Наданьне «нізкага статусу» — гэта ня толькі даўняя турэмная субкультура, але спосаб, якім адміністрацыі пэнітэнцыярных установаў маніпулююць вязьнямі і палітвязьнямі. Былы палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка называе гэта «гамофобіяй у законе, узгодненай пазыцыяй на ўзроўні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў». Праз так званы «нізкі сацыяльны статус» праходзяць і некаторыя палітвязьні, якія баяцца пра гэта расказваць, бо ў грамадзтве ёсьць гамафобія.
Былы палітвязень, горадзенскі блогер Вадзім Ермашук (Вадзімаці) вырашыў не маўчаць і расказаў пра тое, як ён сядзеў у Бабруйскай папраўчай калёніі «зь нізкім сацыяльным статусам». Мы паспрабавалі зьняць табу з гэтай закрытай тэмы, зразумець, чаму нават палітвязьні-праваабаронцы вымушаныя дыстанцыявацца ад вязьняў «нізкага статусу» і ці існуе падобная практыка ў жаночых калёніях.
Ермашук: «Я магу быць прадстаўніком ЛГБТ-людзей, якія цяпер закладнікі ў Беларусі»
Вадзім Ермашук, юрыст паводле адукацыі, стаў вядомы беларусам як Вадзімаці — блогер, які адкрыта крытыкаваў рэжым Лукашэнкі і падтрымліваў беларускіх палітвязьняў. На ягоную старонку ў Instagram падпісаліся дзясяткі тысяч людзей, а публікацыі зьбіралі мільённыя ахопы. У 2021 годзе блогера арыштавалі і адправілі ў калёнію на 3 гады — паводле палітычна матываваных артыкулаў. Сёлета ў студзені Вадзім расказаў у інтэрвію журналісту Руслану Кулевічу, як ён быў за кратамі ў так званым «нізкім сацыяльным статусе».
Паводле блогера, за некалькі тыдняў да затрыманьня сілавікі ўсталявалі ў ягонай кватэры схаваную камэру. Пасьля затрыманьня яму прапанавалі «пакаяцца» ў абмен на канфідэнцыйнасьць, але Вадзім кажа, што адмовіўся ісьці на супрацоўніцтва зь сілавікамі. Тады яны пачалі распаўсюджваць онлайн інтымнае відэа Вадзіма зь ягоным партнэрам — выкладвалі ў чатах і рассылалі ў асабістыя паведамленьні блізкім і сябрам. Гэта стала для блогера шокам. У калёніі Вадзіму Ермашуку вызначылі так званы «нізкі статус», што зрабіла яго мішэньню для абразаў і зьдзекаў.
Пытаюся ў Вадзіма, чаму ён пайшоў насуперак традыцыі маўчаньня і апублічыў і сваю гісторыю, і ўвогуле тое, як жывуць за кратамі людзі «зь нізкім сацыяльным статусам».
— Калі ахвяру гвалцяць, многія ахвяры маўчаць. Тое самае зь людзьмі, якія праходзяць празь «нізкі статус». Яны маўчаць. А маўчаньне выклікае далейшае дзеяньне. Многія саромеюцца. Чаму я вырашыў не маўчаць? Найперш, мяне папрасілі людзі, ЛГБТ-супольнасьць у Беларусі з Горадні, каб я стаў іх голасам. Гэта тычыцца ня толькі палітвязьняў. Гэта тычыцца наагул ЛГБТ-тэмы ў Беларусі. Я гэта хаваў, нічога не гаварыў, бо баяўся. Цяпер я магу быць тварам, прадстаўніком людзей ЛГБТ, якія цяпер закладнікі ў Беларусі. І ў Расеі таксама. Украіна з гэтага выходзіць. У КДБ, у праваахоўных органаў ёсьць сьпісы людзей зь нетрадыцыйнай арыентацыяй. А колькі іх выйшла ў 2020 годзе змагацца за свабоду! Я ведаю ЛГБТ-людзей, якіх затрымлівалі, якім суткі давалі. Ня ўсе праходзяць празь лягеры. Справа ў тым, што ў «нізкі статус» спэцыяльна накіроўваюць вядомых людзей. Я, напрыклад, блогер, мяне трэба было паставіць на месца.
Як ставяцца палітвязьні да людзей зь «нізкім сацыяльным статусам»?
Як ставяцца да зьняволеных «зь нізкім сацыяльным статусам» палітвязьні? Як сьведчыць былы палітзьняволены праваабаронца Леанід Судаленка, які адседзеў 3 гады, у калёніі «Віцьба» ў кожным атрадзе на 100 чалавек ёсьць ад 3 да 5 чалавек у такім статусе.
— У нашым атрадзе іх было ня менш за 5 чалавек. Яны жывуць асобна, зь імі ніхто за руку не вітаецца. Размаўляць можна, канечне, але стараюцца іх не заўважаць. Я, напрыклад, рабіў выгляд, што іх не заўважаю.
Упершыню Судаленка натрапіў на чалавека «нізкага статусу» ў карантыне. Паводле яго, па прыбыцьці ў калёнію вязьням тлумачаць правілы паводзінаў: у прыбіральні нельга нічога браць рукамі, нельга нічога прыбіраць, бо для гэтага ёсьць спэцыяльна навучаныя людзі.
У так званы «нізкі сацыяльны статус» пераводзяць звычайна вязьняў, асуджаных за злачынствы сэксуальнага характару — артыкулы 166–170 Крымінальнага кодэксу, удакладняе Леанід Судаленка.
— Гэтыя чатыры артыкулы даюць мала шанцаў людзям ня быць у «нізкім статусе». Але ёсьць і выпадкі, калі людзей з такімі артыкуламі не пераводзяць у «нізкі статус». Адміністрацыя гэта робіць наўмысна. Кажуць, што такія вязьні становяцца «стукачамі». Каб мець свайго «стукача», адміністрацыя хавае крымінальнае злачынства. Магчыма, на бірцы зьмяняюць сапраўдны артыкул, па якім ён адбывае пакараньне, на іншы.
Леанід Судаленка на свае вочы бачыў, як жывуць вязьні «зь нізкім сацыяльным статусам».
— Яны заўсёды асобна. У сталоўку ідуць ззаду атраду. У сталоўцы сядзяць у асобным месцы. За стол, за якім яны сядзяць, нельга садзіцца іншым асуджаным. Яны атрымліваюць ежу ў самую апошнюю чаргу, пасьля таго як увесь атрад атрымаў ежу. У іх спэцыяльны посуд, яны ня маюць права карыстацца электраразэткай, каб кіпень зрабіць для гарбаты з той разэткі, якой карыстаюцца звычайныя зэкі. Прыбіраць туалеты за асуджанымі могуць толькі людзі, якіх перавялі ў «нізкі сацыяльны статус». Я магу падпісацца пад кожным словам пра тое, што расказаў Вадзім. Фізычнага гвалту да іх не прымяняюць, ударыць іх нельга. Мне не вядома, ці адбываюцца згвалтаваньні. Вядомыя выпадкі ў «Віцьбе», калі сэксуальныя адносіны паміж мужчынамі адбываліся па згодзе.
Калі праваабаронцы самі за кратамі, то якая іх пазыцыя і іх дзеяньні як праваабаронцаў у дачыненьні да людзей «зь нізкім сацыяльным статусам»? Ці паўстаюць дылемы, накшталт — паціснуць руку і пайсьці сьледам ці проста выконваць турэмныя традыцыі і трымацца асобна? Судаленка кажа, што праваабаронцы за кратамі мала што могуць зьмяніць:
— Каб я пачаў актыўную дзейнасьць на карысьць гэтых людзей «зь нізкім статусам», каб гаварыў пра тое, што яны такія самыя, як і мы, і маюць роўныя правы, то я ня ведаю, што са мной было б. Напэўна, здарылася б найгоршае. Зрабілі б так, каб маё здароўе ня вытрымала б. Там кожны дзень, кожную гадзіну ідзе барацьба за выжываньне, за месца пад сонцам, нават у тым асяродзьдзі, у якім ты жывеш. А каб я яшчэ заступіўся за гэтую катэгорыю, напэўна, опэры б усё зрабілі, каб і мяне перавесьці ў такі статус, і мне давялося б вельмі цяжка. Там гэта немагчыма.
Таму, падсумоўвае былы палітвязень, усе вязьні стараюцца гэтай праблемы не заўважаць, і адміністрацыя калёніі гэта добра ведае.
— Ідзе атрад, а за ім, як статак кароў, плятуцца гэтыя. Прабачце за такі выраз. Я яго выкарыстоўваю, каб было зразумела, як гэта адбываецца. Як толькі б я выйшаў з шыхту, адразу ў ШЫЗА паехаў бы.
Чаму вязьні рэжуць вены, калі апынуліся ў адной камэры зь вязьнем зь «нізкім статусам»?
Адміністрацыя пэнітэнцыярных установаў часам робіць палітвязьням такое выпрабаваньне: зьмяшчае чалавека ў адну камэру зь вязьнем «нізкага сацыяльнага статусу». Паводле турэмных парадкаў, у такім выпадку вязень павінен зрабіць усё магчымае, каб яго перавялі ў іншую камэру, у тым ліку можа парэзаць сабе вены. Меркавалася, што так рабіў падчас другой адседкі ў 2011 годзе палітвязень Мікалай Аўтуховіч, каб «абараніць сваю годнасьць». Былы палітвязень Сяргей Пятрухін расказваў Свабодзе, як парэзаў сабе вены, калі яго спэцыяльна пасадзілі ў камэру, дзе сядзеў чалавек, асуджаны за згвалтаваньне непаўналетняй.
Леанід Судаленка працягвае:
— Гэта няпісаныя правілы існуючай турэмнай субкультуры, калі ты ведаеш, што цябе садзяць у так званую «петушыную хату», дзе знаходзяцца вязьні зь нізкім сацыяльным статусам. Калі заходзіш у камэру, павінен сказаць артыкул. Напрыклад: я Леанід Судаленка, 342 артыкул, палітычны, экстрэміст. І кожны павінен свой артыкул назваць. Калі ён скажа, што ў яго 166 ці 167 артыкул, я павінен зрабіць усё, каб не застацца ў гэтай «хаце». У такіх сытуацыях і бывае, што рэжуць вены.
Вадзім Ерашук расказвае, што калі сядзеў у сьледчым ізалятары Горадзенскай турмы, то насіў з сабою лязо на выпадак такой сытуацыі. Хаваў лязо ў шакалядным батончыку «Сьнікерс».
— Там унушаюць так гэта рабіць. Да зоны я 7 месяцаў сядзеў у СІЗА. Быў моцны страх. Потым я зразумеў гэтую сыстэму знутры. Калі рэжаш вены, то ты ж не памрэш. А гэты пратэст нічога ня дасьць. Цяпер я думаю, што трэба было ня мучыцца, а перайсьці яшчэ ў турме ў «хату», дзе сядзяць вязьні «зь нізкім статусам». Там няма гвалту, проста псыхалягічны ціск. Гэта гульня сыстэмы, міліцыі. Няма ані ў зоне, ані ў турме «смотрящих». Які ў Беларусі «зладзейскі сьвет»? У нас «зладзейскі сьвет» сядзіць у высокіх кабінэтах і ўсё курыруе.
Адзін дзень на зоне для вязьняў «зь нізкім статусам»
Паспрабуем паказаць такі дзень вачыма палітвязьня, «экстрэміста» Судаленкі і вачыма палітвязьня «зь нізкім статусам» Вадзіма Ерашука. Вось як апісвае гэта праваабаронца Судаленка:
— У лягеры ўсе жывуць у адным бараку, 100 чалавек, зь іх 5 чалавек «зь нізкім статусам». Памяшканьне квадратаў 40, стаяць у два ярусы шконкі. І ёсьць адпаведныя месцы для шконак, дзе сьпяць людзі зь «нізкім статусам». Днём іх там няма, яны заходзяць у барак, калі ўсе леглі. «Мужыкі лягуць спаць пасьля адбою, тады вы заходзьце», — так кажуць. Яны знаходзяцца дзесьці на вуліцы ці ў лякальным участку. Іх ня бачна. Ціха, на дыбачках праходзяць пасьля адбою, кладуцца спаць. Калі я падымаюся а 6 раніцы, іх таксама ўжо няма. Ім трэба прачнуцца на паўгадзіны раней і сысьці, каб ня быць «на вачах у мужыкоў». У іх асобны ўмывальнік. Ад іх браць нельга нічога, а цыгарэты ім можна даць. Тэрміны вялікія ў гвалтаўнікоў, і 10 гадоў у такіх умовах яны знаходзяцца ў такім агрэсіўным асяродзьдзі. Яны маюць зносіны паміж сабой. Гэта закрыты калектыў.
Вадзім Ерашук расказвае пра свае пачуцьці ўнутры такога закрытага калектыву.
— На зоне я любіў ноч, таму што тады спакойна, ніякіх прычэпак. Гэта час, калі я мог падумаць, мог спакойна жыць. Раніца — самая страшная, каб ні да кога не дакрануцца, прачнуўшыся. Калі раптам зачэпіш, крык. Потым шыхтаваньне, пералік, холад. І ўвесь час ты ў канцы. Ты павінен перасоўвацца, як юродзівы, нікога не зачапіць. Але я хадзіў як нармальны чалавек, а мне трэба было хавацца. А я плюнуў на ўсё. Што яны мне яшчэ могуць зрабіць? Начальнік атраду Казакевіч выклікаў мяне і казаў, што я ламаю рэжым. Для чаго «нізкі статус»? Каб «мужык» мог сваю злосьць скінуць на чалавека зь нізкім статусам, бо яго не абароняць ані зэкі, ані адміністрацыя. Людзі ў «нізкім статусе» — цацка для біцьця. І гэта ўсё заахвочваецца начальнікам калёніі. Калі я буду скардзіцца, мяне пасадзяць у ШЫЗА, а не таго, хто мяне абразіў ці ўдарыў.
Мы размаўляем з Вадзімам праз Zoom. Ён усьміхаецца і кажа: «Звонку падаецца, што я спакойна пра гэта гавару, але я дагэтуль усё гэта перажываю». Блогер працягвае:
— Потым паходы ў сталовую, асобныя сталы. Гэтыя позіркі, кпіны. І людзі цэлы дзень адзін аднаму скардзяцца: мяне той пакрыўдзіў, мяне той. Сярод людзей «зь нізкім статусам», зь якімі я сядзеў, у асноўным былі маньякі і гвалтаўнікі. Некаторы працэнт — злодзеі, наркаманы. Як да маньякаў ставіцца? А як да забойцаў ставіцца? Забойца на зоне — гэта аўтарытэт. Ён пазбавіў чалавека жыцьця. Яго на зоне ўсхваляюць міліцыянты. Але яны і ж дзеляць вязьняў на статусы.
«Гамафобія ў законе»
«Калі гаварыць мовай правоў чалавека, то, безумоўна, гэта гамафобія», — канстатуе праваабаронца Леанід Судаленка.
— Гамофобія ў законе. Можна сказаць, што гэта ўзгодненая пазыцыя на ўзроўні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, які кіруе калёніямі. Такое адбываецца ня толькі ў маёй калёніі «Віцьба-3». Такое ў кожнай калёніі адбываецца.
Усяго ў Беларусі 17 папраўчых калёній (з улікам адной для непаўналетніх), яны падзеленыя на некалькі відаў: строгага, агульнага, узмоцненага і асаблівага рэжыму.
Былы палітвязень і праваабаронца Судаленка вельмі высока ацэньвае ўчынак блогера Вадзіма Ерашука, які адкрыта расказаў пра становішча людзей «зь нізкім статусам» за кратамі.
— Такіх, як Вадзім, я бачыў багата людзей. Але ж яны ўсе маўчаць. Я ўпэўнены, што пасьля вызваленьня яны замыкаюцца і маўчаць. Вадзім — чалавек з унутраным стрыжнем. Ён адкрыты чалавек, які любіць жыцьцё. Ён лічыць, што яму няма чаго саромецца таго, што зь ім адбылося. Ягоная пазыцыя выклікае павагу. У нашай калёніі сярод палітвязьняў былі людзі адукаваныя, якія не праяўлялі гамафобіі да людзей зь «нізкім статусам». Хутчэй, гэта адбывалася з боку звычайных асуджаных, якіх я назваў бы маральнымі вырадкамі. Гэта людзі без каштоўнасьцяў, злачынцы. І яны зьдзекуюцца зь людзей «зь нізкім статусам». Палітвязьні выказвалі хутчэй спачуваньне, чым праявы гамафобіі.
Вадзім Ерашук згадвае, што ў калёніі былі вязьні, якія нармальна да яго ставіліся, нават рабілі падарункі на дзень народзінаў. Сярод іх быў адзін палітычны зьняволены, які мог пацярпець за кантакты зь вязьнем «нізкага статусу», згадвае былы палітвязень.
— Тым ня менш за кратамі я кожны дзень сутыкаўся з гамафобіяй. Кожны дзень адчуваў непрыязнае стаўленьне да «нізкага статусу». З гэтай біркай на цябе глядзяць, як на маньяка. Як я сам ставіўся да людзей, асуджаных за сэксуальныя злачынствы? Паводле Бібліі, трэба дараваць. Я жыў зь людзьмі, якія зрабілі цяжкае злачынства, але яны нікога не забілі. А вязьні, якія рабілі страшныя злачынствы, забойствы, катаваньні, былі ў той жа калёніі ўсе ў высокім статусе.
Ці шмат палітвязьняў праходзяць выпрабаваньні «нізкім статусам»?
Можна толькі здагадвацца, колькі палітвязьняў прайшлі праз гэтае выпрабаваньне, бо звычайна гэтыя людзі потым не апублічваюць перажытага. Некалькіх такіх палітвязьняў ведае блогер Вадзімаці, але ня хоча бязь іхнае згоды называць імёны. Леанід Судаленка таксама сустракаў палітвязьняў з такім статусам:
— Меў жоўтую бірку, як і я. Акрамя экстрэмісцкага артыкулу, меў артыкул за «зносіны зь непаўналетнім». Я бачыў, што адбываецца, і нават за «жоўтага» я ня мог уступіцца. І я б нічога не зьмяніў у гэтай сытуацыі, бо няма эфэктыўных магчымасьцяў бараніць правы там. Я не лічу сябе вінаватым, што ня выправіў сытуацыю. Найперш я выконваў абяцаньне сваёй сям’і — захаваць сябе, сваё здароўе і вярнуцца жывым і здаровым. Я яго выканаў. І перабудаваць сыстэму, паспрабаваць бараніць правы людзей «зь нізкім сацыяльным статусам» у калёніі — такой мэты я перад сабой ня ставіў. Калі мы кажам, што хочам будаваць адкрытую, вольную, свабодную краіну на дэмакратычных прынцыпах, то пытаньне ЛГБТ не павінна быць табу. Хутчэй наадварот. Замоўчваньне гэтай праблемы ня сьведчыць пра тое, што яе не існуе.
Вадзім Ерашук лічыць важным гаварыць аб праблеме гамафобіі:
— Што такое гамафобія? Непрыманьне чалавека, яго каштоўнасьцяў, яго свабоды. Трэба гаварыць пра тое, што былі, ёсьць і будуць такія людзі. Трэба гаварыць, што гэта нармальна. Я нарадзіўся такім, я гэта ведаў, проста падстройваўся пад «савецкае грамадзтва» ў Беларусі, дзе гэта не прымаецца. Мне трэба было граць гэтую ролю. Пасьля ўсяго, што здарылася за кратамі, мне стала лягчэй жыць. Хоць гэта гвалтоўна адбылося.
Вадзім Ерашук кажа, што ён гатовы стаць тым чалавекам, які займаецца правамі людзей ЛГБТ за кратамі.
— Калі мне дапамогуць, я гатовы ня толькі людзям за кратамі дапамагаць, але і агулам ЛГБТ-людзям. Яны ўсе закладнікі, закладнікі ў КДБ, ГУБАЗіКу. Яны імі маніпулююць, яны імі карыстаюцца і ў сэксуальным пляне. А людзі баяцца публічнасьці. Я ведаю, што існуе непрыязь да гей-супольнасьці ў Беларусі, а ў той жа час ёсьць павага да мяне як да чалавека. Я маю гучны голас. Пра гэта трэба гаварыць. Трэба добра ставіцца да ўсіх людзей.
Пасьля вызваленьня летам 2024 году блогер выехаў зь Беларусі. Цяпер Вадзім Ермашук жыве ў шэлтары ў Варшаве. Пасьля вызваленьня ён перанёс некалькі апэрацый, у тым ліку па выдаленьні злаякаснай мэляномы і ліквідацыі пахвіннай грыжы, але мае патрэбу ў далейшым маніторынгу стану здароўя, дадатковым абсьледаваньні і лячэньні. BySol адкрыў дабрачынны збор для дапамогі блогеру.
Ці ёсьць зьняволеныя «зь нізкім статусам» у жаночых калёніях?
У Беларусі тры папраўчыя калёніі для жанчын. Гэта калёнія закрытага тыпу № 4 у Гомлі, куды, як правіла, накіроўваюць тых, хто быў асуджаны ўпершыню. І калёнія № 24 пад Рэчыцай, вядомая сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня, — сюды трапляюць паўторна асуджаныя. Нядаўна ў Баранавічах зьявілася новая пэнітэнцыярная ўстанова для жанчын — папраўчая калёнія-пасяленьне № 10, куды адпраўляюць асуджаных жанчын з гомельскай ПК № 4 пасьля замены пакараньня на мякчэйшае.
Актывістка «Эўрапейскай Беларусі», былая палітзьняволеная Ірына Шчасная летась выехала зь Беларусі, дзе адбыла ў зьняволеньні 3 гады і 7 месяцаў. Ірына Шчасная вызвалілася з жаночай калёніі № 4 у Гомлі ў чэрвені 2024 году. Паводле яе, асобных статусаў на жаночай зоне няма.
— Я размаўляла з Вадзімаці і зрабіла высновы, што жаночыя і мужчынскія зоны — зусім розныя плянэты. У жаночай калёніі ніякіх статусаў няма. Зьняволеныя могуць быць у стасунках між сабой, і гэта ня лічыцца падставай пераводзіць іх у адмысловы статус. Гэтым могуць займацца зэчкі на вышэйшых пасадах (заўгас, напрыклад). Усё гэта дазволена, калі людзі, якія маюць такія стасункі, у добрых адносінах з адміністрацыяй. А калі ў дрэнных, то адміністрацыя намагаецца іх разьяднаць, перавесьці ў іншы атрад. Сэксуальнага гвалту няма, усё адбываецца па ўзаемнай згодзе. Ёсьць такія стасункі паміж жанчынамі, якія доўга сядзяць, магчыма, паміж тымі, хто адносіцца да ЛГБТ-людзей. Я назірала гэта сярод крымінальніц, і гэта распаўсюджаная зьява.
Чаму адрозьніваюцца ў гэтым пляне мужчынская і жаночая зоны?
— Цяжка сказаць. Тут гендэрнае пытаньне. Яшчэ Салжаніцын пісаў, што калі разьдзялілі мужчынскія і жаночыя зоны, то ў жаночых зонах гэтая зьява паўстала адразу ж. Я ведала адну палітычную зьняволеную жанчыну ЛГБТ. Яна не давала падставы адміністрацыі яе за гэта караць. Аднаполыя адносіны забароненыя правіламі ўнутранага распарадку. За гэта можна пайсьці ў ШЫЗА ці іншае пакараньне атрымаць. Калі ты «свой чалавек» для адміністрацыі, калі «стучыш» на іншых, то дазволена ўсё. Палітычным не дазволена нічога. Калі нешта здаралася, мы баяліся проста абняць чалавека, каб падтрымаць, бо калі нехта з адміністрацыі пабачыць, то прыпішуць аднаполыя стасункі. Хоць ты проста хочаш прыхінуць да сябе чалавека, які плача. А крымінальніцы не саромеліся трымаць адна адну за руку, абдымацца. Ім гэта было дазволена.
Форум