Зь Менску ў Ляхавічы
Тацяне Крапіневіч 43 гады. Паводле адукацыі яна настаўніца матэматыкі. Доўгі час займалася бізнэсам. У нейкі момант адчула, што стамілася, выгарала. Вырашыла цалкам зьмяніць сваё жыцьцё і адважылася са сталіцы пераехаць у малы горад.
«Мне прапанавалі працу ў Ляхавічах. Паехалі, паглядзелі — спадабалася. У нас вялікая сям’я — чацьвёра дзяцей. Два сыны ўжо дарослыя, жывуць у Менску. А мы з мужам і малодшымі дочкамі пераехалі. Я працавала два гады настаўніцай, а пасьля таго як выйграла абласны конкурс „Настаўнік году – 2023“, мне прапанавалі пасаду намесьніцы дырэктара гімназіі. Я была фіналісткай і рэспубліканскага конкурсу, але да супэрфіналу не дайшла», — узгадвае Тацяна.
У Ляхавіцкім раёне ніколі не было пераможцаў настаўніцкіх конкурсаў. Тацяна стала першай, ёй ганарыліся. Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА ў кастрычніку 2023 году апублікавала вялікае інтэрвію з Крапіневіч «З офісу — у школу, зь Менску — у Ляхавічы. Настаўнік матэматыкі пра тое, як знайсьці сваё пакліканьне». Але ўжо праз год усё зьмянілася. Тацяна трапіла ў шпіталь, дзе даведалася пра цікавасьць з боку сілавікоў.
«13 сьнежня, у пятніцу, мне тэлефануе дырэктарка школы ў Telegram, што мяне вельмі зьдзівіла. Кажа: „Таня, не палохайся, у школу па цябе прыходзілі тры супрацоўнікі РУУС“. Я пытаюся: „Што здарылася?“. Яна пераслала мне першы пост Бондаравай. Ды я яе наагул ня ведаю! Але ў мяне ёсьць падазрэньне, што хтосьці ёй проста данёс на мяне», — мяркуе Тацяна.
Суразмоўца прызнаецца, што ўвосень 2020 году напісала некалькі эмацыйных пастоў у сацсетках.
«Я ў парыве, як і многія беларусы, выставіла фота чырвона-белай пасьцілы, выяву майкі з надпісам „Перамены пачынаюцца на нашых уроках“, было ў пасьце словазлучэньне „Час перамен“. У 2021 годзе, калі выйшаў артыкул Мукавозчыка пра настаўнікаў, я адразу вычысьціла ўсё — падпіскі, пасты, якія маглі б скампрамэтаваць мяне. І тут усе яны „ўсплываюць“ у Бондаравай — зь якога перапуду? Я ніколі зь ёю не сустракалася, нічога ня ведала пра яе канал — і тут такая цікавасьць да мяне! На сёньняшні дзень Бондарава напісала 9 пастоў: абвінавачвае ў супрацоўніцтве з Захадам, што я дзецям прамываю мазгі, што я „ідэйная змагарка“. Я падазраю, што хтосьці зрабіў скрыншоты і напісаў на мяне данос», — разважае Тацяна.
Яна дадае, што ў лістападзе 2024 году ўжо мела досьвед кантактаваньня з супрацоўнікамі КДБ, якія прыходзілі ў школу. Тады выклікалі пяцёх настаўнікаў; дваіх адразу завезьлі ў КДБ за падпіскі і лайкі, забралі тэлефоны, быў суд — прысудзілі вялікія штрафы, узгадвае жанчына.
«Мяне тады пранесла, хоць у маім тэлефоне было шмат украінскіх кантактаў, падпісак. Мы часта езьдзілі па Ўкраіне да 2020 году. Казалі, што я працую на ўкраінскія спэцслужбы. Адзін з супрацоўнікаў прамовіў: «Ну што, афармляем і забіраем?». А другі кажа: «Не, не хачу», — і аддае мне тэлефон. Мне тады проста пашанцавала.
Разумеючы, што проста так супрацоўнікі міліцыі на працу не прыходзяць, пабачыўшы пасты Бондаравай, колькі даносаў яна напісала, колькі людзей пасадзіла, у тым ліку і Алеся Пушкіна, я напісала сярэдняй дачцэ, якая вучыцца ў ліцэі ў Нямеччыне — што рабіць? Дачка адразу сказала: «Мама, я запаўняю заяўку на эвакуацыю», — расказвае Тацяна, як хутка за яе ўсё вырашыла дачка.
Жыцьцё па кавалачках
Празь дзень Тацяне патэлефанавалі супрацоўнікі фонду BySol, а назаўтра яны з малодшай дачкой выехалі з краіны.
«Муж застаўся ў Беларусі, адносіны ў нас зь ім апошнім часам былі ня вельмі добрыя, мы разводзімся. 16 сьнежня мы з малодшай дачкой выехалі з адным заплечнікам. Празь месяц дабраліся да Варшавы, падалі дакумэнты на міжнародную абарону, нанялі кватэру. Днямі я павезла дакумэнты ў адміністрацыю. Сонейка, марозны дзень — і я злавіла сябе на думцы, што ў мяне зьявілася дзіцячае адчуваньне бясьпекі, бесклапотнасьці, чаго я не адчувала даўно. Бо ў школе, на працы я пастаянна была ў страху: а раптам ня тое сказала, ня тое зрабіла, нібыта і стала „настаўнікам году“, падрыхтавала алімпіяднікаў — усё адно недастаткова... Паступова пачынаем зьбіраць сваё жыцьцё па кавалачках», — дзеліцца сваімі адчуваньнямі Тацяна.
У Беларусі ў настаўніцы засталіся бацькі, сястра, двое старэйшых сыноў. Яна кажа, што страх за сваякоў ёсьць, але для сябе яна цьвёрда вырашыла, што ня будзе маўчаць, як маўчала ў Беларусі.
«Я ні ў чым не вінаватая, справа на мяне цалкам сфабрыкаваная Бондаравай і ГУБАЗіКам. „Калі вам страшна, калі вы баіцеся, — сказала я сваякам, — я дапамагу вам зьехаць. Можаце адхрысьціцца ад мяне. Але я не магу маўчаць, тут я буду гаварыць“. Я не вучыла дзяцей сьпяваць гімн і хадзіць шыхтом. На ўроках я займалася зь імі толькі матэматыкай. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта не пра школу, не пра навучаньне, не пра выхаваньне. Проста стараюцца ўпіхнуць усім у галаву, што ёсьць адзін „ сьвяты чалавек“, дзякуючы якому мы жывём, і павінны на яго маліцца», — суразмоўцу перапаўняюць эмоцыі.
«Матэматыкі ня трэба, трэба ідэалёгія і патрыятызм»
Што да атмасфэры, якая пануе цяпер у школе, Тацяна паўтарае, што галоўнае цяпер ня веды, не навучаньне, не адукацыя, а ідэалёгія.
«На жнівеньскай нарадзе сказалі, дзяўбуць на ўсіх пэднарадах: „Забудзьцеся пра навучаньне і адукацыю, найперш у школе — патрыятычнае выхаваньне, прапаганда, ідэалёгія“. Нас абавязалі хадзіць са значком-сьцягам, кожную чвэрць пачынаем і заканчваем гімнам, спрэс „сьвяты адзінства“, лінейкі, пастаянна праходзяць урокі па тэмах Вялікай Айчыннай.
Кожны чацьвер — „Школа актыўнага грамадзяніна“ (ШАГ), дзе ідэолягі прамываюць дзецям мазгі. Ня важна, што на ёй адбываецца, галоўнае — зьняць дзяцей. Няма фота — „Вы нічога не праводзілі“. Фота абавязкова трэба выслаць завучу ў выхаваўчай працы, апублікаваць на сайце, у тэлеграм-канале», — кажа Тацяна.
На яе думку, дзеці не такія ж ужо і дурныя. Яны ўдзельнічаюць у гэтым фарсе, бо ім пастаянна абяцаюць нейкія патураньні — паставіць дзясятку, дазволіць не прыйсьці ў школу ў суботу на нейкае мерапрыемства.
«Кожны дзень усім нагадвалі: „Гэта ж электаральны год, вы ўсё разумееце“. На бацькоўскія сходы запрашаюць супрацоўнікаў сілавых структур. Дзяцей водзяць на экскурсіі ў турмы, у вайсковыя часткі. У нас адкрыўся цэнтар дапрызыўнай падрыхтоўкі, вайскова-патрыятычны клюб. Я катэгарычна супраць дзяцей са зброяй. Але ж зладзілі адкрыцьцё зь пераразаньнем стужкі, дзеці ў вайсковай форме зьбіраюць-разьбіраюць аўтамат Калашнікава... Я ж кажу: матэматыкі ня трэба, трэба ідэалёгія і патрыятызм», — кажа Тацяна.
Яна згадвае, што нядаўна ўсіх клясных кіраўнікоў абавязалі маніторыць сацыяльныя сеткі вучняў. Завучу па выхаваўчай працы яны павінны падаваць зьвесткі, хто пра што піша, на што падпісаны. На ўсіх лінейках, сходах, сьвятах усе павінны сьпяваць гімн. Гімн трэба сьпяваць толькі цалкам, нельга часткова, узгадвае жанчына.
«Гэта ўсё запісваюць на відэа, і тых настаўнікаў, якія не сьпяваюць, выклікаюць на разборкі. У нас жа выйшаў закон аб дзяржаўнай сымболіцы, дык ня дай Божа не пад тым вуглом сьцяг вісіць — ходзяць зь лінейкай і мераюць даўжыню дрэўка, якое павінна мець пэўныя прапорцыі са сьцягам. Гэта ўсё прапісана ў законе, і настаўнікі павінны гэта ведаць», — Тацяна можа доўга пералічваць, што сёньня ў прыярытэце ў школе.
Цяпер Тацяна Крапіневіч з 15-гадовай дачкой у бясьпецы, іх эвакуавалі за лічаныя дні да суду. Яны пачынаюць наладжваць новае жыцьцё ў новай краіне. Настаўніца зьбірае сродкі на першы час, пакуль не ўладкуе свае справы на стала. Амаль усю неабходную суму ўдалося сабраць у першыя гадзіны пасьля абвяшчэньня збору.
Форум