4 сакавіка Дзярждума Расеі ратыфікавала два дакумэнты, якія датычацца дзяржаўных крэдытаў, прадстаўленых Расеяй Беларусі. Яны прадугледжваюць адтэрміноўкі па выплатах, піша БелТА.
Першы дакумэнт — пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Расеі аб зьмяненьні ўмоваў асобных беларуска-расейскіх міжурадавых пагадненьняў, падпісанае ў Маскве 25 красавіка 2024 году. Другі — пратакол, падпісаны ў Маскве 11 ліпеня 2024 году, якім уносяцца зьмены ў пагадненьне ад 25 красавіка 2024 году.
Прадстаўляючы дакумэнты на ратыфікацыю, намесьнік міністра фінансаў Расеі Ўладзімір Калычоў, адзначыў, што ў 2024 годзе падпісалі пагадненьне і пратакол «ў мэтах зьніжэньня плацежнай нагрузкі» на бюджэт Беларусі ў сувязі зь неабходнасьцю пагашэньня і абслугоўваньня даўгоў па крэдытах перад Расеяй.
«Гэтыя дамовы прадугледжваюць перанос плацяжоў у пагашэньне асноўнага доўгу з 1 красавіка 2024 года па 31 сьнежня 2024 году і працэнтаў плацяжоў з 1 ліпеня па 31 сьнежня 2024 году на пэрыяд 2031-2036 гадоў. Агульная сума плацяжоў, якая падлягае адтэрміноўцы, складае каля 800 мільёнаў у даляравым эквіваленце», — патлумачыў ён.
Форум