Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старасьць


“Забяры ў бабулі пашпарт!” – агітуе маладосьць перад выбарамі. Заклік несправядлівы, але, прынамсі, лягічны і абгрунтаваны. Вось жа, у многіх краінах людзі, якія дажылі да пэўнага ўзросту, ня могуць больш мець правы кіроўцы. Калі ім нельга кіраваць машынай, чаму ім можна галасаваць?.. Пэнсіянэр, вэтэран, стары – почасту гэтыя словы становяцца сынонімамі рэакцыянэра і рэтраграда, асабліва ў ня дужа дэмакратычных краінах.


Старасьць – уплывовая электаральная сіла. Адсотак людзей пажылога і старога ўзросту становіцца ўсё вышэйшы, Эўропа старэе; каб яе скрасьці, новаму Зэўсу трэба браць з сабой аптэчку. Старасьць перад сваім сыходам са сцэны хоча пакінуць маладосьці сьвет у выглядзе найбольш прымальным для яе, старасьці. Але жыць у гэтым сьвеце давядзецца, alas, маладым.

Жыць ці дажываць – вось у чым пытаньне.
Дацкія навукоўцы сьцьвярджаюць, што сярэдняя працягласьць жыцьця ў заходніх краінах паступова расьце пачынаючы з 1840 году, і прыкметаў замаруджваньня гэтага працэсу не назіраецца. Барацьба зь дзіцячай сьмяротнасьцю і ўзрослы ўзровень жыцьця пажылых людзей далі свой плён. У 1950 годзе імавернасьць таго, што чалавек дажыве да 80-90 гадоў, склала 15-18 працэнтаў для жанчын і 12 для мужчын. На пачатку 21 стагодзьдзя тая самая імавернасьць паднялася да 37 працэнтаў у жанчын і 25 у мужчын.

Праўда, паміж іхнымі і нашымі старымі ёсьць вялікае адрозьненьне. За мяжой старыя езьдзяць на роварах, вандруюць, займаюцца спортам, яны – актыўныя наведнікі сэкс-шопаў і рок-канцэртаў. Беларускія старыя рэдка могуць сабе такое дазволіць. Дый ці хочуць яны гэтага? Жыць ці дажываць – вось у чым пытаньне.

Henry Gray, Anatomy of the Human Body, 1918.

“Паважаныя пасажыры, будзьце ўзаемна ветлівыя, саступайце месцы для сядзеньня пасажырам зь дзецьмі, цяжарным жанчынам, інвалідам, пажылым людзям”.

Ці зьвяртаў хто ўвагу на тое, зь якім выкшталцоным прафэсіяналізмам вымаўляюцца гэтыя словы, як па-д’ябальску правільна інтануецца фраза? “Пасажырам зь дзецьмі” гучыць нібыта з лагоднай усьмешкай, паблажліва, маўляў, што зь іх возьмеш: дзеці, кветкі жыцьця з чужога гароду, поўзаюць па сядзеньнях, залазяць з нагамі, нічога, пацерпім. “Цяжарным жанчынам” – трохі ўзьнёсла, рамантычна, і ў той самы час праз гэтую рамантычнасьць прабіваецца пачуцьцё выкананага самцовага доўгу. “Інвалідам” – сумна, не адмаўляючы факту, але з пэўным аптымізмам: так, інваліды ў нас ёсьць, ім цяжка, але бог, дзяржава і мэтрапалітэн робяць усё, каб палегчыць іхны лёс. “Пажылым людзям” дыктар прамаўляе зусім ужо змрочна, строга, занепакоена, нібы нагадваючы: пажыві спачатку зь іхнае, а потым ужо дупу на сядзеньне апускай.

