Дэпартамэнт міграцыі Літвы апублікаваў статыстыку аб колькасьці дазволаў на жыхарства сярод іншаземцаў, якія жывуць у краіне. Паводле новых лічбаў, беларусы ўсё яшчэ другія ў колькасьці атрыманых у гэтай краіне дазволаў на жыхарства. На 1 лютага грамадзяне Беларусі маюць 55 595 такіх дакумэнтаў. На першым месцы па-ранейшаму ўкраінцы — 75190 дазволаў на жыхарства. На трэцім — расейцы, яны маюць 14 866 дазволаў на жыхарства ў Літве.
У студзені мінулага году колькасьць выдадзеных дазволаў на жыхарства для беларусаў была значна большай — 62 167. Да лютага гэтага году колькасьць дазволаў на жыхарства зьнізілася на 6572.
Падобная тэндэнцыя закранула і ўкраінцаў: ў студзені 2023-га — 94 891 дазволаў на жыхарства, цяпер такіх дазволаў стала менш на 19 701. Дазволаў на жыхарства для расейцаў са студзеня мінулага году стала менш на 1022.
Працоўны і гуманітарны
Дэпартамэнт міграцыі апублікаваў таксама разьбіўку па тыпах дазволаў на жыхарства. Сярод беларусаў большасьць маюць дазвол на жыхарства па працы — 39 593. На другім месцы ў колькасьці выдадзеных дазволаў — дазволы паводле сямейных абставінаў: 5514. Гэта калі чалавек мае дазвол на жыхарства і робіць дакумэнт таксама для сваіх родных.
3563 чалавекі маюць дазвол на жыхарства як спэцыялісты высокай кваліфікацыі. Такі ДНЖ звычайна атрымліваюць супрацоўнікі сфэры ІТ. У гэтай катэгорыі беларусаў значна больш, чым іншых іншаземцаў (861 расеец, 348 украінцаў).
973 беларусаў маюць дазвол на жыхарства ў Літве з мэтай вучобы. Гуманітарныя дазволы на сёньня ў Літве мае 961 беларус.
«Гарантый няма ніякіх»
Суразмоўца Свабоды толькі зьбіраецца пераяжджаць зь Літвы ў іншую краіну ў найбліжэйшы час. Васіліна (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) працуе ў ІТ.
«Асноўная прычына для мяне — гэта няўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Я хацела б ведаць, што пры ўмове, калі я выконваю ўсе патрабаваньні, я атрымліваю прадказальны вынік. Не магу быць упэўненай, што змагу легалізавацца ў Літве, бо атрымаць пашпарт стала калі не нерэальна, то вельмі складана. Я магу прайсьці ўвесь шлях ад часовага дазволу на жыхарства да пастаяннага, сумленна выконваць усе ўмовы заканадаўства, вывучыць мову, плаціць падаткі, працаваць, але ня мець гарантыі», — зазначае суразмоўца.
Васіліна падкрэсьлівае, што ня можа замяніць пашпарт у Беларусі і ў выніку можа застацца наагул без дакумэнта як «не грамадзянін ніводнай краіны».
Іншы момант, на які яна зьвяртае ўвагу, гэта пагаршэньне адносінаў да беларусаў агулам.
«Я разумею, што сытуацыя ў сьвеце пагаршаецца і напружанасьць расьце, але я ніяк не магу на гэта паўплываць. Аднак гэта наўпрост уплывае на мяне. Праз абставіны і зьмены стаўленьня немагчыма цалкам спадзявацца на дзейнае заканадаўства і цяперашнія ўмовы, бо яны могуць зьмяніцца такім чынам, што выехаць давядзецца ў любым выпадку», — кажа суразмоўца.
Цяжкасьці з мовай, немагчымасьць атрымаць грамадзянства
Антон (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) працуе ў сфэры ІТ і спачатку зьбіраўся заставацца ў Літве, некаторы час жыў у гэтай краіне, меў дазвол на жыхарства і працу, але вырашыў пераехаць у Польшчу.
«Я паехаў, бо зразумеў, што для мяне ў Літве няма сэнсу жыць і няма будучыні. Вучыць мову? А навошта? З кожным месяцам ты для Літвы ўсё большы вораг. Чаму, за што? Гэта проста зьневажае. Пажыўшы некаторы час, ты разумееш, што тут высокія цэны, нізкія магчымасьці. Нерухомасьць каштуе шалёных грошай. Ды нават працу знайсьці цяжка. Цяжка вывучыць мову, а грамадзянства пэўна амаль немагчыма атрымаць», — расказаў суразмоўца.
Суразмоўца кажа, што ў Польшчы самастойна зрабіў сабе дакумэнты. Давялося пачакаць, але затрымка была зьвязаная з высокім наплывам мігрантаў, ня толькі зь Беларусі.
«У Польшчу едуць людзі ня толькі зь Беларусі ці Літвы, але і зь Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, І, напэўна, іх будзе больш», — адзначае суразмоўца.
За мінулы год у Літве 598 беларусаў прызналі пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Сярод іх 179 беларусам ня выдалі часовага дазволу на жыхарства, 232 не працягнулі дзеяньне гэтага дакумэнту. Для 175 беларусаў скасавалі дазволы на жыхарства, траім беларусам ня выдалі пастаяннага дазволу на жыхарства, а 9 пазбавілі гэтага дакумэнту.
Форум