Алесь Гарун
«Сьляпому добра ў цьме». На конкурс афарызмаў, праведзены сёлета «Свабодай», хтосьці з чытачоў даслаў і гэтую цытату зь верша Алеся Гаруна «Жыцьцё». Радок сапраўды вельмі афарыстычны і патас ягоны мне блізкі, хаця сама па сабе выснова даволі спрэчная — сапраўднаму сьляпому, калі ён не Панікоўскі, усё адно, цемра навокал або заліты сонцам пакой зь белымі шпалерамі. Адсутнасьць зроку сьляпому кампэнсуе ўзмацненьне іншых адчуваньняў, не настолькі прыдатных для службы ў вайскова-паветраных сілах літаратуры, але ня менш істотных; што да ўнутранага зроку, дык той уключаецца часьцей за ўсё акурат тады, калі вакол цёмна, хоць у хованкі гуляй.
Ці ў шахматы. Этнограф Эсон, які сядзеў разам з Гаруном у турме пад Іркуцкам, прыгадвае, што паэт быў «дасканальны» шахматыст і вязьні часта гулялі супраць яго аднаго цэлым баракам. А барак быў не абы-які, збольшага інтэлігенцыя: суворыя эсэры, сярдзітыя сухотнікі, тэрарысты-тэарэтыкі, будучыя царазабойцы ды іншая «пятая калёна». Гарун клаўся на юрцы, накрываў твар хусткай і «па памяці», ня гледзячы на дошку, вёў партыю — якая амаль заўсёды канчалася перамогай беларускага гросмайстра. Так што нават і захінуўшы вочы чорнай хусткаю цемры, можна перайграць каго заўгодна. Рэч ня ў вонкавым асьвятленьні, а ў той зусім не энэргаашчаднай лямпачцы, якая гарыць унутры паэта — і якую часам так хочацца хаця б на хвілінку выключыць.
У цемры — нават пад хусткай сярод поўнага людзей барака — чалавек апынаецца сам-насам з сабою. Такое адчуваньне, што і пісаў Алесь Гарун таксама па памяці, навобмацак. Пакуль рэальнасьць думала над чарговым ходам, творчасьць добра пачувалася ў цемры, толькі ў цемры яна і магла нешта ўбачыць. Гарун — паэт цьмы. «Начныя думкі», адзін з самых вядомых ягоных вершаў, нездарма начныя, а не, напрыклад, ранішнія. Да раніцы ён не дажыў. Блізарукі пры дзённым сьвятле, у клятай цемры Гарун бачыць свой «нязьведаны край»: ці то Беларусь, ці то здань Беларусі. Цемра, як высьвятляецца, не такая ўжо і цёмная; на выгляд непрыступная, як бэрлінскі мур, яна між тым не замінае аўтару ўбачыць цэлы сьвет, у якім ёсьць на што паглядзець: ад нёманскіх «стэпаў», курганоў, хваін і бедаковых касьцей да купальскіх кветак і голых грудзей русалак. У гэтым таямнічым сьвеце ёсьць дзьве птушкі: адна абстрактная «пташка», якая шчабеча, людзей пацяшае, і другая, што прыносіць у сваёй дзюбе чуламу чытачу адзін з самых удалых і прыгожых радкоў, што выйшлі з-пад Гаруновага пяра:
«Каня з аднэю малітваю «піць»...
Толькі ўначы паэт можа пачуць, як
«Траўка ў ляску ў цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой...»
«Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна» — прызнаецца аўтар. Яшчэ б: уначы пляжы пустыя, рай для схільнага да адзіноты чалавека, які ня любіць разьдзявацца на людзях.
Таму ня дзіўна, што ня нейкаму там гору народнаму, а сваёй уласнай адзіноце прысьвяціў паэт з псэўданімам Гарун адзін з найлепшых сваіх вершаў. «Літаньне адзіноце» — зварот чалавека да свайго прыватнага лёсу, па-пратэстанцку, сам-насам, без пасярэднікаў, гэта «даньне» лёсу, прызнаньне яго адзіна магчымым. Нягледзячы на такую загадзя абраную пазыцыю падпарадкаванасьці, фаталізму ў вершы няма, гэта хутчэй асэнсаваньне адзіноты і ўдзячнасьць ёй. Зноў жа, гэта начны, цёмны верш: паэт адразу ж сьпяшаецца паведаміць, што складае яго «ў часе зьмярканьня». Адзінота — самае вялікае каханьне аўтара, і яна — жанчына. «Крулева мая», «твой вобраз пякнейшы за ўсё». «Табе быў адданы, табе прысудзіўся». «Часам табе пасылаю праклёны» — але «воля твая», «зноў я з табой». Прымі, Адзінота! Гэта прыгожы верш: інтымныя трохрадкоўі без асаблівых паэтычных выбрыкаў складаюцца ў моцны, высокі, як гатычны сабор, твор.
«Ашукаеш ласкай...» Адзінота для Гаруна — ягоная Ліліт. Ну што паробіш, такі ўжо род у гэтага сьвяшчэннага для літаратуры слова, народ і прыгнёт нараджаюцца хлопчыкамі, полу няма толькі ў адраджэньня.
Для параўнаньня: верш пра іншую жанчыну — Нядолю — атрымаўся ў Гаруна вадзяністым і шматслоўным, як званок сантэхніку. Сантэхнік не прыйшоў ні ўчора, ні сёньня, а трубы цякуць. А ўсё таму, што хаця Нядоля і «ускладае белы ручкі» на паэта, любові няма, ёсьць толькі фізіялягічная неабходнасьць. Паэт і размаўляе зь ёй па-простаму, называе яе «камраткай» (Адзінота б за такое дала поўху).
Хто вінаваты ў такім стаўленьні? Паны, «вам бацька-брат дукат»! Дарэчы, дык дукат бацька панам ці ўсё-ткі брат? Тут, як і Цётка, у якой героі ці то з граніту, ці то са сталі, не разьбярэш, Гарун пачынае блытацца ў словах ва ўгоду рыме, бо гэта верш прабуджэньня: народу ад прыгнёту, а паэта — ад цемры, у якой яму так добра пісался. У «Завірусе», яшчэ адным несумненна ўдалым вершы Гаруна са змрочнай, сымбалісцкай канцоўкай, дзеяньне адбываецца ўначы, у цемры, як і паэма-казка ў духу Баршчэўскага «Канец Паўлючонка».
Гарун, відавочна, сам добра ўсьведамляў сваю начную, цёмную прыроду і сваё дзённае пакліканьне. Прычым як паэт, так і як празаік: прыкладам, ягоныя «Пан Шабуневіч» і «Чалавек без крыві» — гэткія самыя начныя творы, сьвятло ў якіх зьяўляецца адно сполахамі. Намаляваны ім у «Начных думках» вобраз сябе як істоты, якая з балючай, нечалавечай рэгулярнасьцю, штодня перажывае ў сваёй творчасьці зьмену дня і ночы, ня мог не адбіцца на ягоным жыцьці. Народжаны ў 1887 зусім недалёка ад Шабаноў (вось у гонар каго трэба было вуліцы там называць), ён пражыў усяго трыццаць тры гады, памершы ў Кракаве.
Але гэта здарыцца пазьней. Пакуль жа пачынаецца новы дзень. Працёр вочы паэт. Зьняў хустку з вачэй шахматыст. Замружыўся. Яшчэ некалькі імгненьняў таму Гарун так выкшталцона хадзіў канём — але цяпер, пры сьвятле, ён просталінейны, як пешка, і непаваротлівы, як зьбіты слон. Дзённы Гарун — яшчэ адзін Наш Чалавек Са Скрыпкай. Колькі ж іх было ў беларускай літаратуры! Эпізадычны пэрсанаж коласавай «Новай зямлі», нехта Ян Пальчык, які падчас бяседы хапае грэбень,
«сюды паперку далучае,
Ды так жа грае спрытна, здольна,
Што ногі скачуць мімавольна»,
зусім затаптаны ў гэтым вялікім аркестры скрыпачоў белліту, ён адзінокі ў ім, як пасінелы палец на назе. Шкада Пальчыка, шкада Гаруновай цемры, узору на хустцы, які так незаўважна, бы пераводная карцінка, зьяўляўся на ўнутраным баку напаўсамкнутых павекаў. Скрыпка — інструмэнт дзённы, уначы на ёй граюць толькі Шэрлакі Голмсы. Скрыпка Алеся Гаруна ня надта адрозьніваецца ад астатніх, бо зладзіў іх той самы страдыварыюс. Дарма што
«радзіла мяне мяне маці ў цёмну ночку» —
ратавальнай цемры больш няма. «Маю я скрыпіцу, а душы — ня маю!» — толькі гэты сумны факт выдзяляе Гаруна з агульнага аркестру. Бо іншыя «музыкі» збольшага атаясамлівалі свае душы са скрыпкамі — і зручна, і месца ня так шмат займае.
Дзённы Гарун — галерэя гаротных братоў-беларусаў, якія чакаюць у бюро знаходак, пакуль іх забярэ гісторыя. Юбілейныя прамовы, званы, паны, павучаньні-закіды, павуціньне заклікаў — усё, чым жывіцца дзень, усё, чаго не прымае ноч. Адзін з такіх сьветлых вершаў Гаруна падазрона нагадвае напісаны на замову гімн нейкай гіпатэтычнай дзяржавы:
«Брацьця, к агульнаму шчасьцю
Трэба жыцьцё кіраваць,
Роўнасьць, братэрства і згода
Будуць нам шлях асьвятляць.
Згоднай, вялікай сям’ёю
Пойдзем к дзянькам залатым,
З думай у сэрцы сьвятою,
З нашым жаданьнем адным».
Залатыя дзянькі, срэбраныя паўмесяцы, бронзавыя шчыты, якія так урачыста блішчаць на сонцы. Белыя і чорныя фігуры. Там будзе вельмі сьветла, у гэтай краіне, для якой ён ужо цяпер піша гімн.
«Будуць для ўсіх там палацы,
Стане на ўсіх там цяпла,
Ў панстве братэрства і працы,
Вольнасьці, хлеба й сьвятла»
У гэтай краіне, дзе ніколі ня будзе заходзіць сонца.
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:
Гамбурскі рахунак БахарэвічаКіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)