Кастусь Акула. Змагарныя дарогі
За прыгодамі герояў раману Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі» займальна назіраць найперш з гледзішча геаграфіі. Бо ключавое слова тут — усё ж «дарогі»: яны і толькі яны, каторыя заўжды «пыл і туман», да якога б лягеру ні належаў аўтар і па якім бы вылізаным аўтабане ні імчала яго двухмясцовая фантазія. Геаграфія — хітрая штука, здольная ўратаваць нават самы нецікавы тэкст, бо варта толькі даць ёй такую-сякую волю, як самі сабою зьявяцца і сюжэт, і інтрыга, а чытач ператворыцца ў вандроўніка аўтастопам. Дзеяньне гэтага твору пачынаецца ў Менску, недалёка ад моста цераз Сьвіслач, а далей — Беларусь, Літва, Усходняя Прусія, Нямеччына, Францыя, Італія і нават кавалачак Швэйцарыі, і на даляглядзе Лёндан. Палова Эўропы. Малыя і вялікія гарады, сялянскія двары і вінаграднікі, лагчыны і вакзалы, горы і завулкі — кантынэнтальны сьняданак боства Вайны, месцы, кожнае зь якіх ў любы момант можа зрабіцца турмой, прытулкам ці — магілаю.
«Змагарныя дарогі» маюць ня столькі літаратурную, колькі гістарычную, мэмуарную каштоўнасьць, гэта — кроніка двух гадоў «ня нашай вайны» і разам з тым яскравы фрагмэнт прыватнай біяграфіі, засунуты пад простае шкло бэлетрыстыкі, як яе разумее аўтар. А разумее ён яе цалкам традыцыйна — таму няхітрыя аўтарскія прыёмы тут ні на што не ўплываюць. Шкло не замінае; разгледзець можна ўсё. Навошта ж было наогул бэлетрызаваць гэтую гісторыю, ведае толькі аўтар. Магчыма, каб закансэрваваць — што вытлумачальна для музэю, але не для раману. Тэкст Акулы і праўда зроблены так, каб у чытача не было ні ценю сумненьня ў тым, хто тут мае рацыю, а хто не. У гэтым сэнсе «Змагарныя дарогі» падобныя да дзяржаўных сымбаляў — яны ня церпяць сумневаў і не дазваляюць інтэрпрэтацый.
Сюжэтна гэты раман — такія сабе «Сэрцы трох» на беларускай глебе. Галоўныя героі «Дарогаў» — трое сяброў, рамантычныя беларускія юнакі ў тым веку, калі ідэі граюць на чалавеку, як бубнач на дудцы. Кадэты беларускай вайсковай школы, паўсталай пад нямецкай акупацыяй. Тая школа магла б зрабіцца правобразам нацыянальнага войска, але так і засталася чымсьці прывідным і цьмяным да канца свайго ўяўнага існаваньня. Кастусь, Сымон і Віктар — настолькі апантаныя патрыёты, што нават страшна робіцца за радзіму, і за сваю, і за чужыя, яны ў любы момант гатовыя памерці за Бацькаўшчыну са зброяй у руках і зь вершам Жылкі «Меч» на вуснах (аўтар абраў яго ў якасьці эпіграфу да раману). Неяк дзіўна, што цяперашнія хворыя на правабаковы патрыятызм беларусы не штампуюць дзетак тройнямі, называючы іх Кастусямі-Сымонамі-Віктарамі, незалежна ад полу. Бо ж «падваліны закладзеныя», як пісала акупацыйная прэса. Акулавы героі, зрэшты, ставяцца да Гітлера без уласьцівага згаданым пацыентам піетэту. Кастусь Дзежка, Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч ненавідзяць фюрэра гэтаксама, як і Сталіна. Іхная бяда ў тым, што паміраць ім прапануюць за якую заўгодна радзіму, але толькі не за ўласную. Паміраць за Нямеччыну, сталінскую Расею, Польшчу ці ангельска-амэрыканскіх хаўрусьнікаў сябры не жадаюць — таму спрабуюць выжыць сярод чужога ў чаканьні сваёй Вайны.
«Змагарныя дарогі» — ваенны раман. Але свая Вайна для яго герояў ніяк не надыходзіць. Акула, фактычна, спрабуе вывесьці уласную, вайсковую формулу ўзаемадачыненьняў беларусаў з гісторыяй, і гэтая формула выглядае жудасна. Мець з усіх бакоў ворагаў і ня мець сваёй Вайны — вось дзе катастрофа, якая ня сьнілася нават Напалеону. Сьпіс ворагаў, як кажуць, прыкладаецца. Ён і праўда прыкладзены, у выглядзе ўводнай часткі да раману. Што там немцы... Аўтар пералічвае ўсіх суседзяў: палякі, расейцы, літоўцы, якіх Акула ўпарта запісвае ў «летувісы», латышы і нават «брацьця-украінцы», хоць і з агаворкамі, і вугорцы — часам аўтар скочваецца тут да зусім ужо непрымальных абагульненьняў, катэгарычнасьць якіх можна было б сьпісаць на вайну, бо ў мірны час такія высновы не дазволеныя ні Юпітэру, ні быку, ні Пітэру Булю. Зразумела, найбольш дастаецца расейцам — «сам нячысьцік Люцыпар мог бы шмат чаму ў іх павучыцца». Расейцам ня толькі па крыві, але і па духу — лейтэнант Сьцервін і «тоже белорус» Шувалаў, героі раману і рэальныя асобы, выклікаюць у аўтара пагарду, у якой, здаецца, сапраўды няма нічога асабістага...
Але галоўная выснова гэтага вопісу ворагаў Беларусі неаспрэчная: «каб быць і жыць, каб знайсьці ратунак, трэба было разьлічваць толькі і выключна на свае собскія сілы», піша Кастусь Акула. Так і дзейнічаюць яго героі, пакрысе разьвітваючыся з ілюзіямі.
Беларусь паміж Сцылай і Харыбдай — і «што ўцалела ад Сцылы, тым намагалася пажывіцца Харыбда». Але падобна на тое, што ні Сцыла, ні Харыбда нават не заўважаюць, што менавіта жаруць, ім не да этыкетак. «Тут вам kein Russland», паўтарае нямецкі афіцэр беларускім кадэтам, якія апынуліся на нямецкай тэрыторыі — і ніяк ня хоча прызнаваць сур’ёзнасьць іхных сапраўдных намераў. Адно з галоўных пытаньняў раману — пра якое аўтар, магчыма, і не задумваўся: а што, калі б той афіцэр насамрэч прызнаў вайсрутэнаў, калі б паставіўся з належнай павагай да таго, што яму ўяўляецца «буфэрнай бутафорыяй» — што, тады б не было пытаньня, на якім баку ваяваць, і менш было б сумневу ў трох ваярскіх сэрцах? І вайна раптам зрабілася б сваёй? І вызваленьне адбылося б?..
Як і належыць аўтару вайсковага раману, у пошуках уласнага стылю аўтар «Змагарных дарог» ня надта ахвотна пакідае свой акоп і заўжды ведае, дзе праходзіць фронт. Часам, калі ўдаецца — калі нейкі ўспамін дзякуючы сваёй моцы застаўся ў памяці навечна, ва ўсіх дэталях — ён можа зьдзівіць і ажывіць карціну: узяць хаця б апісаньне бамбаваньня віленскага вакзалу, якое хутчэй падобнае да рэпартажу, і пры тым досыць маляўнічага. Відавочна, што Акулу хацелася даць у рамане і галерэю партрэтаў беларускіх дзеячоў той пары — і калі б ня мора асабістых уражаньняў, у якое пісьменьнік так шчыра закідвае чытача, дык партрэты тыя так і засталіся б сухаватымі артыкульчыкамі, накідамі да будучай энцыкляпэдыі. Часам, як у савецкіх гістарычных фільмах, адбываецца прамое ўключэньне зь нечаканых месцаў — скажам, са стаўкі фюрэра, якога так не любіў граць гэдээраўскі актор Дыц і які падобны да Дыца таксама і ў Акулы. У рамане ёсьць нават алюзіі на Гаўфа: «Калі-б вы належалі да тых шчасьлівых, што маюць час і грошы падарожнічаць дзеля прыемнасьці ў мірны час, і калі-б апынуліся ў Францыі, варта было-б заглянуць і ў Эльзас...» — і Шварцвальд на заднім пляне гэтай карціны празрыста намякае на «Халоднае сэрца» зь ягоным вельмі падобным уступам. Але: «мы не турысты, час у нас ваенны», абсякае салдат лірыка, «Яволь, гер аўтар!» — і Гаўф зьнікае, як па загадзе. Лірыка не спрыяе выжываньню. Выжываньню спрыяе інстынкт і — сьвятая ідэя.
Пра выжываньне Акула піша ў «Змагарных дарогах» ня раз — і бліжэй да канца твору дзеліцца з чытачом сваімі назіраньнямі з нагоды інстынкту самазахаваньня. Чалавек у вязьніцы, паводле пісьменьніка, рана ці позна «зразумее, што й сам цяпер зьяўляецца арганічнай, шэрай, бястварай часьцінай гэтых абставінаў, што мусіць падрыхтавацца фізычна й духова, прытарнавацца найвыгадней і найлепш, каб перажыць з найменшай для сябе стратай той быт-нябыт. Але непераможны й заўсёды прысутны інстынкт самазахаваньня вечна шэпча й падказвае іншае, заўсёды намагаецца ратаваць, абнадзейваць, цягнуць з прадоньня. Ён — падсьведамы й, здавалася-б, неазначаны, але заўсёды прысутны і ў момант фізычнага ці духовага крызісу сьпяшае людзкой істоце на хуткі ратунак».
...Эміграцыйнае выданьне «Змагарных дарог» у шызай кардоннай вокладцы было падоранае мне адным прыяцелем на пачатку дзевяностых — і для маладой галавы, накірунак думак якой няшмат чым адрозьніваўся ад Кастусёва-Сымонна-Віктаравага, яны, безумоўна, былі тады чымсьці супэрсэнсацыйным і страшэнна праўдзівым. Палітычна значэньне яго для маёй неакрэплай псыхікі было такое, што гэты раман адразу ж паставіў усё на свае месцы і канчаткова закрэсьліў у галаве менскага першакурсьніка і так добра падпсаваны на той час бальшавіцкі гістарычны міт. Потым былі Туронак, іншыя навукоўцы, да ўспрыманьня якіх Акула рыхтуе спакваля і грунтоўна, як спрактыкаваны рэпэтытар. Але ўжо ў той час непазьбежна ўзьнікала адчуваньне, што ад тыпавой савецкай прозы «пра вайну і немцаў» гэтая кніга Дарог і Змаганьня адрозьніваецца хіба знакам, а ня сутнасьцю. «Дарогі» — твор выразна антысавецкі, а антысаветызмам у літаратуры наядаешся гэтаксама хутка, як і ўзорамі савецкага мастацтва. Рэч у эстэтыцы — а яна ў «Змагарных дарогах» прыкладна такая самая, як і ў савецкіх аўтараў. Твор, пабудаваны на ідэях, а не на чараўніцтве, можа застацца ў гісторыі — але гэта заўжды будзе палітычная гісторыя, якая ідзе паралельна літаратуры. Масты паміж імі маюць дзіўную ўласьцівасьць выбухаць самі па сабе. На радасьць залеглым у кустах партызанам.
Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)
Пахвала зайздрасьці (Масей Сяднёў)
Слупы — і часам кактусы (Пімен Панчанка)
Вырванае з рэбраў (Ларыса Геніюш)
Знакі і сымбалі (Міхась Стральцоў)
Сны Адама (Янка Юхнавец)
Чорны плашч перапёлкі (Іван Чыгрынаў)

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі: