Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завушніцы з «Ў», хэйт і песьня пра вёску. Гутарка з падляскай сьпявачкай Niczos пра «Эўравізію»


Дуэт Sw@da x Niczos на запісе песьні «Трава Мурава» у Кнышынскай пушчы
Дуэт Sw@da x Niczos на запісе песьні «Трава Мурава» у Кнышынскай пушчы

Свабода пагаварыла з падляскай сьпявачкай Нікай Юрчук, якая зьбіраецца на «Эўравізію» зь песьняй «па-своему», пра хэйт за мову, песьню пра вёску і завушніцы ў форме літары «Ў».

Тлусты бас і падляская гаворка

Адным з прэтэндэнтаў на ўдзел у «Эўравізіі» ад Польшчы сёлета стаў дуэт Sw@da x Niczos, які мае сувязь зь Беларусьсю. Яны адзіныя, хто сьпявае на конкурсе не па-польску ці па-ангельску, а на падляскай гаворцы.

Дуэт спалучае электронную музыку, рэп, танцавальнасьць і традыцыйныя падляскія матывы. Яны пачалі супрацоўнічаць у 2019 годзе. Першы кліп на іхную песьню Trava Murava выйшаў у траўні 2023-га. Шырокі водгук ад беларусаў дуэт атрымаў у канцы 2023 году, пасьля песьні Chadžu ja, кліп на якую здымалі адным кадрам на вясковым падворку.

Sw@da, Віктар Шчыгел
Sw@da, Віктар Шчыгел

Пад псэўданімам Sw@da — дыджэй і прадусар Віктар Шчыгел зь Беластоку. Як ён падкрэсьлівае, з калюмбійскімі каранямі. У дуэце Віктар адказны за біты і «тлусты бас» — за электронную музыку. Ён спалучае падляскія і лацінаамэрыканскія мэлёдыі. Адна зь песьняў «стрэліла» ў Бразыліі. Віктар запісваў падобныя праекты, якія аб’ядноўвалі традыцыю і сучаснасьць, зь іншымі сьпявачкамі зь Беларусі і Падляшша. Ён заўжды выступае ў вязанай яркай балаклаве.

Niczos, Ніка Юрчук
Niczos, Ніка Юрчук

Niczos — гэта Ніка Юрчук. 25-гадовая дзяўчына зь Бельску Падляскага, невялікага гарадка за 50 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Яна піша тэксты і сьпявае. Бельск — адно зь нямногіх месцаў на польска-беларускім памежжы, дзе дзеці могуць вывучаць беларускую мову. Ніка вучыла беларускую ў пачатковай і сярэдняй школе. У бацькоўскім доме яны гавораць па-польску.

У юнацтве Ніка вывучыла падляскую гаворку (яна называе яе падляскай мовай), калі сьпявала ў фальклёрным гурце падляскіх беларусаў «Жэмэрва», які адраджае традыцыю Падляшша і Беларусі. Тэксты для сваіх песьняў Ніка піша па-падляску. На выступах яна часта зьвяртаецца са сцэны «па-своему» (па-падляску) або па-беларуску.

Таксама дзяўчына грае на скрыпцы і сьпявае ў гурце Hajda Banda, які выконвае традыцыйныя падляскія, заходнебеларускія і палескія танцы і песьні. Дзякуючы ўдзелу ў традыцыйных гуртах Ніка езьдзіла ў Беларусь на выступы і ў экспэдыцыі запісваць у вёсках старыя песьні, «аб’езьдзіла палову Палесься».

Ніка вучылася ў Варшаве ва ўнівэрсытэце на фізычным кірунку, таксама вывучала штучны інтэлект. Працуе ў карпарацыі як кансультантка ў штучным інтэлекце.

Падляшша — рэгіён на ўсходзе Польшчы. Гістарычна ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае, потым у Карону Польскую, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай — у склад Расейскай імпэрыі. У 1918 годзе гэтыя землі абвясьціла сваёй тэрыторыяй Беларуская Народная Рэспубліка. Пасьля Рыскай дамовы 1921 году Падляшша зноў перайшло да Польшчы. У 1939 годзе большая частка рэгіёну ўвайшла ў склад БССР. У 1945 годзе Сталін перадаў Падляшша Польшчы. Дзясяткі тысяч жыхароў рэгіёну вызнаюць сябе этнічнымі беларусамі.

Песьня пра ўнутранага крытыка

У размове са Свабодай Ніка кажа, што думка пра «Эўравізію» зьявілася год таму назад, бо гэта цікавая падзея і туды тэарэтычна можна паехаць. Але цягам году дуэт да ўдзелу ў конкурсе не рыхтаваўся.

«Гэта спантанна выйшла. Мы даведаліся, што адкрылі прыём заявак на „Эўравізію“. Аказалася, што вельмі простая форма заяўкі. Гэта нас пераканала: паспрабуем», — успамінае суразмоўца.

Песьню «Lusterka», кажа Ніка, яны не рабілі знарок для Эўравізіі. Але вырашылі, што яна пасуе, бо адрозьніваецца ад іншых.

«Там адбываецца шмат розных рэчаў, і файна было б падрыхтаваць такое шоў. Наш нумар вельмі танцавальны, у ім энэргія імпрэзы. Пры люстэрках гэта можна цікава прадставіць», — мяркуе сьпявачка.

Паводле аўтаркі тэксту, гэта нумар пра ўнутранага крытыка.

«Мы самі сабе ставім высокую плянку, а ня людзі вакол. Я пачала пісаць гэты нумар вельмі даўно. А цяпер яшчэ больш адчуваю яго, бо ён расказвае пра „Эўравізію“, пра тое, што там цяпер адбываецца. Усе людзі маюць чаканьні: „Зрабіце так, зрабіце так“. Гэты нумар падкрэсьлівае, што варта трымацца свайго», — разважае Ніка.

Песьня напісаная на штодзённай гаворцы падляскіх беларусаў, якая паступова зьнікае, бо паміраюць носьбіты, а малодшае пакаленьне выхоўваюць ужо па-польску. Гаворкі карэнных жыхароў адметныя і разнастайныя: на поўначы рэгіёну яны бліжэйшыя да беларускай літаратурнай мовы, далей на поўдзень маюць рысы пераходных да ўкраінскай. У выніку прыналежнасьці да польскай дзяржавы ўсе яны зазналі польскі ўплыў.

Ніка Юрчук на фоне традыцыйнай посьцілкі
Ніка Юрчук на фоне традыцыйнай посьцілкі

Некаторыя падляскія дзеячы называюць гэты масіў гаворак асобнаю моваю. Жыхары Падляшша кажуць, што яны гавораць «па-своему», «па-нашаму», «па-простаму», «па-тутэйшаму», ёсьць таксама азначэньне «па-хахляцку».

«Хэйт павялічвае папулярнасьць»

Пасьля прэзэнтацыі песьні «Lusterka» ў Польшчы ўзьнялася вялікая дыскусія, на якой мове сьпявае дуэт. Людзі пісалі камэнтары ад «Я не разумею мову», «Такой мовы няма» да «Мая бабуля з Падляшша так не гаварыла». Пра тое, што палякі не разумеюць тэкст песьні па-падляску, сьведчыць і тое, што ў сеціве зьявіўся яе пераклад на польскую мову.

Падымалі пытаньне, ці могуць польскія артысты на міжнародным конкурсе выступаць на дыялекце. Паводле правілаў, могуць. Ніка прызнаецца, што яны пра гэта нават не задумваліся, калі слалі заяўку. У дыскусію ўступілі таксама беларусы. Падляскія блогеры сталі запісваць тлумачэньні, што гэта за мова.

Вокладка першага альбома дуэту Sw@da x Niczos, які выйшаў у канцы 2024 году
Вокладка першага альбома дуэту Sw@da x Niczos, які выйшаў у канцы 2024 году

Ніка зазначае, што яны былі падрыхтаваныя да хэйту, бо сутыкнуліся зь ім за мову яшчэ год таму, пасьля песьні «Chadžu ja». Але ажно такой хвалі абмеркаваньня яны не чакалі.

«Мы ведалі, што гэта выклікае супрацьстаяньне. Але так моцна гэты хэйт нас не ламае. Як мы даведаліся, найбольш хэйту ў „Твітары“ (цяпер Х. — РС), пра „бандэраўцаў“. У нас няма „Твітара“. Мы гэтага не чытаем», — кажа сьпявачка.

Яна прызнаецца, што значна больш, чым крытыка, яе кранае нечаканая хваля падтрымкі.

«Мяне так падтрымліваюць самыя блізкія, людзі, якія займаюцца мастацтвам, таксама з Падляшша. Вельмі розныя асяродзьдзі кажуць нешта прыемнае. Я не чакала такога руху на Падляшшы. Я адчуваю падтрымку беларусаў, што гэтаксама размаўляюць на Палесьсі. Асабліва падтрымку ад беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Яны могуць сябе з гэтым атаясаміць і прагаласаваць», — кажа Ніка.

Ніка і Віктар падчас здымак кліпа для песьні «Узоры вышываць»
Ніка і Віктар падчас здымак кліпа для песьні «Узоры вышываць»

Яна кажа, што дыскусія на моўную тэму моцна чапляе людзей — як пазытыўна, так і нэгатыўна, але не пакідае абыякавымі. Зазначае, што ім самім варта было б патлумачыць пра мову, на якой яны выступаюць. Магчыма, неўзабаве зьявіцца зварот ад артыстаў.

«Ня будзем утойваць, што хэйт павялічвае нашую папулярнасьць. Я вельмі цешуся, што людзі пачынаюць даведвацца пра гэтую мову, што парталы пачынаюць тлумачыць, што адбываецца», — камэнтуе сьпявачка.

Празь некалькі дзён пасьля таго, як падляскі дуэт выйшаў у фінал польскай «Эўравізіі», песьня «Lusterka» заняла першае месца ў трэндах на польскім Spotify.

«Людзі з двара ня вераць»

Ніка ў песьні Lusterka сьпявае: «Vse lude v selie pudnialisie, sełom sudiat mene, razorvałoś, razsypałoś serce, stała bolna mnie». Яна адзначае, што гэта песьня і пра яе саму.

«Асабліва ў гэты пэрыяд адчуваю, што гэта адносіцца і да мяне, і да Sw@dy. Мы жывём у такі момант, што мусім вельмі слухаць сябе, бо шмат галасоў звонку. А мы маем давяраць сабе. Тое, што я адчуваю, ёсьць у вясковым асяродзьдзі. Падумала, што файна будзе перакласьці такой мэтафарай. Так, як калісьці было, на вёсках былі асуджэньні», — разважае Ніка.

Ніка Юрчук і Віктар Шчыгел
Ніка Юрчук і Віктар Шчыгел

Яна сама паходзіць з малога гарадка. Але адзначае, што яе там не асуджаюць, хутчэй наадварот.

«Сям’я вельмі падтрымлівае. Людзі з двара ня вераць, што нешта такое адбываецца. Я сама ня веру. Старонка „Howorymo po swojomu“… Я выхоўвалася разам зь імі. Людзі падтрымліваюць мяне, расказваюць пра гэта. Я вырасла ў гурце „Жэмэрва“. Мы трымаемся разам. Кожны падтрымлівае па-свойму. Ня тое, што мы толькі ўдваіх, але кожны хоча далучыцца і нешта дадаць ад сябе. Гэта нам цяпер вельмі патрэбна. Думаю, што гэта такі гонар за Падляшша», — кажа Ніка.

Завушніцы «Ў» і шэрая кашулька

Стыль, у якім сьпявае дуэт, яны назвалі Podlasie bounce. На «Эўравізію» яны едуць, каб пашыраць гэты кірунак, кажа Ніка. Вакол сябе яны ствараюць каманду сваіх аднадумцаў — Podlasie bounce crew.

«Я больш адказваю за Podlasie, а за bounce больш адказвае Sw@da — гэта, вядома, пра танцавальнасьць, „тлусты бас“. Гэта прыкмета нашай музыкі. Заўжды гэтыя дзьве рэчы мусяць спалучацца», — тлумачыць музыка.

Завушніцы ў форме літары «Ў». Скрыншот зь відэа песьні «Lusterka»
Завушніцы ў форме літары «Ў». Скрыншот зь відэа песьні «Lusterka»

На відэа песьні «Люстэрка» Ніка ў чырвоных завушніцах у форме беларускай літары «Ў». Дзяўчына расказвае, што купіла гэтыя завушніцы ў Кракаве ў артысткі Pawy. Яна кажа, што яны пасуюць па колеры да відэа на чырвоным тле.

«Мне вельмі падабаюцца гэтыя завушніцы. Увогуле я іх заўсёды надзяваю на канцэрты. Мне падабаецца, што гэта адзіная літара, што ніякі іншы альфабэт ня мае такой», — расказвае дзяўчына.

На пытаньне, ці гэта нейкае пасланьне для беларусаў, суразмоўца адказвае, што так паказвае падтрымку ім.

«Мы ў Польшчы ўвесь час супрацоўнічаем зь беларусамі на розных узроўнях. Гэта настолькі супэрартысты, настолькі добра ўмеюць спалучыць тое, што нам важна — традыцыю з сучаснасьцю. Для нас гэта вельмі вялікая падтрымка. Бачым, што беларусаў тут вельмі шмат. І мы хочам таксама паказаць, што мы зь імі», — дзеліцца сьпявачка.

Ніка і Віктар у сцэнічным вобразе ў балаклавах
Ніка і Віктар у сцэнічным вобразе ў балаклавах

Касьцюмы для выступу на «Эўравізію» таксама робіць беларуска.

«Пакуль няма канкрэтыкі. Але напэўна будзе нешта вышыванае. Sw@da будзе ў балаклаве, бо гэта ягоны знак. Мы давяраем, што майстрыха зробіць гэта вельмі добра», — камэнтуе Ніка строі.

Цягам апошняга году сьпявачка часта надзявала на сцэну шэрую кашульку. Кожны раз на выступах яна тлумачыла, што гэта кашуля ейнай сяброўкі зь Беларусі, якая ў гэтым адзеньні сядзела ў ізалятары, а потым падарыла яго Ніцы.

Суразмоўца кажа, што адчувае падтрымку беларусаў, дзякуе ім за гэта, прызнаецца, што яны гэта цэняць. Яна нават зьдзіўляецца такой хвалі, бо яны са Sw@dam не пазыцыянуюць сябе як беларусы, хутчэй як тутэйшыя.

«Мы на гэтым памежжы аб’ядноўваем розныя нацыянальнасьці. Ня важна, якой ты нацыянальнасьці, але важна, што тут ты адчуваеш сябе часткай гэтага», — кажа яна.

«Мы робім гісторыю Падляшша»

Паралельна з музыкай Ніка працягвае працаваць у IT-сфэры. Кажа, што пакуль дае рады спалучаць дзьве гэтыя занятасьці. Кажа, што за апошні год стала большасьць часу прысьвячаць музыцы. Таксама за год, калі іхны дуэт набыў папулярнасьць, зьмянілася ейнае ўспрыманьне жыцьця.

«Рабіць нешта артыстычнае, бавіцца ў гэта — вельмі каштоўная справа. Я б хацела так пражыць сваё жыцьцё. Гэта нешта неймавернае. Тым, што зьяўляецца ў тваёй галаве, калі добра гэта сфармулюеш, потым людзі карыстаюцца», — разважае суразмоўца.

Ніка зь дзяўчатамі з каманды Sw@da x Niczos падчас выступу на навагодняй імпрэзе ў Беластоку, 31 сьнежня 2024
Ніка зь дзяўчатамі з каманды Sw@da x Niczos падчас выступу на навагодняй імпрэзе ў Беластоку, 31 сьнежня 2024

Яна адзначае, што ёй не абавязкова важна працаваць з 8 да 17.

«Мне цяпер цяжка. Мне было б прасьцей сядзець і ня мець усяго гэтага. Але тое, якія эмоцыі гэта суправаджаюць, паказваюць мне, што варта гэта рабіць», — кажа Ніка.

Яна зазначае, што яны ня думаюць у катэгорыях канкурэнцыі. Яны пазнаёміліся з прэтэндэнтамі польскай «Эўравізіі» і думаюць, што «гэта вельмі сымпатычныя людзі».

«Гэтыя працэнты, вынікі… Я гэтаму ня вельмі давяраю. Думаю, што гэта ўсё можа зьмяніцца. Мы робім сваё… Мы хочам добра падрыхтавацца, каб файна выйшла, бо адчуваем, што гэта гістарычны момант», — падкрэсьлівае сьпявачка.

Ніка Юрчук і Віктар Шчыгел у строях, якія спалучаюць традыцыю і сучаснасьць
Ніка Юрчук і Віктар Шчыгел у строях, якія спалучаюць традыцыю і сучаснасьць

Ніка некалькі разоў паўтарае, што калі яны падавалі заяўку на конкурс, не чакалі, што гэта выкліча такі рэзананс.

«Мы зрабілі песьню, і ўсё… Калі гаворка ідзе пра мову і тоеснасьць, адчуваю, што людзі могуць з гэтым атаясамлівацца, адчуваць большую супольнасьць. Гэта зараджае ў людзях нешта большае, чым проста файная песьня. Цяпер мы адчуваем, што робім гісторыю Падляшша, рэч, якой яшчэ не было дагэтуль. Мы проста выслалі, бо чаму б не. Мы рыхтаваліся, што ня прымуць такі твор. Але цяпер гэта памянялася», — кажа сьпявачка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG