Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлану Алексіевіч у Вільні віталі сотні чытачоў яе кніг


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

У Вільні праходзіць штогадовы кніжны кірмаш, які традыцыйна зьбірае на адной пляцоўцы літаратараў, выдаўцоў і гандляроў кнігамі зь дзясяткамі тысяч аматараў літаратуры з усёй Літвы.

Падзеяй трэцяга дня Vilniaus knygų mugę 2025 стала подыюмная дыскусія з удзелам беларукай пісьменьніцы, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі за 2015 год у літаратуры Сьвятланы Алексіевіч.

Разам зь ёй тэму «Ці можа культура быць дыпляматычным мостам?» абмяркоўвалі літаратар Гедрэ Казлаўскайце і вядомы фатограф Антанас Суткус. Мадэратаркай дыскусіі была журналістка Яланта Крыжэвічэне.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«500 тысяч беларусаў выехалі з Радзімы»

Алексіевіч пачала свой выступ з успаміну пра падзеі 2020 году, якія сталі гістарычнымі для Беларусі.

«Мы перажылі рэвалюцыю. Цяжка гэта казаць, але гэтая рэвалюцыя пацярпела паразу. Людзі верылі, што дадуць рады з Лукашэнкам, але ўмяшаўся Пуцін, які сказаў, што падтрымае яго», — успомніла Сьвятлана Алексіевіч.

Паводле ацэнак пісьменьніцы, якая цяпер вымушаная жыць за межамі краіны, праз рэпрэсіі зь Беларусі выехалі каля 500 тысяч чалавек. У гэтай лічбе і многія выдаўцы кніг. Напрыклад, у Літву перабралася выдавецтва «Пфляўмбаўм», зь якім працуе Сьвятлана Алексіевіч.

Кнігі на віленскім кірмашы
Кнігі на віленскім кірмашы

Паводле ўражаньняў Алексіевіч, беларусы ў Літве «абжываюцца, улюбляюцца ў гэтую цудоўную культуру, вучаць яе мову і знаходзяць усё больш супольнага ў культурах двух народаў». Пісьменьніца адзначыла наступную якасьць беларусаў як нацыі: «Гэта наш спосаб наладзіць жыцьцё. Толькі культура здольная зрабіць больш за танкі», — сказала пісьменьніца.

Увогуле выказваньні Сьвятланы Алексіевіч у час дыскусіі часта ўтрымлівалі згадкі вайны ва Ўкраіне і яе наступстваў для ўсёй Эўропы. Выклікалі авацыі залі, у якой паслухаць пісьменьніцу сабраліся больш за 200 чалавек, разважаньні пра ролю культуры ва ўсьведамленьні каштоўнасьці чалавека.

«Толькі культура можа зьмяніць погляд на чалавека, паказаць, што ён варты большага, чым згарэць у танку», — мяркуе Сьвятлана Алексіевіч. Яна прапануе больш ўвагі зьвяртаць менавіта на гуманнасьць як каштоўнасьць жыцьця.

Аўтографы чытачам
Аўтографы чытачам

Дыскусія закранула сёньняшнія падзеі ў Беларусі і жыцьцё суайчыньнікаў, якія апынуліся за мяжой. Алексіевіч спаслалася на ўбачанае ў прытулку Dapamoga ў Вільні, дзе напярэдадні ў яе адбылася сустрэча зь беларусамі-ўцекачамі. Яна заўважыла, што там ёсьць шмат беларускіх кніг, якія купляюць і з задавальненьнем чытаюць жыхары асяродку.

«Ведаю, што яны жывуць вельмі сьціпла, у іх зусім няма лішніх грошай. Але для чалавека, асабліва пазбаўленага радзімы, вельмі важнае слова, пагатоў роднае слова», — мяркуе Сьвятлана Алексіевіч.

Падзялілася пісьменьніца і трывожным назіраньнем. У размове зь ёй былая палітзьняволеная прызналася, што пасьля перажытых выпрабаваньняў трымацца ёй дапамагае нянавісьць да катаў. Такія пачуцьці непакояць пісьменьніцу, яна мяркуе, што на нянавісьці немагчыма пабудаваць нічога вартага.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Мадэратарка дыспуту спытала пісьменьніцу, ці даходзяць у Беларусь беларускія кнігі, у тым ліку ейнага аўтарства, што выдаюцца за мяжой.

