У справаздачы адзначаецца, што «ўлады працягваюць адвольна перасьледаваць на палітычных падставах кандыдатаў, сяброў выбарчых штабоў і ініцыятыўных груп, назіральнікаў, актывістаў і проста неабыякавых грамадзян, якія паставілі свой подпіс за вылучэньне незалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году».
Праваабаронцы лічаць, што «прызначэньне выбараў на 26 студзеня 2025 году, за 6 месяцаў да чаканай даты іх правядзеньня (і за 7 дзён да крайняга тэрміну рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты), сьведчыць аб інструмэнталізацыі электаральных працэдур і маніпуляцыі заканадаўствам».
Па сутнасьці, гаворыцца ў справаздачы, «улады падагналі дату выбараў пад палітычныя задачы, тым самым парушыўшы выбарчае заканадаўства з пункту гледжаньня роўнасьці магчымасьцей кандыдатаў і прынцыпу прадказальнасьці выбараў, прадугледжанага міжнароднымі стандартамі ў галіне выбараў».
Маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазволіў праваабаронцам зрабіць выснову, што «выбары прэзыдэнта не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства».
Усе этапы выбарчага працэсу «ня проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрыманьня Аляксандрам Лукашэнкам улады пры імітацыі яго шырокай народнай падтрымкі», канстатавалі аўтары справаздачы. У дакумэнце прыведзены шматлікія доказы, якія пацьвярджаюць правамернасьць такіх высноў.
На электаральнай працэдуры 26 студзеня, якую афіцыйны Менск лічыць «прэзыдэнцкімі выбарамі», за Лукашэнку, паводле сьцьвярджэньня Цэнтравыбаркаму, прагаласавалі 86,82% выбарцаў.
Працэдура прайшла пад поўным кантролем уладаў і на фоне беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій.
- «Праваабаронцы за свабодныя выбары» — кампанія, арганізаваная праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам. Яе мэта ў тым, каб ацаніць выбарчы працэс з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаваць беларускую грамадзкасьць і міжнародную супольнасьць пра ход падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, а таксама пра вынікі назіраньня.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум