У апошні час стала модна ўсё сьпіхваць на свавольства гармонаў. Калі верыць навукоўцам – якія, як вядома, толькі й шукаюць, чым бы яшчэ такім прынізіць чалавека – гармоны абумоўліваюць практычна ўсё, чым мы так доўга і нудна ганарыліся, усё, што мы лічылі сваім недатыкальным запасам. Напрыклад, эмоцыі, якія нібыта так яскрава вылучалі нас зь мяса-малочнага асяродзьдзя, ды розныя там пачуцьці. Тысячагодзьдзямі апяваныя бардамі, скальдамі, членамі саюзу пісьменьнікаў і іншымі кабольдамі каханьне, вернасьць, сяброўства, гнеў, самаахвярнасьць аказаліся, як высьветлілася, усяго толькі п’янымі гарманальнымі выбрыкамі. З часоў адкрыцьця гэтых дзіўных рэчываў слова “чалавек” перастала гучаць горда, горда стала гучаць слова “гармон”. Зрэшты, песьнярам заўжды было ўсё адно, каго апяваць; гармон – новы герой новага часу: “гарманальны ўсплеск”, “выкід гармонаў”, “шаленства гармонаў”, “гарманальны фон”, гармоны “граюць”, гармоны “прымушаюць”, гармоны “адказваюць” – што гэта, як не мэтафары новае паэзіі? Гарманальны дысбалянс прыйшоў на зьмену адвечнай гарапашнасьці і дэкадансу.