Заходнія краіны абвінавацілі Кітай у пастаўках Маскве мікрачыпаў і іншых крытычна важных тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія «падсілкоўваюць жорсткую агрэсіўную вайну Расеі».
Расьсьледаваньне правялі журналіст-расьследнік Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Карл Шрэк і расьледнікі «Схемаў» — расьсьледніцкага аддзелу Ўкраінскай службы Радыё Свабода — Кірыла Аўсяны і Ганна Міранюк.
Вашынгтон і Брусэль увялі санкцыі ў дачыненьні да сотняў кітайскіх кампаній і фізычных асоб. Мэта гэтага ціску — спыніць паток тэхналёгій у ваенную машыну Крамля. Але гэтыя заходнія санкцыі не закранулі каля двух дзясяткаў кітайскіх кампаній, якія пастаўляюць у Расею галій, германій і сурму — ключавыя элемэнты, знойдзеныя ў бесьпілётніках і ракетах, якія Масква выкарыстоўвае для ўдараў па Ўкраіне.
Расьсьледаваньне «Схем» паказала, што гэтыя кітайскія кампаніі пастаўляюць важныя карысныя выкапні расейскаму вайскова-прамысловаму комплексу, у тым ліку дзяржаўнаму канглямэрату «Ростех». Згодна з заявамі самога «Ростеха», ён забясьпечвае амаль 80 працэнтаў паставак зброі, якую Крэмль выкарыстоўвае ва Ўкраіне.
Згодна з дадзенымі, якія атрымаў Праект па справаздачнасьці аб арганізаванай злачыннасьці і карупцыі (OCCRP) і зь якімі азнаёміліся «Схемы», сама менш траціна гэтых пастаўшчыкоў часткова належыць ураду Кітая, які публічна адмаўляе, што «распальвае агонь» расейскай вайны ва Ўкраіне.
Сярод атрымальнікаў гэтых кітайскіх мэталаў — расейская фірма, якая належыць японскаму ўласьніку. Яна прадавала крэмніевыя пласьціны расейскім вытворцам збройнай мікраэлектронікі. Гэта паказваюць мытныя і падатковыя дакумэнты, прагледжаныя «Схемамі».
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ЗША і ЭЗ увялі абмежаваньні на экспарт галію, германію і сурмы ў Расею. Але Кітай не далучыўся да заходніх санкцый супраць Масквы, таму іх эфэктыўнасьць аказваецца абмежаванаю.
«Калі паміж кітайскай і расейскай кампаніямі ёсьць прамое супрацоўніцтва, то санкцыі заходніх партнэраў наўпрост на гэта не ўплываюць. Яны могуць далей рабіць тое, што і робяць паміж сабой», — сказаў «Схемам» упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны па санкцыйнай палітыцы Ўладзіслаў Уласюк.
Аднак Уласюк дадаў, што санкцыі, тым ня менш, адыгрываюць важную ролю ва ўскладненьні ланцужка забесьпячэньня расейскай арміі.
Канвэнцыйная і ядзерная зброя
Многія краіны па ўсім сьвеце — у тым ліку Злучаныя Штаты і краіны-чальцы ЭЗ — захоўваюць запасы галію, германію і сурмы, бо гэтыя рэчывы вельмі важныя для мікраэлектронікі і вытворчасьці зброі.
«Гэта ўсё элемэнты, якія ўваходзяць у склад любых радыёэлектронных сыстэм... і тым больш у зоне баявых дзеяньняў, на вайсковых аб’ектах, у любой абарончай сыстэме», — расказала «Схемам» выкладчыца авіёнікі Кіеўскага авіяцыйнага інстытуту Тацяна Саламаха.
Сярод шматлікіх спосабаў выкарыстаньня гэтых мінэралаў у вайсковых мэтах — ядзерная зброя, акуляры начнога бачаньня, сыстэмы лазэрнага навядзеньня, бесьпілётнікі і інфрачырвоныя датчыкі для вайсковых караблёў, самалётаў, ракет і танкаў.
«Гэтыя мэталы выкарыстоўваюцца ў мікрапрацэсарах. Дрон без кантролера палёту і бяз гэтага мікрапрацэсара проста не паляціць», — сказаў «Схемам» заснавальнік украінскай кампаніі Lab 418, якая вырабляе дроны, Антон Пабута.
Калі Кітай, найбуйнейшы ў сьвеце вытворца галію, германію і сурмы, у мінулым месяцы забараніў сваім кампаніям пастаўляць гэтыя тры мінэралы ў Злучаныя Штаты ў адказ на новыя захады экспартнага кантролю ЗША, нацэленыя на Пэкін, кітайскія чыноўнікі спэцыяльна спасылаліся на іх вайсковыя прымяненьні.
Але Пэкін трывала замацаваўся на рынку гэтых карысных выкапняў у Расеі, і сярод пакупнікоў шмат кампаній, якія ўжо трапілі пад санкцыі ЗША. На фоне заходніх санкцый Кітай стаў адзіным замежным пастаўшчыком галію і германію ў Расею ў 2023 годзе і застаецца найбуйнейшым пастаўшчыком сурмы ў Расею, сьведчаць дадзеныя расейскай мытні, атрыманыя «Схемамі».
Дакумэнты аб дзяржаўных закупках паказваюць, што Cryotrade Engineering, імпартэр кітайскага галію, вядзе справы зь некалькімі расейскімі навукова-дасьледчымі інстытутамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, у тым ліку з Курчатаўскім інстытутам — распрацоўшчыкам ядзернай зброі, які ўзначальвае блізкі паплечнік Пуціна.
Галій выкарыстоўваецца для стабілізацыі плютонію ў атамных бомбах. Як галій, так і германій выкарыстоўваюцца ў тэхналёгіях, якія маюць вырашальнае значэньне для расейскай зброі, у тым ліку ў сыстэмах лазэрнага навядзеньня, напрыклад у тых, што выкарыстоўваюцца ў выведных бесьпілётніках «Арлан-30», якія Масква разьмясьціла ва Ўкраіне.
Мінабароны Расеі ў лістападзе пахвалілася, што лазэрны далёкамер «Арлана-30» «дазваляе дакладна наводзіць на цэль кіраваныя боепрыпасы — як авіябомбы, так і артылерыйскія снарады».
Японскае зьвяно ў ланцужку паставак
Запісы, прагледжаныя «Схемамі», таксама паказваюць, што расейскае падразьдзяленьне японскай кампаніі Ferrotec, якая вырабляе крэмніевыя дэталі для мікрачыпаў, імпартавала сурму з Кітаю і прадавала крэмніевыя пласьціны расейскім вытворцам мікраэлектронікі для войска. Даччыная кампанія, маскоўская Ferrotec Nord, закупляла сурму на працягу апошніх чатырох гадоў у кампаніі VITAL Technology Group — кітайскага канглямэрату, каля 25 працэнтаў якога належыць кітайскім дзяржаўным структурам.
Апошняя такая пастаўка, занатаваная ў мытных дакумэнтах, зь якімі азнаёміліся «Схемы», адбылася ў лютым 2024 году, амаль праз два гады пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне. Яшчэ ў мінулым годзе Ferrotec Nord прадавала крэмніевыя пласьціны падмаскоўнаму заводу Epiel, згодна з падатковай справаздачнасьцю, атрыманай «Схемамі».
Кампанія Epiel — адзін з асноўных пастаўшчыкоў кампанэнтаў мікрачыпаў для кампаніі Angstrem, якая належыць Растэху. Angstrem адкрыта заяўляе, што працуе з расейскімі вытворцамі зброі.
На грамадзянскім судовым працэсе ў Расеі ў лістападзе 2023 году Angstrem заявіла, што пастаўляе мікрачыпы і паўправадніковыя прыборы Міністэрству абароны Расеі, дзяржаўнаму касьмічнаму агенцтву «Роскосмос» і расейскаму вытворцу зброі — Уралвагонзаводу, які трапіў пад санкцыі разам зь іншымі вытворцамі зброі.
Кампанія дадала, што аб’ём яе заказаў вырас у чатыры разы дзякуючы «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» — так Крэмль афіцыйна называе сваю вайну супраць Украіны.
«Схемы» зьвярнуліся да японскага холдынгу Ferrotec па камэнтар наконт імпарту рэдкіх мінэралаў з Кітаю і працы з пастаўшчыкамі вайскова-прамысловага комплексу Расеі.
Кампанія своечасова не адказала на зварот.