У Віцебску траўматоляга калюмбійскага паходжаньня судзяць за «экстрэмізм»
4 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска адзначылася імя Хорхе Еліесера Даса Гайтана. Мужчыну ставяць у віну ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмізму»), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Мяркуючы па сацсетках, мужчына родам з калюмбійскага горада Армэнія, вучыўся ў Віцебскім мэдыцынскім унівэрсытэце і застаўся ў Беларусі працаваць. Па бэджы на фатаздымках можна зразумець, што ён працуе траўматолягам.
Раней тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!» паведамляў пра аналягічны суд над Вольгай Даса Гайтан, супрацоўніцай віцебскай філіі «СберБанку» — верагодна, жонкай Хорхе Еліесера. Яе таксама судзілі за «распаўсюд экстрэмізму».
У Гомлі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі лекарку гарадзкой паліклінікі
28 лютага ў судзе Чыгуначнага раёна Гомля адбыўся разгляд судовай справы ў дачыненьні да Аліны Жукавай. Яе абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Справу разглядала судзьдзя Аксана Шавякова. Вынік судовага пасяджэньня высьвятляецца.
Як піша «Гомельская Вясна», Аліна Жукава, прынамсі да гэтага суду, працавала доктарам-отарыналярынголягам у Гомельскай цэнтральнай гарадзкой клінічнай паліклініцы.
У Менску неўзабаве пачнуць судзіць эстонца і вядомага баскетбольнага судзьдзю
Менскі гарадзкі суд 17 сакавіка пачне разглядаць крымінальную справу супраць грамадзяніна Эстоніі Алана Роя і баскетбольнага судзьдзі Аляксандра Сырыцы, якога затрымалі летась па вяртаньні ў Беларусь. Палітвязьняў больш за год утрымліваюць пад вартай, піша «Вясна».
Іх справу будзе разглядаць судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.
У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»);
- ч. 1 арт. 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта»);
- ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»);
- ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады»).
Вядома, што 16 студзеня 2024 году КДБ Беларусі прыняў рашэньне аб прызнаньні «экстрэмісцкім фармаваньнем» фонду «Fund of Belarus Friend LTD». У рашэньні ведамства былі пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненьне да фонду: Алег Стэфановіч і Аляксандар Сырыца, а таксама Алан Роя.
У Наваполацку двух чалавек судзяць за пратэсты 2020 году
У судзе Наваполацку 4 сакавіка праходзяць два працэсы паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»), піша «Вясна».
Дзьмітрыя Цюкаева судзіць Ірына Жарова, а Арцёма Васільева — Ала Гаціх. Апошняга, апроч удзелу ў пратэстах, судзяць таксама за «ўхіленьне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» (ч. 1 арт. 435 КК).
За год у Наваполацку паводле «народнага» артыкулу прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці сама меней шэсьць чалавек, адзначаюць праваабаронцы.
Пачаўся суд за ўдзел у пратэстах над мадэльлю і экс-бортправадніцай Qatar Airways
У судзе Фрунзенскага раёну Менску 4 сакавіка пачаўся суд над Веранікай Жалубоўскай. Судзяць яе па «народным» артыкуле — ч. 1 арт. 342 КК. Судзьдзя — Юлія Ваўковіч, паведамляе «Вясна».
Вераніцы Жалубоўскай 29 гадоў. Яна зь Менску. Скончыла менскі ліцэй № 1, вучылася ў Менскім дзяржаўным Лінгвістычным унівэрсытэце (скончыла ў 2017 годзе). Мяркуючы па анкеце, адначасова вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Пасьля сканчэньня МДЛУ Вераніка адпрацавала тры гады сцюардэсай у Катарскіх авіялініях. Яшчэ адно захапленьне Веранікі — мадэлінг і акторства. Яна зьнялася ў эпізадычных ролях у чатырох фільмах пад псэўданімам Вераніка Брусьнікіна і супрацоўнічала з мноствам мадэльных агенцтваў. У 2016 годзе дзяўчыну прызналі пераможцай сталічнага конкурсу «ВелаМіс».
Апошняе фота ў сацсетках дзяўчына выклала 18 лістапада 2024 году з Турэччыны. Пасьля гэтага яна паехала ў Беларусь — імаверна, тады яе і затрымалі, пісала «Наша ніва».
Форум