Старасьць рэдка асацыюецца зь весялосьцю і радасьцю. Бо здабыткамі старасьці становяцца хваробы і адзінота, а хто будзе радавацца
У доме састарэлых рэдка бываюць госьці.
хваробам і адзіноце – хіба што мастак, істота без узросту і інстынкту самазахаваньня. Гэтую непазьбежную адзіноту старога чалавека грамадзтва кампэнсуе сваёй падкрэсьленай павагай. Але так было не заўсёды. Калісьці чалавечыя супольнасьці, якія былі заклапочаныя перадусім уласным выжываньнем, імкнуліся пазбавіцца ад тых, хто ўжо ня мог быць карысным. Пажылы чалавек яшчэ ўяўляў зь сябе лішні мозг – стары ж быў ужо проста лішнім ротам. Старых скідвалі са скалы, атручвалі, пакідалі паміраць у лясным гушчары, завозілі дажываць на адмысловыя выспы. Яшчэ ў ХХ стагодзьдзі некаторыя плямёны жылі паводле такіх законаў. І цяпер зрэдку здараецца, што дзеці, вырастаючы, забіваюць сваіх бацькоў – у цалкам цывілізаваных краінах. Ці, часьцей, аддаюць іх у дамы састарэлых. Бо старасьць заўжды замінае маладосьці.

Маладосьць мяркуе, што старасьці добра ў дамах састарэлых. Што яна там заўжды дагледжаная і ёй цікава сам-насам з сабой. Дом састарэлых – як слоўнік архаізмаў, яны незаменныя, напрыклад, у гістарычнай літаратуры, часам запатрабаваныя ў жартах і анэкдотах, часта нам цікава даведвацца пра іхнае паходжаньне, але ўжываць у паўсядзённай мове іх ня любяць, яны так ці інакш будуць выглядаць ненатуральна і кідаць цень на таго, хто гаворыць. Ад архаізмаў не пазбаўляюцца, беражы божа, прыйдзе час – адамруць самі; ад іх проста імкнуцца трымацца ў баку.

Памятаю, як мы з жонкай шукалі ў яе родным горадзе Квэдлінбургу месца, дзе яна зьявілася на сьвет. Высьветлілася, што там цяпер мясцовы дом састарэлых. Нашаму візыту былі надзвычай рады, і адна бабулька ўсё распавядала нам пра нешта, і казала так таропка, не спыняючыся, бо ведала: як толькі яна замаўчыць, мы назаўжды сыдзем. У доме састарэлых рэдка бываюць госьці.

Старасьці заўжды хочацца многае сказаць нашчадкам, але яе ніхто ня слухае. І тут няма віны маладзейшых пакаленьняў. Па-першае,
Старасьць ніхто ня слухае.
розьніца ў досьведзе несувымерная. Як можна асэнсаваць тое, чаго ты не перажыў – і ня проста асэнсаваць, але яшчэ і ўспрыняць гэта як мудрасьць? У найлепшым выпадку можна зь ветлівасьці паківаць хвілінку-другую, але потым трэба паправіць падушку, напілаваць дроваў, уключыць тэлевізар і сыходзіць. Па-другое, і гэта важней, перашкаджае моўны фактар: старасьць ужо ня ўмее выказвацца так, каб яе слухалі. Яна гаворыць ня той моваю. Таму камунікацыя са старасьцю ня можа быць пасьпяховай. Калі старасьць спрабуе гаварыць мовай маладых, у марнай надзеі на паразуменьне – гэта выглядае недарэчна: няма нічога больш брыдкага за старасьць, якая маладзіцца, за ўсіх гэтых вечна юных дзядулек зь іхнымі юрлівымі бесамі ў рэбрах, сівых паэтаў, якія лічаць, што яшчэ здольныя на эпатаж, нафарбаваных экзальтаваных бабулек з маршчыністымі, але выстаўленымі напаказ грудзьмі, пажылых азызлых панкаў, звар’яцелых васьмідзесяцігадовых зорак эстрады, ужо аранжавых ад перанесеных плястычных апэрацый. Старасьць – гэта яшчэ і годнасьць, і старыя не заўжды гатовыя да такога выпрабаваньня. Можна годна жыць, але годна дажываць – гэта, напэўна, вельмі цяжка.

Ганс Бальдунг Грын, "Тры ўзросты жанчыны і cьмерць", 1510.

Відаць, адзінае, у чым можна пазайздросьціць старасьці – гэта яе ўменьню адрозьніваць сапраўды значнае ад нязначнага, у яе веданьні праўдзівай вагі рэчаў, учынкаў, зьяваў. Колькі сілаў траціць маладосьць на тое, што ёй ніколі не спатрэбіцца, колькі пустых дробязяў яна лічыць істотнымі і вартымі змаганьня.

Маладосьць мала цікавіцца старасьцю – прынамсі, да таго моманту, пакуль старасьць урэшце не памрэ. Тады маладосьць раптам аказваецца ўдзельнікам цікавага працэсу – пераемнасьці. Для маладых пачынаецца новы адлік часу. Жыцьцё нечакана зьмяняе сюжэт ці, хутчэй, атрымлівае штуршок для зьяўленьня ў ім сюжэту ўвогуле. Нездарма шмат якія народныя казкі пачынаюцца менавіта са сьмерці старога чалавека: караля, бацькі, пана...

І ўсё ж успрымаць старасьць як пэўны, ня дужа працяглы адрэзак чалавечага жыцьця – значыць усё спрашчаць. Як на мяне, дык старасьць – гэта, хутчэй, сьветапогляд.

Існуе радыкальная анталягічная тэорыя, згодна зь якой чалавек разьвіваецца толькі ў чэраве маці, а ўвесь час ягонага жыцьця ад нараджэньня да сьмерці – пэрыяд павольнага, дзесяцігодзьдзе за дзесяцігодзьдзем, згасаньня, паступовае, маруднае старэньне.

Не дажыць да старасьці, памерці маладым – дэвіз юных дурняў. Не дажыць да склерозу, паркінсана, альцгаймэра, маралізатарскага маразму – пра гэта мараць яны; старасьць – адзінае, чаго яны баяцца. Маладосьць любіць абвіначваць у чым-небудзь нудную старасьць. У тым, напрыклад, што яна, маладосьць, дзякуючы нядбайнай старасьці жыве ня так, як хацела б.

Старасьць пачынаецца, калі ты ва ўсім, што вакол адбываецца, бачыш прыпавесьці. Калісьці я працаваў настаўнікам у школе і быў
Памерці маладым – дэвіз юных дурняў.
закаханы ў сваю вучаніцу. Нічога супрацьнатуральнага – мне было дваццаць тры, ёй шаснаццаць. Яе аднаклясьнікі ставіліся да маіх пачуцьцяў на дзіва спачувальна. Каб дагадзіць ёй, я амаль што пасябраваў зь яе прыяцелямі і прыяцелькамі, мы часам пілі піва ў парку, слухалі музыку, курылі і абмяркоўвалі ўсё на сьвеце. Мяне ніколі не хвалявала мая рэпутацыя. Неўзабаве яны запрасілі мяне на свой выпускны вечар. Я пагаліўся, пастрыгся, пазычыў гальштук і роўна а сёмай падышоў да школы. У вокны я ўбачыў іх: шчасьлівых, у сьвяточных строях, з гэтымі дурнымі блакітнымі стужкамі, такіх маладых, прыгожых, даўганогіх, самаўпэўненых, абсалютна бязмозглых. Павярнуўся і пайшоў прэч. Мне было дваццаць тры, а я пачуваўся такім старым. Больш мы ня бачыліся.

…Жыць – гэта доўг, сказана мімаходзь у “Фаўсьце”; а наіўная маладосьць думае, што гэта інстынкт. Дажыць да старасьці, я мяркую, варта – каб пазнаёміцца з уласнымі праўнукамі. Каб пабачыць, як зьмяніліся кнігі, жаночая бялізна, кампутары, электрычкі і тытунь; каб зьедліва кпіць з футуролягаў і спакойна тыкаць усім, хто з табой на “вы”, нават міністру абароны; каб абсалютна беспакарана хапаць за попу маладых мэдсёстраў; каб, спаслаўшыся на слабую памяць, выдумаць сабе новае, гераічнае мінулае; каб, стаўшы старым пердуном, моўчкі прыкінуць у тумане разьвітаньня, якім будзе сьвет безь цябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG