Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігрэнь


Дрэнны той пісьменьнік, якому не баліць галава. Мастацтва ёсьць болем, літаратура ёсьць болем – у тых, хто піша ўсе гэтыя мала каму патрэбныя кніжкі, павінна нешта балець: калі не душа, дык хаця б неабыякавае (гэта не эпітэт, гэта дыягназ) сэрца, калі ня сэрца – дык хаця б адбітыя здаровымі і жыцьцярадаснымі прыхільнікамі ныркі, калі ня ныркі і ня сэрца – дык прынамсі вочы…

Але галава мусіць балець абавязкова: рэгулярны галаўны боль важнейшы за ўсе пасьведчаньні ўсіх пісьменьніцкіх саюзаў, менавіта ён сьведчыць пра тое, што ў цябе ёсьць шанец напісаць некалі штосьці харошае.
Літаратура ёсьць болем.
Яго трэба заўжды мець пры сабе, але нікому не паказваць – як халодную зброю, як электрашокер, ці як пачак грошай, бо галаўны боль для літаратара ёсьць яшчэ і ўласным капіталам, які зарабляецца творчасьцю і інвэстуецца ў творчасьць. Балі, балі, мая галава, люлі-люлі, чаму ж ты няпоўная, у беражках няроўная.

Упэўнены, што нават у беларускіх савецкіх пісьменьнікаў галава часам балела – нават нягледзячы на тое, што ў іх была свая Паліклініка, Цэнтар па выпрацоўцы здаровага натхненьня. Вось у Эдгара По не было сваёй паліклінікі – і галава ў яго балела амаль няспынна. Трэба было яму ўступіць у якісьці саюз. А так: “Найлепшае, што для мяне цяпер мог бы зрабіць сябра – гэта пусьціць кулю ў маю бедную галаву!” – сказаў незадоўга да сьмерці раздражнёны По (які мучыўся ад мігрэні і ад сэрца) нейкаму добраму доктару Ліўсі.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918.

Напэўна, сапраўды, у працэсах, якія кіруюць творчасьцю, задзейнічаная толькі адна палова мозгу, інакш адкуль гэтыя мігруючыя мігрэні і зьвязаныя зь імі мітрэнгі? Само слова “мігрэнь” паходзіць ад грэцкага “гемікранія”, што азначае нешта кшталту “паўгалавы”, бо мігрэнь у большасьці выпадкаў ахоплівае менавіта адзін бок чалавечай галавы, нібы даючы другому паразважаць пра тое, у чым ён вінаваты і што рабіць далей. У Францыі гемікранія адкрыла рэстарацыю на Манмартры, атрымала carte d´identité і стала мігрэньню.

Вядома ж, мігрэнь – толькі адзін зь відаў галаўнога болю, але самы рамантычны. Доўгі час лічылася, што прычынай мігрэні ёсьць праблемы зь ціскам, але апошнія дасьледаваньні паказваюць, што, верагодней за ўсё, зноў ува ўсім вінаваты свавольны гармон сэратанін, ягоная колькасьць у крыві і ўплыў на судзінную сыстэму чалавека.
Свавольны гармон сэратанін.
Наогул, на сэратанін за апошні час навешалі столькіх сабакаў, што ствараецца ўражаньне ягонае прычыненасьці да любой хваробы: здаецца, мэдыцына – гэта суцэльнае ўтаймоўваньне злога неаб’ежджанага сэратаніну. Апрача павышэньня ўзроўню сэратаніну, да ўзьнікненьня мігрэняў чамусьці прычыняюцца курэньне, сыр, арэхі, піва і чырвонае віно: цэлая тынэйджэрская вечарынка з рабаваньнем бацькоўскага буфэту.

Джордж Крукшэнк. Галаўны боль. 1830

Чаму мігрэнь рамантычная? Ня толькі таму, што на яе часта хварэюць паэты і жанчыны (75 адсоткаў ахвяраў мігрэні). Быць адначасова рамантыкам і не хварэць на мігрэнь атрымалася, відаць, толькі ў робата Вэртэра, калі вы разумееце, пра што я. Паводле мэдычнай клясыфікацыі, мігрэнь можа быць з аўрай і без.
Аўра мігрэні.
Мігрэнь з аўрай трэба заслужыць – і ня толькі пісьменьніку. Аўра мігрэні – гэта разнастайныя галюцынацыі, якія папярэднічаюць прыступу, а таксама абвастрэньне пахаў, боязь сьвятла, гукаў. Мігрэнь з аўрай – гэта як эцых зь цьвікамі, яго абы-каму не даюць, а толькі людзям творчым, неспакойным, сапраўдным нэўротыкам. Мігрэньню бяз аўры прырода ўзнагароджвае людзей пасрэдных, без асаблівых здольнасьцяў: чыноўнікаў, чальцоў Рады па маральнасьці, адстаўных фэльдфэбэляў, дэпутатаў Нацыянальных сходаў. Галоўнае – не пераблытаць, інакш можна стаць пэрсанажам нечай галюцынацыі, несанкцыянаваным сьвятлом у нечым цёмным акенцы, непажаданым гукам. Але ж прырода сама блытаецца рэдка, блытаюць пераважна яе – з богам, са сьметнікам, з Грынпісам.

Падумаеш, галава баліць… Выпі асьпірыну. Не дапамагае. Тады спазмалгону. Ляж пасьпі. Гавары праўду.
Ляж пасьпі.
Людзі, ня схільныя да мігрэні, заўжды ставіліся да яе трохі паблажліва – яе псэўдажаночы характар даваў падставы думаць, што яна напалову – выдумка і капрыз, напалову – нешта, што трэба і можна проста ператрываць, кшталту парэзанага пальца. Між тым, мігрэнь і наогул любы рэгулярны галаўны боль можа быць прадвесьнікам сур’ёзных хваробаў: пухлінаў мозгу, дыябэту, праблемаў сардэчна-судзіннай сыстэмы, якія так любяць сканчацца летальна. Так што, калі вы чалавек ня творчы і ў вас часта баліць галава, ідзіце самі ведаеце куды, на тры літары. МРТ. А калі ўсё ж лічыце сябе творцам, то так вам і трэба – спыніцеся, вазьміцеся за скроні, палюбуйцеся аўрай. На мігрэнь хварэлі Цэзар, Кальвін, Гайнэ, По… Добрая кампанія, вам будзе пра што пагаварыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG