У сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial 47-ы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў, што не дапусьціць сытуацыі, у якой краіны БРІКС «спрабуюць адысьці ад даляра, у той час як мы толькі стаім і назіраем за гэтым», піша «Голас Амэрыкі».
«Мы запатрабуем ад гэтых, здавалася б, варожых краін абавязаньня не ствараць новай валюты БРІКС і не падтрымліваць ніякай іншай валюты для замены магутнага даляра ЗША», — напісаў Трамп, прыгразіўшы ў іншым выпадку ўвесьці ў дачыненьні да дзяржаў — удзельніц БРІКС мытаў у 100%.
«Няма ніякіх шанцаў, што БРІКС заменіць даляр ЗША ў міжнародным гандлі або дзе-небудзь яшчэ, і любая краіна, якая паспрабуе гэта зрабіць, павінна сказаць „вітаю“ мытам і „бывай“ — Амэрыцы!» — падсумаваў амэрыканскі прэзыдэнт.
БРІКС зьяўляецца фарматам узаемадзеяньня паміж некалькімі буйнымі эканомікамі сьвету: улады некаторых з іх спрабуюць выкарыстоўваць плятформу для прасоўваньня свайго бачаньня таго, якім, на іх думку, павінен быць сусьветны парадак. Арганізацыя зьявілася ў 2001 годзе як нефармальны клюб з удзелам Бразыліі, Расеі, Індыі і Кітая, у 2010 годзе яна папоўнілася пятым удзельнікам — Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. Праз 14 гадоў адбылося наступнае пашырэньне блёка, куды ўвайшлі Эгіпет, Іран, ААЭ, Эфіёпія, і пазьней — Інданэзія.
Зь лістапада 2024 году Беларусь лічыцца партнэрам БРІКС і далей імкнецца да сяброўства.
На працягу многіх гадоў тэма стварэньня нейкай агульнай валюты, якая нібыта магла б стаць альтэрнатывай долару, нярэдка ўзьнімалася на самітах БРІКС, аднак на гэты момант удзельнікі арганізацыі не дабіліся якога-небудзь значнага прагрэсу ў гэтым напрамку. У Расеі прапанавалі назваць будучую валюту БРІКС R5.
На мінулым тыдні Трамп заклікаў Маскву спыніць агрэсію супраць Украіны, дадаўшы, што «будзе толькі горш», калі ў бліжэйшы час Расеі ня ўдасца дасягнуць якіх-небудзь дамоўленасьцей аб спыненьні агню. У адваротным выпадку, працягваў Трамп, ён увядзе высокія пошліны, тарыфы і санкцыі на ўсё, што Расея і іншыя краіны, якія маюць дачыненьне да канфлікту, прадаюць ЗША.
Форум