Мая бабуля трыццаць пяць гадоў адпрацавала на адным зь менскіх заводаў, на самай шкоднай вытворчасьці, у ліцейцы. Калі бабулю праваджалі на пэнсію, завод падарыў ёй вялікі мэханічны насьценны гадзіньнік, з глухім урачыстым боем і зь меднай пласьцінай, на якой была выгравіравана назва цэху. Бабуля паважала гэты гадзіньнік, рэгулярна заводзіла яго адмысловым ключом, сачыла за тым, каб ён не спыняўся. Часам я, вяртаючыся ўначы з Уручча ці Зялёнага Лугу пехатою ў свой мікрараён, заходзіў да бабулі, яна сьцяліла мне на ложку пад гэтым самым гадзіньнікам.