Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хірургія


Штораніцы, заводзячы дачку ў садок, я праходжу міма незвычайнага гіганцкага пляката. “Ёсьць і нешта добрае ў тым, каб мець толькі адну нагу,” – жартуе выяўлены на ім абаронца паралімпійскай зборнай Нямеччыны па гакеі Матыяс Кох. – “Так, прынамсі, ламаеш менш костак”.

Можна толькі падзівіцца моцы духу гэтага чалавека, які нястомна папулярызуе спорт сярод інвалідаў, а заадно палохае са свайго пляката пакуль што яшчэ дзьвюхногіх пешаходаў, якія наважыліся хуценька перайсьці тут дарогу: “Ёсьць і нешта добрае ў тым, каб…” – усьміхаецца скрозь прарэзі шлема Матыяс Кох, і пешаходы робяць крок назад з праезнае часткі ды нехаця брыдуць да сьветлафора. Ня маючы адной нагі, Матыяс Кох уплывае на грамадзтва значна мацней за многіх, хто мае іх абедзьве, напрыклад, за мяне; ён вучыць людзей талерантнасьці, дае надзею зьнявераным, ён служыць жывым прыкладам, і яго нельга не паважаць за гэта.

Яшчэ нядаўна ягоны жарт палічылі б блюзьнерствам, гумарам шыбеніка, і ўжо дакладна нікому б не прыйшло да галавы пісаць такое на плякатах. У тым, старым, аджылым ужо грамадзтве чалавек, які перажыў ампутацыю і страціў якуюсьці сваю канцавіну, быў асуджаны на жыцьцё ўбогае і бязрадаснае, ён мусіў выклікаць толькі шкадаваньне і трымацца далей ад “нармальных”. Паўчалавека, няшчасны кавалак мяса, які просіць лусту хлеба – такая была яго роля, і наўрад ці нехта б пагадзіўся, калі б інваліды раптам запатрабавалі лічыць іх паўнавартаснымі людзьмі, а ня гэтымі вартымі жалю бутэрбродамі.

Гіерархіі былі непахісныя, ня тое што цяпер; кожны адыгрываў адведзеную яму ролю, і нездарма тыя інваліды, што парушалі статус кво, былі часьцей за ўсё маргіналамі, злачынцамі, адрынутымі: прыгадаем самую знакамітую жанчыну ў расейскай гісторыі – Бабу Ягу-Касьцяную Нагу,
Ад хірургаў пахла крывёй.
або брытанца Джона Сылвэра, аднаногага жыцьцялюба-арнітоляга, які камандаваў бандаю піратаў, ці ягонага праўнука крымінальніка Джонатана Смола з конандойлаўскае навэлы “Знак чатырох”. Грамадзкая актыўнасьць інвалідаў, такім чынам, не віталася. Але дзякуючы бясконцым войнам працы ў лекараў заўжды хапала – як і зьнявечаных мужчын на гарадзкіх вуліцах. Сядзець ля цэркваў і на рынках, выставіўшы напаказ свае калецтвы, з працягнутай рукой, калі яна яшчэ была – вось чаго ад іх чакалі. А міма тых цэркваў, а па тых рынках горда ішлі, заклаўшы рукі за сьпіну, спадары хірургі, прыцэньваліся да сьвежае сьвініны ды ялавічыны, і ад спадароў хірургаў пахла крывёй…

Бо народная сьвядомасьць заўжды залічала хірургаў у той самы прафсаюз, што і катаў зь мясьнікамі. І рэч тут ня толькі ў падабенстве інструмэнтарыю – хаця і ў ім таксама: усе гэтыя пілачкі, ножыкі, сякерачкі, шчыпчыкі… Рэч у незваротнасьці вынікаў іхнае працы, рэч у амаль боскай далучанасьці да пытаньняў жыцьця і сьмерці, у разуменьні таго, наколькі нетрывалая нітка злучае жывую істоту з гэтым сьветам і наколькі яе можна напяць, не парваўшы. Кат, рыхтуючыся адсячы галаву, ведаў, дзе і як біць, каб ахвяра памерла імгненна,
Хірург станавіўся і катам, і мясьніком.
лёгка (асуджаныя нават плацілі кату, каб той зрабіў усё з аднаго разу); мясьнік разумеў жывёлаў значна лепш за вэгетарыянцаў і адчуваў зь імі мэнтальную сувязь; хірург жа, беручы ў рукі нож, станавіўся і катам, і мясьніком – але адначасова і збаўцам, у большай ступені за ўсіх іншых мэдыкаў узвальваючы на сябе функцыі бога. Калі жыцьцёвыя нягоды не пакідаюць больш выйсьця, чалавек у роспачы пачынае маліцца; калі ніякае лячэньне не дапамагае і патрабуецца грубае і жорсткае ўмяшаньне – ён ідзе да хірурга.

Surgical Anatomy by Joseph Maclise

Хірург – дэміург, хірург ускрывае пацыента і зашывае яго наноў, ён адразае, адсякае непатрэбнае, зьмяняе, карэктуе, надае новую форму чалавечаму абліччу – карацей, вяртае чалавека туды, адкуль ён выйшаў, у стан падатлівай і мяккай гліны. Хірург, так бы мовіць, паляпшае чалавека і праз свае апэрацыі ўдасканальваецца сам: “гліна – нігіль, нішто, але ў боскіх руках яна становіцца геніяльнай”, як піша Алесь Разанаў.

У сытуацыі, калі ампутацыя пэўных органаў магла быць сродкам ня толькі паратунку, але і пакараньня, хірургаў баяліся ня менш за ката. А як яшчэ маглі да іх ставіцца? Пазбаўленьне чалавека розных частак цела, з дапамогай якіх ён можа карыстацца рознымі
Хірургаў баяліся ня менш за ката.
штучнымі працягамі рукі або нагі (ад матыкі і мяча да гакейнай клюшкі) здавён лічылася найсправядлівейшай расплатай за злачынствы. Самы прагрэсіўны і таму, відаць, апошні з імпэратараў Этыёпіі Хайле Сэласіе ўвайшоў у гісторыю сваёй краіны яшчэ й тым, што адмяніў барбарскае пакараньне за дробныя злачынствы, калі вінаватым адсякалі рукі або ногі – цяпер іх сталі проста забіваць або саджаць у турму. Зрэшты, у іншай краіне – Пакістане – празь некалькі дзесяцігодзьдзяў, у сямідзясятых, такія пакараньні палічылі ўсё ж някепскай завядзёнкаю: ня менш прагрэсіўны за Хайле Сэласіе Зія-Уль-Хак аднавіў такім чынам старажытную шарыяцкую традыцыю. Дагэтуль у некаторых мусульманскіх краінах злодзеям адсякаюць члены, прычым цалкам законна – бо шануюць даўніну і берагуць сваіх нешматлікіх, вывучаных у заходніх унівэрсытэтах хірургаў.

Містычны страх перад хірургамі існаваў заўжды, але свайго апагею дасягнуў, напэўна, у Сярэднявеччы: за сваю працу хірург рызыкаваў быць спаленым жыўцом – усё залежала ад таго, наколькі багатую фантазію мелі інквізытары. Нічога дзіўнага, што хірургі ўсё часьцей сталі згадвацца ў казках і паданьнях, прычым хутчэй як сіла д’ябальская, а ня боская. У адной з казак братоў Грым пад назваю “Тры фэльчары” апавядаецца пра лекараў (відавочна, ня фэльчараў, а хірургаў), якія вандравалі па сьвеце і паказвалі свае ўменьні. Неяк яны хацелі пераначаяваць у адной карчме; гаспадар папрасіў гасьцей прадэманстраваць іхнае майстэрства. Адзін адрэзаў сабе руку, другі выдастаў з грудзей сэрца, трэці выкалаў сабе вочы – і ўсё з абяцаньнем назаўтра вярнуць ампутаваныя ворганы на месца. Празь няўважлівую служанку ўсе гэтыя прычындалы скрала котка; служанка, каб на яе не насварыліся, падсунула раніцай лекарам сэрца сьвіньні, кашэчыя вочы і руку злодзея. Няцяжка здагадацца, што з гэтага выйшла…

Рэмбрант. Лекцыя анатоміі. 1632

Той сярэднявечны страх перад хірургіяй у наш час усё яшчэ могуць адчуць тыя, чыё ўспрыманьне не сапсаванае асьветаю. Напрыклад, дзеці. Ва ўзросьце гадоў так дзесяці я выпадкова прачытаў недзе, як падчас другой сусьветнай рабілі тэрміновую апэрацыю ў нейкім партызанскім атрадзе: хворага, у якога пачынася заражэньне крыві, напаілі самагонам і іржавай пілой на жывую адпілавалі яму нагу. Некалькі начэй я ня мог спаць, чуючы ў цемры гук той пілы: хрым-хрым, хрым-хрым. І крыкі ўратаванага партызана.

Пакуль мэдыцына не пайшла сямімільнымі крокамі, не навучылася змагацца з сэпсысам і ня вынайшла прымальны наркоз, пад нажамі хірургаў гінула ненашмат менш людзей, чым пад сякерай ката. Але потым усё зьмянілася.
І крыкі ўратаванага партызана.
Хірурга нарэшце ацанілі належным чынам, хірург стаў героем, хірургія была прызнаная заняткам творчым, чымсьці на мяжы эпікі і трагікі. Боскі характар хірургіі быў адлюстраваны ў сотнях літаратурных твораў, часам даволі сур’ёзных. Уласна, кожны хірург, нават выдуманы – сам па сабе гатовы раман, застаецца паставіць яго ў належныя часавыя і грамадзкія ўмовы. Равік з “Трыюмфальнай аркі” Рэмарка, хірург зь беларускім прозьвішчам Кукоцкі Людмілы Ўліцкай – хто ведае, ці атрымаліся б гэтыя пэрсанажамі такімі яскравымі, калі б ня іхная прафэсія.

Лічыцца, што хірургі – найбольшыя цынікі з усіх дактароў. Калісьці мне дужа падабаўся такі анэкдот, прыдуманы, напэўна, студэнтамі мэдынстытуту: хірург робіць апэрацыю, з-пад хірургічнага стала чуецца працяглае: “Мяў! Мяў! Мяў!” Урэшце хірург не вытрымлівае, хапае нешта з вантробаў і кідае на падлогу: “Ну на, на, жары, на, падавіся!”

Перад дактарамі ўсе роўныя, бы на Страшным судзе. Мяў, мяў… Ці сапраўды гэта цынізм? Мяркую, не – хутчэй, сьвятая адслоненасьць дыплямаванага бога.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG