Напэўна, ніякая паэзія не перадасьць важнасьць працэсу страваваньня ў жыцьці і сьветабудове так выразна, як гэты выкшталцоны і сумны граматычны вэрлібр:
“Я жару.
Ты жарэш.
Ён жарэ, яна жарэ.
Яно жарэ.
Мы жарэм.
Вы жараце.
Яны жаруць”.
Сапраўды: часам, каб стаць літаратурай, словам не патрэбны аўтар. Толькі кантэкст. Працытаваныя вышэй радкі – гэта адначасова і лірыка, і філязофія, і публіцыстыка. Як іх успрымаць: як заклік, як развагу, як жальбу, як апраўданьне?... Залежыць толькі ад чытача. А чытач, у сваю чаргу, залежыць ад свайго апэтыту. Сыты ўбачыць тут толькі сухі праснак, выпечаны клятымі постмадэрністамі. А вось у згаладнелага прачытаньне такога верша, упэўнены, абудзіць самыя палымяныя пачуцьці і раскошныя фантазіі.
Увогуле, страўнік – найвялікшы рэвалюцыянэр у нашым арганізьме. Ні сэрца, ні зубы, ні лёгкія, ні апэндыкс ня здольныя вывесьці народ на плошчы і зьмяніць тыранічны лад, пры якім той народ вымушаны жыць. А вось страўнік робіць гэта хутка, элегантна і эфэктыўна.Прыкладам гэтаму можа быць практычна любая рэвалюцыя, у любым маштабе. У адным зь менскіх мікрараёнаў зачынілі міні-рынак, які штодня пастаўляў на сталы жыхароў сьвежую і даступную гародніну ды мяса. З таго трагічнага дня мікрараён, які славіўся сваёй адзінадушнай падтрымкай дзейнай улады, ператварыўся ў наскрозь апазыцыйны, а некаторыя хатнія гаспадыні, калі чуюць пра кіраўніцтва краіны, хапаюцца за апалонік, як за маўзэр.
Нават самыя вялікія ідэі – толькі танны гарнір да пустога чалавечага страўніка.
Чалавечае страваваньне здаўна было часткай палітыкі: яе аб’ектам, рычагом, інструмэнтам, ворагам ці хаўрусьнікам... Напрыклад, голад станавіўся пакараньнем для цэлых народаў, голадам пераконвалі самых упартых, галадалі гарады, трываючы аблогу; галадалі сяляне, галадалі салдаты, галадалі вязьні. Галадаморам сталінскі рэжым спрабаваў зламаць украінцаў. Практычна кожная нацыя з тых, якія пайшлі разам з “братняю Русьсю”, перажыла ў свой час голад ці хаця б нястачу ежы. Голадам у выніку перанасяленьня тэрыторыі палохалі мальтузіянцы і фашысты. Аднак голад можа быць і модным. І, шчыра кажучы, нейкім зьдзекам на фоне голаду ў Афрыцы выглядаюць дыеты і глямурная анарэксія мадэлек і зорак так званага шоў-бізнэсу.
На гэтай плянэце галадалі, галадаюць і будуць галадаць: “бог ня роўна дзеле”, напісаў калісьці Багушэвіч, і разнамасныя тыраны супакойваюць сябе тым, што калі ўжо сам бог так робіць, то дзе ўжо ім падзяліць харч пароўну.
“Хлеба і відовішчаў” патрабавалі плябеі ў старажытным Рыме, “чаркі і шкваркі” просяць сучасныя плябеі, бо відовішчамі іх абачліва забясьпечылі. Пэўным палітычным сыстэмам дужа выгодна, каб ня мозг кіраваў страўнікам, а наадварот. Але голад можа стаць і зброяй супраць такіх сыстэмаў – у арсэнале іншадумцаў заўжды ёсьць галадоўка, крайняя мера супраць беззаконьня, адмаўленьне ад уласнага страваваньня мусіць прадэманстраваць гранічную адказнасьць за свае ўчынкі і сур’ёзнасьць намераў. Галадоўка дысыдэнтаў – гэта ў пэўным сэньсе адказ ворагу на яго мове. Бо ў вачах улады страваваньне – гэта адзінае, што мусіць турбаваць яе падданых. Таму эмігрантаў так часта абвінавачваюць у тым, што яны ўцякаюць “па танную каўбасу” – ляяльным грамадзянам цяжка ўявіць сабе, што чалавекам можа кіраваць нешта, апрача харчовай патрэбы.
Нічога дзіўнага ў такім прымаце страваваньня над іншымі працэсамі чалавечага арганізму, вядома ж, няма. “Чалавек мусіць перадусім жэрці, так!” – казаў герой аднаго апавяданьня, разважаючы, за каго галасаваць на выбарах.Жэрці, каб пасьпяхова функцыянаваць, каб не спыняўся матор. Цяпер параўнаньне чалавека з машынаю, а ежы з палівам ужо нікога ня зьдзівіць, але ў XVIII стагодзьдзі, калі францускі філёзаф Ж.А. Лямэтры апублікаваў сваю працу “Чалавек – машына”, сярод эўрапейскіх інтэлектуалаў доўга не сьціхалі жарсныя спрэчкі. “Ежа аднаўляе ў нас тое, што пажыраецца ліхаманкай,” – пісаў Лямэтры, -- “бязь ежы душа зьнемагае, разьюшваецца і нарэшце, зьнясіленая, памірае. Калі ж жывіць судзіны цела гаючымі сокамі і падмацавальнымі напоямі, то душа становіцца бадзёрай, напаўняецца гордай адвагай і падобная на жаўнера, які, ажываючы пад гукі барабана, бадзёра крочыць насустрач сьмерці…” На малюнку Лямэтры выглядае чалавекам, які любіў добра паесьці. І выпіць, напэўна, таксама…
Чалавеку творчаму вельмі прыкра, што ён знаходзіцца ў такой рабскай залежнасьці ад свайго страўніка і вымушаны насіць яму некалькі разоў на дзень тапачкі ў зубах. Адзін мой знаёмы грузінскі мастак прызнаваўся, што неабходнасьць есьці для яго – прыніжальная. Страваваньне крадзе час у творчасьці і замінае самаўдасканаленьню і прасьвятленьню. Нездарма манахі і розныя аскеты марылі сябе голадам.
Часта чуеш, што творца павінен быць галодным, каб стварыць нешта вартае. Праз голад часта праходзяць ня толькі мастакі, але і паэты, музыкі, філёзафы. Лічыцца, што голад стымулюе творчасьць: муза не павінна быць кухаркай, інакш ёй давядзецца мыць посуд. Голад часта становіцца тэмаю або дэкарацыяй для твораў, а галодныя – героямі, пэрсанажамі, почасту – вельмі любімымі публікай, бо намаляваных жабракоў заўжды больш шкада, чым жывых. “Голад” Кнута Гамсуна выклікае ў душы боль, падобны да рэзяў у страўніку. Знакаміты Галадар Кафкі (дарэчы, па-мойму, перакладзены на беларускую як Галадамор) – у арыгінале называецца Hungerkünstler, Мастак Голаду. Адчуваць, што на сьвеце няма ежы, якую хацелася б пакаштаваць – на такую пакуту здольны толькі геній.
Праўда, той усемагутны страўнік, які не адчувае праблемаў з самазапаўненьнем, дае чалавеку пагуляцца ў свабоду выбару. Страўніку ў момант прыёму ежы ўсё адно, што яму падсоўваюць: гарачую ежу ці халодную, рэдкую ці густую, карысную ці шкодную.Таму чалавек, істота ўсяядная, здольны да пары жэрці што папала: ня толькі расьліны, грыбы і жывёлаў, але і жабак, саранчу, сушы, вакзальныя беляшы і сабе падобных. Густы чалавека наогул уражваюць сваёй разнастайнасьцю. Камусьці да спадобы тэрміты, камусьці пялёсткі ружаў, хтосьці жыць ня можа бязь мяса, а хтосьці гатовы зьдзейсьніць самаспаленьне ў імя вэгетарыянства. Леапольд Блюм з Джойсавага “Уліса” любіў баранаву нырку, і каб тая абавязкова трохі пахла мачою. Аднаго чалавек не выносіць – адсутнасьці ў ежы “разынкі”, нечага piquant, карацей, смаку. Лепш падгнілае, чым прэснае.
Умелы ядок можа кіраваць страўнікам, а зь яго дапамогай – і ўсім арганізмам; яшчэ большую ўладу мае кухар, шэры кардынал лёсаў чалавечых: правільна падабраная ежа можа стаць як нагаворным зельлем, так і атрутаю, можа выклікаць што заўгодна на любую літару, вось скажам на “п”: пякотку, падучку, паралюш, пыхлівасьць, паблажлівасць, пісучасьць, пажадлівасць, палавыя “ізьлішаствы”, падваеньне асобы, пук, панос, пагарду, пруху, правал, прыступ патрыятызму ці панкрэатыту – як пашанцуе.
Дарэчы, наконт патрыятызму. Чалавечы страўнік, між іншым, цалкам салідарны са Скарынам і таксама лічыць, што “дзе людзі ўскормлены… да таго месца яны вялікую ласку імаюць”. Ён чулы да падману і адразу рэагуе , калі ў яго пакласьці нешта незнаёмае, ён – ксэнафоб, наш страўнік. “Зьмены заўсёды пакутлівыя,” – пісаў Мантэнь. – “…Паспрабуйце давесьці, што каштаны шкодныя жыхарам Пэрыгору і Люкі, а малако і сыр – горцам. Найлепшае, што могуць зрабіць хворыя, – гэта прытрымлівацца звыклага ладу жыцьця і звыклай ежы.Калі ж ім прадпісваць нешта супрацьлеглае, такое перамены ня выцерпіць і здаровы чалавек”. Ня толькі працэс самога страваваньня, але і ягоны працяг вымагае пэўнага кансэрватызму. Для страваваньня важна ня толькі есьці звыклую ежу – нават месца для дэфэкацыі лепш мець тое самае. Як пісаў той самы Мантэнь: “… Па вялікай патрэбе трэба хадзіць у строга вызначаныя гадзіны, лепш уначы… Для гэтай справы неабходныя вызначаныя месца і сядзеньне”.
Але “да ўсяго прывыкае падлюга-чалавек”, мог бы скрушна прамовіць страўнік. Нават да саранчы і біятуалета.
Страўнік карае непаслухмяных і здольны зганіць іх дзе заўгодна: у ліфце, у труне ці на афіцыйным прыёме ў прысутнасьці дамаў. Адсутнасьць дастатковай колькасьці грамадзкіх прыбіральняў у Менску часам наводзіць на думку, што тут, напэўна, вывелі новую пароду чалавека: бяз страўніка, бяз кішак, чалавека, якому незнаёмая патрэба аблягчыцца. Напэўна, менавіта такія істоты працуюць у мэрыі. Праўда, я чуў, цяпер у родным горадзе можна зайсьці ў любую кавярню і замовіць сабе на хвілінку ўнітаз – абсалютна бясплатна.
Як жыць, як патрафіць густам страўніка і ня страціць пачуцьця ўласнай годнасьці? Я дык кіруюся такім непапулярным у наш час прынцыпам: ем тое, што мне смачна, і ня ем нясмачнае. На першы погляд даволі старамодны падыход, дый ня кожны фізычна здольны на такое выпрабаваньне. Можна, вядома, харчавацца і выключна паводле мэдычных рэкамэндацый, то бок пасьвіцца на лугах, адганяючы хвастом голад, і есьці толькі вітамінізаваную траву. Але, як сказаў адзін невядомы старажытнарымскі паэт:
An vivere tanti est?
Ці вартае жыцьцё такой цаны?
“Я жару.
Ты жарэш.
Ён жарэ, яна жарэ.
Яно жарэ.
Мы жарэм.
Вы жараце.
Яны жаруць”.
Сапраўды: часам, каб стаць літаратурай, словам не патрэбны аўтар. Толькі кантэкст. Працытаваныя вышэй радкі – гэта адначасова і лірыка, і філязофія, і публіцыстыка. Як іх успрымаць: як заклік, як развагу, як жальбу, як апраўданьне?... Залежыць толькі ад чытача. А чытач, у сваю чаргу, залежыць ад свайго апэтыту. Сыты ўбачыць тут толькі сухі праснак, выпечаны клятымі постмадэрністамі. А вось у згаладнелага прачытаньне такога верша, упэўнены, абудзіць самыя палымяныя пачуцьці і раскошныя фантазіі.
Увогуле, страўнік – найвялікшы рэвалюцыянэр у нашым арганізьме. Ні сэрца, ні зубы, ні лёгкія, ні апэндыкс ня здольныя вывесьці народ на плошчы і зьмяніць тыранічны лад, пры якім той народ вымушаны жыць. А вось страўнік робіць гэта хутка, элегантна і эфэктыўна.
Страўнік – найвялікшы рэвалюцыянэр.
Нават самыя вялікія ідэі – толькі танны гарнір да пустога чалавечага страўніка.
Чалавечае страваваньне здаўна было часткай палітыкі: яе аб’ектам, рычагом, інструмэнтам, ворагам ці хаўрусьнікам... Напрыклад, голад станавіўся пакараньнем для цэлых народаў, голадам пераконвалі самых упартых, галадалі гарады, трываючы аблогу; галадалі сяляне, галадалі салдаты, галадалі вязьні. Галадаморам сталінскі рэжым спрабаваў зламаць украінцаў. Практычна кожная нацыя з тых, якія пайшлі разам з “братняю Русьсю”, перажыла ў свой час голад ці хаця б нястачу ежы. Голадам у выніку перанасяленьня тэрыторыі палохалі мальтузіянцы і фашысты. Аднак голад можа быць і модным. І, шчыра кажучы, нейкім зьдзекам на фоне голаду ў Афрыцы выглядаюць дыеты і глямурная анарэксія мадэлек і зорак так званага шоў-бізнэсу.
На гэтай плянэце галадалі, галадаюць і будуць галадаць: “бог ня роўна дзеле”, напісаў калісьці Багушэвіч, і разнамасныя тыраны супакойваюць сябе тым, што калі ўжо сам бог так робіць, то дзе ўжо ім падзяліць харч пароўну.
“Хлеба і відовішчаў” патрабавалі плябеі ў старажытным Рыме, “чаркі і шкваркі” просяць сучасныя плябеі, бо відовішчамі іх абачліва забясьпечылі. Пэўным палітычным сыстэмам дужа выгодна, каб ня мозг кіраваў страўнікам, а наадварот. Але голад можа стаць і зброяй супраць такіх сыстэмаў – у арсэнале іншадумцаў заўжды ёсьць галадоўка, крайняя мера супраць беззаконьня, адмаўленьне ад уласнага страваваньня мусіць прадэманстраваць гранічную адказнасьць за свае ўчынкі і сур’ёзнасьць намераў. Галадоўка дысыдэнтаў – гэта ў пэўным сэньсе адказ ворагу на яго мове. Бо ў вачах улады страваваньне – гэта адзінае, што мусіць турбаваць яе падданых. Таму эмігрантаў так часта абвінавачваюць у тым, што яны ўцякаюць “па танную каўбасу” – ляяльным грамадзянам цяжка ўявіць сабе, што чалавекам можа кіраваць нешта, апрача харчовай патрэбы.
Нічога дзіўнага ў такім прымаце страваваньня над іншымі працэсамі чалавечага арганізму, вядома ж, няма. “Чалавек мусіць перадусім жэрці, так!” – казаў герой аднаго апавяданьня, разважаючы, за каго галасаваць на выбарах.
Жэрці, каб функцыянаваць.
Чалавеку творчаму вельмі прыкра, што ён знаходзіцца ў такой рабскай залежнасьці ад свайго страўніка і вымушаны насіць яму некалькі разоў на дзень тапачкі ў зубах. Адзін мой знаёмы грузінскі мастак прызнаваўся, што неабходнасьць есьці для яго – прыніжальная. Страваваньне крадзе час у творчасьці і замінае самаўдасканаленьню і прасьвятленьню. Нездарма манахі і розныя аскеты марылі сябе голадам.
Часта чуеш, што творца павінен быць галодным, каб стварыць нешта вартае. Праз голад часта праходзяць ня толькі мастакі, але і паэты, музыкі, філёзафы. Лічыцца, што голад стымулюе творчасьць: муза не павінна быць кухаркай, інакш ёй давядзецца мыць посуд. Голад часта становіцца тэмаю або дэкарацыяй для твораў, а галодныя – героямі, пэрсанажамі, почасту – вельмі любімымі публікай, бо намаляваных жабракоў заўжды больш шкада, чым жывых. “Голад” Кнута Гамсуна выклікае ў душы боль, падобны да рэзяў у страўніку. Знакаміты Галадар Кафкі (дарэчы, па-мойму, перакладзены на беларускую як Галадамор) – у арыгінале называецца Hungerkünstler, Мастак Голаду. Адчуваць, што на сьвеце няма ежы, якую хацелася б пакаштаваць – на такую пакуту здольны толькі геній.
Праўда, той усемагутны страўнік, які не адчувае праблемаў з самазапаўненьнем, дае чалавеку пагуляцца ў свабоду выбару. Страўніку ў момант прыёму ежы ўсё адно, што яму падсоўваюць: гарачую ежу ці халодную, рэдкую ці густую, карысную ці шкодную.
Саранча, сушы, вакзальныя беляшы.
Умелы ядок можа кіраваць страўнікам, а зь яго дапамогай – і ўсім арганізмам; яшчэ большую ўладу мае кухар, шэры кардынал лёсаў чалавечых: правільна падабраная ежа можа стаць як нагаворным зельлем, так і атрутаю, можа выклікаць што заўгодна на любую літару, вось скажам на “п”: пякотку, падучку, паралюш, пыхлівасьць, паблажлівасць, пісучасьць, пажадлівасць, палавыя “ізьлішаствы”, падваеньне асобы, пук, панос, пагарду, пруху, правал, прыступ патрыятызму ці панкрэатыту – як пашанцуе.
Дарэчы, наконт патрыятызму. Чалавечы страўнік, між іншым, цалкам салідарны са Скарынам і таксама лічыць, што “дзе людзі ўскормлены… да таго месца яны вялікую ласку імаюць”. Ён чулы да падману і адразу рэагуе , калі ў яго пакласьці нешта незнаёмае, ён – ксэнафоб, наш страўнік. “Зьмены заўсёды пакутлівыя,” – пісаў Мантэнь. – “…Паспрабуйце давесьці, што каштаны шкодныя жыхарам Пэрыгору і Люкі, а малако і сыр – горцам. Найлепшае, што могуць зрабіць хворыя, – гэта прытрымлівацца звыклага ладу жыцьця і звыклай ежы.
Я ем тое, што смачна.