На гэта Сьвятлана Алексіевіч адказала з упэўненасьцю: «Так, даходзяць, але зь вялікімі цяжкасьцямі і малой колькасьцю». Паводле Алексіевіч, кніг удаецца перадаць адзінкі, бо тым, у каго знойдуць такі груз пры перасячэньні мяжы у Беларусь, пагражае «Акрэсьціна — адна з самых страшных вязьніц ў Беларусі».

«Таму людзі вязуць адсюль адну-дзьве беларускія кнігі, каб не прыцягваць увагі памежнікаў», — расказала пісьменьніца.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Што такое дэмакратыя? Гэта веды пра сьвет»

У час гутаркі гучалі згадкі пра розныя спосабы наладжваць і падтрымліваць культурныя сувязі паміж людзьмі з розных краін. Сьвятлана Алексіевіч заклікала больш актыўна абменьвацца здабыткамі культуры, браць за прыклад у іншых народаў тое, што «робіць цябе большым як чалавека».

Паэтка Гедрэ Казлаўскайтэ, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (зьлева направа)
Паэтка Гедрэ Казлаўскайтэ, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (зьлева направа)

Пісьменьніца зноў падзялілася ўспамінамі пра 2020 год.

«У час маршаў у Менску я бачыла маладых людзей, пра якіх дакладна можна сказаць, што вось гэта — грамадзянская супольнасьць. Прыгожыя, добра адукаваныя людзі, якія пабывалі за мяжой, шмат чаму там навучыліся. Раней я бачыла падобных людзей у літаратурным клюбе майго імя, які дзейнічаў у Менску, мы там абмяркоўвалі літаратуру, пытаньні культуры. І вось такія людзі прыходзілі на маршы пратэстаў — разумныя, адукаваныя, здольныя вучыцца. Бо што такое дэмакратыя? Гэта веды пра сьвет, як ён уладкаваны», — сказала Сьвятлана Алексіевіч.

Паводле пісьменьніцы, маршы пратэсту падарылі ёй каштоўнае ўсьведамленьне, што беларусаў з дэмакратычным мысьленьнем вельмі шмат.

«Але тады перамагло старэйшае пакаленьне, людзі іншага часу», — зноў з сумам прызнала Алексіевіч.

Дыскусія ў Вільні на кніжным кірмашы са Сьвятланай Алексіевіч
Дыскусія ў Вільні на кніжным кірмашы са Сьвятланай Алексіевіч

«…Але Пуціну і Лукашэнку не перамагчы час»

У канцы дыскусіі пісьменьніцу спыталі яе меркаваньне пра тое, ці перамогуць некалі ў Беларусі тыя людзі, якія ў 2020 годзе выходзілі на пратэсты. Сьвятлана Алексіевіч успомніла «жанчын у белых сукенках з кветкамі» і прызналася, што ня ведае, ці вернуцца яны і ці перамогуць. І дадала: «Але я ведаю, што Пуціну і Лукашэнку не перамагчы час».

На Віленскім кніжным кірмашы працуе беларускае выдавецтва «Пфляўмбаўм». Сёлета выдавецтва прапануе наведнікам сем новых кніг, а таксама выдадзеную на літоўскай мове кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Апошнія сьведкі», складзеную з успамінаў людзей, якія перажылі ІІ усясьветную вайну дзецьмі.

Кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Апошнія сьведкі» на літоўскай мове
Кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Апошнія сьведкі» на літоўскай мове

Да стэнду выдавецтва, дзе прадаецца гэтая кніга, выстраілася вялікая чарга зь беларусаў і літоўцаў, калі туды прыйшла Сьвятлана Алексіевіч. Дзясяткі людзей з гэтай і іншымі кнігамі чакалі больш за гадзіну, каб атрымаць яе аўтограф альбо зрабіць з ёю здымак.

Чарга да Сьвятланы Алексіевіч з сотні жадаючых падпісаць кнігу
Чарга да Сьвятланы Алексіевіч з сотні жадаючых падпісаць кнігу

Кніжны кірмаш ў LITEXPO ў Вільні працягнецца і ў нядзелю, 2 сакавіка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG