў Менску – мяне вельмі ўзрушыла адна тэлеперадача, у якой вялося пра адмысловую швайцарскую клініку пад рамантычнай назвай “Дыгнітас”, то бок “Годнасьць”. Клініка спэцыялізуецца на эўтаназіі, яе пацыентамі становяцца тыя, хто, пакутуючы ад той або іншай невылечнай хваробы, вырашыў зьвесьці рахункі з жыцьцём.


Гэта як першаклясны гатэль, у якім селяцца навечна, з зайздрасьцю казаў журналіст, апісваючы клініку і называючы прыкладны кошт, у які абыходзіцца пацыентам кароткі побыт у “Дыгнітас”: такія рэчы цікавяць тэлегледачоў больш за ўсё.
Нумар зь відам на той сьвет.
Кажуць, перад сьмерцю ўсе роўныя – перад такой сьмерцю, запатэнтаванай клінікай “Дыгнітас”, відаць, роўныя ўсё ж ня ўсе, бо ня кожны пацыент здольны заплаціць за нумар зь відам на той сьвет... Цікава, ці ўваходзіць гэта ў іхную страхоўку: аплата эўтаназіі? Клініка сапраўды дапамагае людзям памерці з годнасьцю, безь мітусьні, без прыніжальнага страху і роспачы – тут паміраюць падрыхтавана, спакойна, з адчуваньнем таго, што выбар сапраўды належыць ім, а сьмерць зьяўляецца як абслуга, па выкліку.

Думаю, не адзін я мучыўся тады пытаньнем: як жа яны там жывуць, якім можа быць грамадзтва, у якім запавет “не забі” ператварыўся ў пачварнае “не забі – але калі мучыцца, то можаш, і табе нічога за гэта ня будзе”? Высьветлілася, што няблага.
Тут паміраюць падрыхтавана, спакойна.
Прынамсі, на вуліцах заходнеэўрапейскіх гарадоў мной не было заўважана ні геены вогненнай, якая ў сваіх геена-гігіенічных мэтах мусіла спапяліць забойцаў-адступнікаў у белых халатах разам зь іхнымі прыхільнікамі, ні разьверзлай зямлі пад нагамі галяндцаў, якія першымі легалізавалі эўтаназію, не было чуваць і змрочных фанфараў Страшнага суду. І нават Папа Ян Павел ІІ , кажуць, заявіў у свой час, што “выкарыстаньне мэдыцынскіх сродкаў у некаторых выпадках можа азначаць хіба непавагу да пацыента і не прыносіць яму карысьці”. Людзі гуляюць у футбол, пампуюць у сеціве парнуху, ахвяруюць на дэмакратыю, пішуць кнігі, глядзяць Эўрабачаньне, п’юць каву, ваююць за нафту, нараджаюць дзяцей, вучацца есьці сушы, працуюць, сутыкаюцца з хамствам і гвалтам, ядуць біг-макі ў мэтро, мокнуць пад дажджом, плачуць, сьмяюцца, пакрысе тупеюць. Жыцьцё працягваецца.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918.

Але сапраўды, мала хто зь іх заўважае, як моцна зьмяніўся сьвет, калі нават клятва Гіпакрата, якая праіснавала ў амаль нязьменным выглядзе некалькі тысячагодзьдзяў, вымагае цяпер карэктыроўкі. Дактары, якія ўдзельнічаюць у эўтаназіі, парушаюць як мінімум некалькі яе высакародных пунктаў. Ці ўсё ж не парушаюць? Вось, напрыклад, “не нашкодзь”. Але што ёсьць большай шкодай: працягваць чалавечыя пакуты ці спыніць іх? Ці ня ёсьць эўтаназія менавіта клопатам пра невылечна хворага і нічым іншым, як актам міласэрнасьці і дзейнасьцю ў інтарэсах пацыента – а ніякім не забойствам? Застаецца адзін пункт, які сапраўды парушаны: сьвятая павага да жыцьця; гэты пункт катэгарычна адмаўляе эўтаназію як несумяшчальную з працай лекара, а разам зь ёй і аборты. Але яго, здаецца, ужо адмянілі празь ягоную відавочную неактуальнасьць… Атрымліваецца, часам найвышэйшая павага да жыцьця ў тым, каб яго зьнішчыць.

Што да вышэйзгаданай сьвятой і ў той самы час абстрактнай павагі, то пра гэты аспэкт эўтаназіі цікава напісаў калісьці пісьменьнік-фантаст Тэры Пратчэт (дарэчы, хворы на Альцгаймэра і прыхільнік легалізацыі эўтаназіі).
Пазбавіўшы невыносных пакутаў.
Уявіце сабе, што на заведама значна слабейшага чалавека напаў жахлівы монстар і шанцаў на паратунак у чалавека ад пачатку няма. Вы будзеце глядзець, як монстар з асалодай разрывае яго на кавалкі? Ці, маючы такую магчымасьць, адным уколам заб’яце няшчасную ахвяру, пазбавіўшы яе невыносных пакутаў? Ва ўсялякім выпадку, піша Пратчэт, нельга назваць асабліва гуманным рашэньне пакласьці таго чалавека і монстра разам пад цёплую коўдрачку ў белым пакойчыку і называць гэта павагай да жыцьця.

Той самы Тэры Пратчэт піша пра свае размовы са старымі мэдсёстрамі: ён з жахам даведаўся ад гэтых жанчын, якія ўжо не баяліся пакараньня, пра тое, што эўтаназія ў шпіталях з дапамогай звычайнай падушкі – не такая ўжо рэдкая зьява. Тыя мэдсёстры не задумваліся пра законы, легалізацыю, этыку і кошт за свае паслугі, імі рухала чыстая жаночая міласэрнасьць.

Кажуць, у Бэльгіі, якая таксама легалізавала эўтаназію, у аптэках (але выключна на рэцэпт доктара) можна атрымаць за 60 эўра пакет з наборам для самагубства.
Чыстая жаночая міласэрнасьць.
Такім чынам, павага да жыцьця можа каштаваць і значна менш, чым дзень пражываньня (ці дажываньня?) у клініцы-гатэлі “Дыгнітас”. Такая сабе “дыгнітас” для бедных. Сьмерць і грошы – цікавая тэма: старажытнагрэцкі бог мэдыцыны Асклепій, нашчадкам якога ў 18-м калене лічыцца Гіпакрат – той, напрыклад, уваскрашаў мёртвых і аднаго нябожчыка ажывіў за грошы, што, пагадзіцеся, даволі дзіўна для бога.

Яцэк Мальчэўскi. Thanatos, 1919

Колькі год таму я быў у Брусэлі і, на жаль, не здагадаўся запытацца, як той набор для самагубства правільна называецца і як выглядае. Затое машына для небалючай эўтаназіі, якую змайстраваў і выкарыстоўваў у канцы мінулага стагодзьдзя амэрыканскі доктар Кеваркян, называлася прыгожа: мэрсітрон, ад слова “mercy”, вядома ж.
Стрымана і годна.
Машына дасылала ў арганізм хворага сьмяротную дозу зьмяшаных з анальгетыкамі прэпаратаў, якія выклікалі лёгкую і доўгачаканую сьмерць. Дыгнітас, Мэрсітрон – прыемна, калі сьмерцю займаюцца людзі з густам; на абшарах былога Савецкага Саюзу такія прыстасаваньні назвалі б як-небудзь кшталту УПЖрКС-55Ч, што, зрэшты, таксама няблага, бо абезаблічвае сьмерць. Доктар Кеваркян, доктар Сьмерць, як яго называлі, адправіў на той сьвет больш за сотню сваіх сьмяротна хворых пацыентаў, па іхнай волі, не па сваёй. Яго некалькі разоў апраўдваў суд штату, але пратэсты не спыняліся, і Кеваркян ўсё адно сеў нарэшце ў турму – здаецца, больш за ўсё абурыла прысяжных тое, што доктар Кеваркян не параіўся зь іншымі мэдыкамі перад тым, як выконваць волю сваіх пацыентаў.

Іншы доктар, Філіп Ніч, вырашыў ня зьвязвацца з законам, набыць карабель і рабіць паслугі па эўтаназіі ў міжнародных, нічыйных водах. Спадзяюся, калі ён ажыцьцявіў сваю задуму, то карабель назваў адпаведна: стрымана і годна.

Да стрыманасьці і годнасьці, як і да легалізацыі “забойстваў у імя міласэрнасьці”, дарасло ня кожнае грамадзтва. Па шчырасьці, я не магу назваць сябе ні прыхільнікам, ні праціўнікам эўтаназіі. І гэты артыкульчык маленькай псэўдамэдычненькай энцыкляпэдыі занадта цесны для мноства тоўстых і важных (і кожны пры гальштуку) аспэктаў такой праблемы. Ці ня стане легалізаваная эўтаназія выдатным сродкам пазбаўляцца ад сваякоў, прыладаю ў барацьбе з іншадумцамі? Дзе межы псыхічнае адэкватнасьці чалавека, які пакутуе ад болю? Нават мэрсітрон доктара Кеваркяна быў змайстраваны так, каб пацыент меў магчымасьць перадумаць – але перадумвалі нямногія.

У Беларусі эўтаназія, наколькі я ведаю, пакуль што забароненая. Напэўна, калі б камусьці прыйшло да галавы легалізаваць яе, зрабіць гэта можна было б хіба праз рэфэрэндум – гэткі спосаб народнага волевыяўленьня тут проста абажаюць. Аднак наўрад ці народ падтрымаў бы такую ініцыятыву – беларусы, якія са спакойным сэрцам выступаюць супраць адмены сьмяротнага пакараньня, з такім жа унутраным душэўным спакоем не дадуць сьмяротна хвораму пазбавіцца невыносных пакутаў. Нарадзіўся – жыві, як пісаў адзін забыты паэт, і гэта насамрэч – загад. Але ў чым я ні на каліва не сумняваюся: калі раптам такая прапанова будзе ўхваленая – ахвотных да эўтаназіі набярэцца багата, значна больш, чым здаецца прыхільнікам непарушнай айчыннай маралі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG