Максім Гарэцкі. Дзьве душы
Незадоўга да таго, як Гарэцкага, матэрыялізаваўшыся з туману, цемры і папіроснага дыму, расстралялі ягоныя ж пэрсанажы, гаршчкі, «басякі з самага бясяцкага прадоньня», у Савецкім Саюзе ўпершыню адштампавалі мільённымі тыражамі знакамітае выслоўе: «Пісьменьнікі — інжынэры чалавечых душаў». Аўтарам гэтай няўклюднай пародыі на афарызм быў, здаецца, Юры Алеша. Сказаў і сказаў, і не такое казалі, але забытую фразу Алешы нечакана паўтарыў з высокай трыбуны сам Сталін: «Пысатэль, как точно выразылса в сваё врэмя таварышч Алэша, это в пэрвую очэрэд інжынэр чэлавэчэскіх душ». Аплядысмэнты, вакханалія вернасьці, воплескі Відаплясава, чорна-белая стужка дрыжыць і абрываецца. Дзіўна ня тое, што зацкаванаму Алешу гэта ўратавала жыцьцё, а тое, што фраза дажыла да 21 стагодзьдзя ў сваім нязьменным выглядзе. Нават у наш час мала хто спрачаецца з такой фармулёўкай галоўнага пісьменьніцкага прызначэньня; з тым, што «пысатэль» мусіць быць інжынэрам душ, салідарныя чамусьці як нэа-, так і антысталіністы. Добра, вось інжынэр са складкай на лбе, вось чалавек са сваёй душой, працуй, рамантуй яе, наладжвай — але што рабіць, калі душы ў чалавека дзьве? І калі яны ўзаемавыключныя, гэтыя душы — і тым ня менш існуюць разам, у складаным, пачварным, балючым сымбіёзе? Словы Алешы захаваліся, застаўся і вобраз дзьвюх душаў, створаны Гарэцкім — трапны і ўнівэрсальны, а калі гаворка ідзе пра беларускі нацыянальны характар, актуальны да сёньня: «раздваеньне асобы зрывае нам дах», дзьве Беларусі, два абліччы, два народы, два Купалы: Каян ды Янка, Менск і Мінск, два сьцягі, два гербы, дзьве мовы, два варыянты далейшага шляху, зь якіх насамрэч ня спраўджваецца ніводзін. Нават на самае простае пытаньне — заўсёды два адказы: «ня ведаю» і «ня памятаю». Дзьве душы. Шызафрэнія.
Максім Гарэцкі ўвёў у беларускую прозу зусім новага героя — і адразу весялей стала ў дагэтуль цемнаватай і пустой хаце, вогкую неабжытасьць якой толькі падкрэсьлівалі расстаўленыя там і сям няскончаныя, застылыя на стадыі наіўнай двухвымернасьці галяграмы. Новы герой не такі, ён наогул не галяграма, ён дыхае, кахае і кашляе. Высокага росту, худы, нэрвовы, зь вялікімі і разгубленымі вачыма сапраўднага, некананізаванага сьвятога, з прозьвішчам жывым, шляхетным і кранальным — Абдзіраловіч, ён уваходзіць, стукаючыся галавой аб вяршнік, моршчыцца, падымае з падлогі фуражку, садзіцца ля акна...
Зрэшты, тут нашая цёмная хата-чытальня кудысьці зьнікае, бо сам тэкст падказвае, што вобраз Абдзіраловіча каля акна мусіць непрыкметна перамясьціцца ў купэ цягніка, які імчыць «сярод ціхой ліпнёвай начы», «сярод чорнага, густога і цёплага бяздоньня». Абдзіраловіч марна шукае «ціхамірнай яснасьці» ва ўсім — але сам прызнаецца, што ўсё «залежыць ад спосабу язды». А якая яснасьць ля акна купэ? Пралятаюць карцінкі, людзі — «далёкія зорачкі», станцыі, тэлеграфныя слупы адзначаюць дні пражытыя і забытыя; гэта ў найлепшым разе, бо сувязі разбураныя, расклады спаленыя, сэмафоры разьбітыя, можна стаяць суткамі на закінутай станцыі і нікуды ня ехаць. «Бурлячая рэвалюцыя нясецца вось, міма...» Час Абдзіраловіча — пераварот, вайна, смута, час вымушанага чаканьня і броўнаўскага руху, час рахункаў і разрухі, пра яснасьць тут можна толькі марыць. Затое сумнеў, крытычнае мысьленьне, зь якога вырастае сапраўдная літаратура, цьвіце толькі ў такія купальскія ночы. «Ня дай нам божа жыць у эпоху вялікіх зьменаў»: гэтая кітайская мудрасьць тычыцца чытачоў, ім і сапраўды такое шчасьце не патрэбнае, але пісьменьніку — дай, божа, такой долі, дай, не шкадуй. Са зьяўленьнем Гарэцкага ў цягніку белліту адразу прыемна і аскоміста запахла чалавечынай — з усімі яе ваганьнямі, пакутамі, уцёкамі і імкненьнем разабрацца найперш у сабе, і толькі потым, празь сябе — у сьвеце. Гарэцкі не паддаўся спакусе тыпізацыі, яго не прывабілі ўтульная наседжанасьць «агульнага месца» і патака бясплатнага патасу. Аповесьць «Дзьве душы» — той вялікі крок наперад, які зрабіла беларуская проза, перад тым як на дзесяцігодзьдзі замерці ў позе летаргічнага лётаса; шкада, але пасьля Гарэцкага ды яшчэ Мрыя тэкстаў такой складанасьці ў ёй ня будзе ажно да першых быкаўскіх твораў.
Душа — ня вуха, яна — ворган няпарны, наяўнасьць дзьвюх душаў — відавочная паталёгія, кшталту сіямскіх блізьнятаў, больш за тое, дзякуючы доктару Гарэцкаму, гэта — беларуская нацыянальная паталёгія. Я нездарма называю Гарэцкага доктарам — у самым пачатку аповесьці ён спрабуе, на нейкім фальклёрным, міталягічным узроўні, даць фэномэну дзьвюх душаў біялягічнае тлумачэньне. Малога паніча Ігната Абдзіраловіча і мужыцкага сына Васілька выкарміла адна матка — мо адтуль такая раздвоенасьць? Але чаму тады Васіль не адчувае той сваёй другой душы так востра, як Ігнат? Пры ўсёй іхнай уяўнай блізкасьці?
Бадай, упершыню, прынамсі, у маім успрыманьні, галоўным героем белліту стаў чалавек не з мужыкоў, безь пяці хвілінаў пан, без каўтуна і бяз дудкі. Хай ён усяго прапаршчык, але інтэлектуальна, у сілу сваёй адукаванасьці і тонкай, па-панскаму тонкай скуры Абдзіраловіч сасьпеў да таго, каб перажываць навакольную трагедыю ня столькі вонкава-дэманстратыўна, колькі ўнутрана, непрыкметна. Здаецца, Гарэцкаму-аўтару Абдзіраловіч большы брат за ўсіх яго ранейшых пэрсанажаў. Аўтар «Дзьвюх душаў» — будучы прафэсар, навуковец, сапраўдны, першы беларускі інтэлектуал: як пісьменьніку наканавана быць «інжынэрам душаў», хоча ён таго ці не, так інтэлектуал асуджаны сумнявацца ва ўсім, не давяраць эмпірыцы, усё каштаваць на язык, усё прапускаць празь сябе і ня верыць ні паперы, ні малітвам. І справа ня толькі ў тым, што Гарэцкі ведае такія словы, як «рэфлексія», «індывідуальнасьць», «абстракцыя», «атавістычны» — нечуваная рэч для клясыкаў белліту! На шчасьце, слова «экзыстэнцыялізм» тады яшчэ не існавала. Абдзіраловіч наважыўся ня быць ні станоўчым, ні адмоўным — вось у чым «злачынства» Гарэцкага перад сваімі сучасьнікамі і сваімі будучымі крытыкамі і катамі. Наважыўся быць сам па сабе.
Хутчэй, ён нават адмоўны. Як тагачасныя, так і цяперашнія рапаўцы могуць дараваць пэрсанажу шмат што, нават ягоную мярцьвячасьць, але толькі не пазыцыю староньняга назіральніка. «Я ня ведаю, хто мне свой і хто чужы. Я дзяржуся дзікога нэўтралітэту і ашукваю і тых, і другіх, і сам сябе»... Абдзіраловіч такі: «ні за нас, ні за паноў». «Чорт яго ведае, свой ці чужы». Такі ён мае характар, што «нічога не адчувае глыбока і адразу», і нават «на рэвалюцыйны пажар глядзіць як староньняя асоба». Абдзіраловіч наважваецца на страшнае: быць самім сабой у час, калі сябе трэба прынесьці ў ахвяру. Ягонае існаваньне падобнае на барбарскае пакараньне, калі чалавека прывязваюць да двух нахіленых маладых дрэваў, а потым адпускаюць тыя дрэвы, даючы ім распрастацца. «Дзьве душы» засьпявае асуджанага і катаў акурат у такі момант.
Каханьне. Хто мусіць быць абраны Абдзіраловічам: сэксуальна прывабная, але легкадумная Аля, да якой яго цягне спачатку, ці нібыта «свая», палітычна граматная Іраіда, да якой ёсьць павага, але няма жарсьці? Мова: я думаю па-беларуску ці па-маскоўску? — мучаецца Абдзіраловіч, і: «ня можа злавіць». Пан ён — ці з народу? З бальшавікамі быць яму, з гаршчкамі-карпавічамі, у якіх нібыта праўда, але ў іх жа на руках і кроў — або супраць іх, на баку людзей, якіх ён ненавідзіць і ў якіх на руках крыві ня меней? І — тут Гарэцкі паўстае як першы крытык Сьвятой Справы: дык усё ж беларускае адраджэньне ці «староньняя», прыватная любоў да радзімы?
Супраць уласна адраджэньня Абдзіраловіч нічога нібыта й ня мае, а вось самі адраджэнцы паўстаюць у аповесьці фанатычнымі і абмежаванымі істотамі. Кожнага разу герой, сутыкаючыся зь імі, адчувае сваю нутраную чужасьць гэтым апантаным рыцарам і іхным прыўкрасным дамам. Тое, што адраджэнства — донкіхоцтва, ясна і сёньня. Дый далікатная гэта справа: навярнуць іншых у сваю беларускую веру. «Быццам даросламу і здольнаму чалавеку выкладаць... новую азбуку», — трапна сказана ў аповесьці. Але ў «Дзьвюх душах» адраджэнства — гэта нават хутчэй санчапанства, чым рамантычнае змаганьне з млынамі. Ужо ледзьве ня першая сустрэча Абдзіраловіча з патрыётам Бацькаўшчыны канчаецца бясслаўна.
«Вы гаворыце аб адраджэньні... Што вы хочаце гэтым словам сказаць?» — пытаецца бяз задняй думкі Абдзіраловіч. Але задняя думка на тое і задняя, каб ускочыць туды, дзе іншая не пралезе.
«Аб гэтым вы лепей даведаецеся зь беларускай літаратуры, чымся ад мяне, — сказаў хлопец непрыхільна, думаючы ўжо, што перад ім вораг».
Вось так. Гоп-ля — і вораг. У царкве сумніўцу ня месца. Права апраўдаць сваё існаваньне вернік просіць бога, а машына — інжынэра.
«Выбачайце, але мне бацькаўшчынай уся Расея», — мякка пярэчыць праз пару радкоў яшчэ не апрацаваны, не абгабляваны Абдзіраловіч. Фраза гэтая выдае ў ім хутчэй касмапаліта, чым чарнасоценца, Расея тут — сынонім сьвету, а не імпэрыі, але суразмоўца аж калоціцца і маланка праведнага гневу б’е супастата ў самае цемечка:
«Мне не па дарозе з рэнэгатам», — горда кажа беларускі патрыёт і саскоквае з калёсаў, ня ў змозе нават сядзець побач з такой маскальскай поскудзьдзю, як бедны Абдзіраловіч.
Даволі агідна выглядае і пакой Іраіды Аўгенаўны. Стаўшы яе мужам і, адначасова, часткай такога інтэр’еру, Абдзіраловіч бы павесіўся:
«Ля другой сьцяны — шырокая, мяккая канапа, а на ёй — гітара з чырвонаю стужкаю, а з двух канцоў канапы — крэслы ў беларускім стылю, з рэзьбаю, вялікія, цьвёрдыя і простыя. На сьценах — без шпалераў — вісела невялічкая карта Беларусі, а над ёю, абвіты беларускім паяском, вісеў маленькі партрэт у рамцы Янкі Купалы. На другой сьцяне быў Тургенеў і колькі выразаных з ілюстраваных часопісаў і проста налепленых на паперу фатаграфій беларускіх літаратараў і дзеячоў.»
Зноў жа — Тургенеў: і ў Іраіды дзьве душы, хаця яна лічыць сябе аднадушнай, то бок здаровай. На месцы Тургенева мог бы апынуцца і Дастаеўскі, але быў, відавочна, уважаны за надта ўжо дэпрэсіўнага. Вось і Абдзіраловіч, дарма што князёў ня любіць, а таксама князь — беларускі Мышкін... І манахам яго называюць, і сьвятым. Хто там яшчэ цікавіўся душамі? Гогаль? Ратуе стасункі Іраіды і Абдзіраловіча акно, за якім сад, «клумбы з прыгожымі, буйнымі краскамі... некалькі яблынак і сьлівак... многа цьвітучага, добрага маку... тут жа блутаўся вусаты, кручаны гарох... табака, леўкоі, пахнючы гарошак...» Нездарма ў гэтае акно так пільна ўглядаецца Абдзіраловіч, фіксуючы кожную расьліну, у гэтым «густым і багатым садзе» ён бачыць месца для магчымых уцёкаў.
«Адна душа казала: мне ўсё роўна. А другая балела і маўчала».
Яны — як сіямскія блізьняты, якія ня могуць існаваць адно без аднога. Ампутацыя адной прывядзе да гібелі другой. Тым ня менш абедзьвюм душам аўтар дазваляе выказвацца напоўніцу, дае ім слова, дзе толькі можна. «Нудна ўрозьні, цесна разам» — як гэта знаёма. Праз колькі стагодзьдзяў пасьля Гарэцкага пра тое самае скажуць героі Сартра і Камю, скажуць не чатырма словамі, а цэлай чарадою тоўстых раманаў. Ляканічная выразнасьць гэтай амаль што прымаўкі, якая лёгка пабівае грувасткі афарызм Алешы, уражвае ня менш за страшную калыханку, якая раптам зьяўляецца ў тэксьце і растае гэтак жа нечакана і бясьсьледна. Котачка сьпявае:
«Хацелі мне лапкі адбіці,
Чым жа я буду хадзіці?»
Калі ў першай частцы аповесьці героі перасякаюцца неяк занадта часта, тэатральна, па-доктаражывагаўску, то пад канец супадзеньняў ужо амаль няма, што толькі падкрэсьлівае наканаванасьць, у якой даводзіцца жыць чалавеку зь дзьвюма душамі. У іншым сьвеце пакуты Абдзіраловіча больш за ўсё нагадвалі б бяскрыўднае самакорпаньне, але ня тут, дзе самое паветра падганяе цябе як мага хутчэй зрабіць выбар. Вынікам усё адно будзе кара. Сьвет, у якім жыве Абдзіраловіч са сваімі дзьвюма душамі, поўны чаканьня нейкай небывалай жорсткасьці. «Нашы дзяды мардавалі вашых, а даўгі сплачваюць унукі ўнукам». І ўнукі ўжо складаюць сьпісы.
Аповесьць канчаецца гукамі маршу, і няхай аўтар і кажа, што марш той хаўтурны, а гукі ягоныя — прыгожа-паважныя, нешта вар’яцкае, шастаковіцкае чуецца, прабіваецца ў тых гуках, у цяжкім вуханьні бубна. Наканаванасьць чуе ў іх Абдзіраловіч, наканаванасьць бачыць у змрочных постацях і пагрозьлівых надпісах, таму не ўцякае — і той чорны натоўп, які ідзе па вуліцы быццам бы на могілкі, зварочвае з вуліцы і ўжо рушыць проста на яго, іх сотні, тысячы, мільёны, натоўп абступае ягоны дом, ягоную нэўтральную тэрыторыю сумневу, ён хоча ўвайсьці, гэты натоўп, ён лезе на лесьвіцу, на падваконьне, у вочы, у горла, у душу, пад чарапную каробку, у гэты апошні прытулак любога яшчэ жывога, але ўжо асуджанага чалавека — колькі б душаў ён ні меў. А бубен усё вухае, вухае, вухае, ня можа спыніцца...
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:
Гамбурскі рахунак БахарэвічаКіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)