Уладзімер Дубоўка
Кожны раз, калі ў пошуках ідэальнай геамэтрыі я бяруся пячы бліны, мне прыгадваецца Ўладзімір Дубоўка.
Творчасьць любога паэта бадай што заўсёды ёсьць ягоным прыхаваным, але няспынным змаганьнем з сваім першым вершам. Спробай дапісаць гэты верш — і перасягнуць яго. Паводле ўспамінаў («пялёсткаў») Дубоўкі, свой першы верш ён напісаў, калі яму не было і чатырох гадоў. Маці сказала яму памаліцца, і ён паслухаўся:
«Ты — наш бог.
Твая і хата.
Твая і печ.
Але ж мама — наша.
Мама ўчыняла бліны.
Мама пячэ бліны».
Каб перасягнуць такое, некаторым і цэлага жыцьця ня хопіць — ня кажучы пра тое, каб дапісаць. Геній. Мне ня надта даспадобы гэтае слова, прыдуманае няздарамі для свайго апраўданьня. Яно фасфарасцыруе толькі ў дзіцячым пакоі пры выключаным сьвятле, геніяльнасьць уласьцівая адно дзецям — але рана ці позна ў іх усё адно адбіраюць гэтую дзівостку ў імя пажарнай бясьпекі. Таму да Дубоўкі больш падыдзе іншае вызначэньне — чараўнік. З усім джэнтэльмэнскім наборам беспрытульнага майстра белай і чыстай магіі. Якім?
Ну, найперш Белай барадой, якая перамагла чорныя бароды Маркса, Энгельса, Леніна і сталінскія д’ябальскія вусы. А таксама лёгкім, прыгожым вар’яцтвам — чымсьці падобным да дзівацтва Хармса, але з выразным нацыянальным ухілам. Любоўю і чуласьцю да гукавога ладу, той глінянай таблічкі мовы, на якой захоўваюцца закляцьці, праклёны, клятвы і іншы фанэтычны клінапіс. Увагай да розных пісьмёнаў, рунаў і наогул знакаў: калі б у свой час Дубоўку паслухалі, мелі б цяпер асобныя знакі для «дж», «дз» і «ö» замест «ё» — цэлы партызанскі атрад у тыле русыфікацыі. І, магчыма, умелі б своечасова чытаць знакі бяды. З таемнай ведай стараннага брусаўскага вучня і жаданьнем перадаць яе ўсім ахвотным. І, нарэшце, з дарам прадбачыць будучыню. У хрэстаматыйным вершы «О Беларусь, мая шыпшына» («зялёны ліст, чырвоны цьвет...») можна пры жаданьні знайсьці цэлы россып намёкаў на нашую сучаснасьць: ад Чарнобылю і татуяваньня «Пагоні» да колераў лукашысцкага сьцягу. І знаходзяць жа: кожны на свой густ.
А яшчэ з наканаванасьцю. Гэтае слова таксама будзе тут дарэчы, пагатоў, здаецца, менавіта Дубоўка замацаваў яго ва ўжытку. Наканаванасьцю выгнаньня. З самага нараджэньня ён быццам бы жыў у нейкай кнізе. Вось жа, на самым першым годзе жыцьця яго вырашылі ўтапіць. Натхнёныя несьмяротным біблейскім сюжэтам, вясковыя падшыванцы (між імі — сыны мясцовага фэльчара) прынесьлі ў хату, дзе крычаў малы Валодзя, мэдычныя ночвы. Маці яны патлумачылі, што хочуць пасадзіць у іх малога і пусьціць па рацэ. Адразу спакайней стане. Добра, што маці была побач, пісаў потым Дубоўка, а калі б яна ў гэты час спала? Пасадзілі б і пусьцілі па вадзе, як Майсея. Толькі наўрад ці ночвы прыбіла б да берага. Хутчэй за ўсё патанулі б разам з пасажырам.
Але ўсё абышлося, бо мусіла абысьціся. Бо інакш не было б кнігі. Якую Дубоўка пражыў ад першай да апошняй старонкі, улучна з вырванымі.
Як і належыць добрай кнізе, усё тое, што на пачатку было сказана нібы мімаходзь, потым да Дубоўкі вярнулася. Матчыны бліны — у выглядзе тых загадкавых кругоў, якія далі назву адной з самых вядомых яго паэм. Тады, у дваццатыя, такія трансфармацыі нікога не зьдзіўлялі. Дубоўка пачуваецца ў гэтым часе, як рыба ў вадзе — ці Майсей у мэдычных ночвах:
«перагрупоўка настрояў, стыляў...
самалёт...
лапці...
галіфэ...»
Гэта дзіўны тэкст, магчыма, адзін з самых дзіўных у беларускай літаратуры. Верш, вольны ва ўсіх сэнсах, у тым ліку часам і ад самога сэнсу, апрача хіба што ўласна Дубоўкавага, толькі яму вядомага. Сьвет паэмы — нейкая віртуальная прастора, паміж Менскам і Масквой, прычым і Масква, і Менск тут — не зусім гарады. І нават зусім не гарады. Яны — як дзьве лятучыя выспы Ляпута, а аўтар ходзіць па нацягнутай паміж імі ліне, складае ў галаве лісты камусьці ўніз і слухае, як паабапал падобныя на яго людзі пагрозьліва ўсклікаюць, зьвяртаючыся да ўласнага рэха:
«Менск! Менск!
Твае заводы —
Больш на карыкатуры падобны.
Але ты расьцьвіцеш,
Але ты станеш сапраўдным горадам!»
У Маскве ён купіў сабе модны клічнік. «Штурмуйце будучыні аванпосты!» Бурапеннай эпосе патрэбная была жэрдачка, каб намацваць дно. «Сацыялізм, бы музыка, яго аднымі гарматамі не ўсталяваць». Дубоўка тым часам прыдумляе новы паэтычны жанр, які называе ні менш, ні больш, як камбайнам — і не перастае марыць пра Камуну Сьвету. Займаецца Вялікім перасяленьнем герояў беларускага фальклёру — на новую глебу, у новы час. У адной з паэм ён апісвае спрэчку Лірыка і Матэматыка, схіляючыся болей на бок першага, але ён сам у вершах тых гадоў почасту — хутчэй матэматык. Толькі матэматыка ягоная не прыкладная, а вышэйшая, ці нават — найвышэйшая, атанальная музыка сучаснасьці. Высокая, завоблачная матэматыка ляпутыянскіх пражэкцёраў. Якую адэпты новага ладу спачатку палічылі карыснай для будоўлі Камуны.
«У нашы дні руін і будаўніцтва
І дыктатуры пралетарыяту
Патрэбны нам паэты-змагары,
Не ліквідатары, не смутнагляды...»
Але «ня хоча Ўладзімір Дубоўка сьпяваць пад зазубраны лёскат». Лірыкам, «смутнаглядам» Дубоўка быў таксама. У самых вядомых ягоных лірычных вершах 20-х гадоў — цалкам традыцыйных і па выкшталцонасьці ледзьве не багдановіцкіх — заўважаецца цікавая дэталь: аўтар часта паўтарае фактычна той самы вобраз у суседніх радках. Быццам яго перасьледуе трывожная няўпэўненасьць у тым, што яго разумеюць — а разуменьня хочацца. Амаль рэфрэнам гучаць гэтыя радкі з двух розных вершаў:
«Людзі любяць душу прасаваць,
Калі гэта душа чужая...»
«Толькі ліст адвіхнуўся з каліны —
А яго ўжо ў гліну топчуць».
Пісаў пра сябе — але і пра наш час, дзе для прасаваньня чужых душаў вынайдзеныя зручныя форумныя пляцоўкі, дый самі прасы для душы цяпер сталі значна больш дасканалыя. Сучасьнікам Дубоўкі, што ня мелі інцярнэтаў, зрэшты, было цяжэй. У трыццатым, працуючы ў Маскве, Дубоўка бачыць на дзіва сумнага Маякоўскага, рукаецца зь ім. Далонь запамінае поціск. Праз колькі тыдняў Маякоўскі забівае сябе. А неўзабаве вяртаюцца тыя фэльчаравы сыны і іншая падрослая дзятва — і забіраюць Дубоўку.
«Вот вы, гражданин Дубовко, пишете: „Ты уважаеш, что культура...“... О чем это? Ты уважаеш, что... Нескладуха какая-то. Ладно, дальше. „Ты уважаеш, что культура ходить у портках ката славное камуны, у портках генерала Галифе, або у маринарцы ходить Френча, другого ката, ката наших дзён“. Признавайся, сука, кого имел в виду под вторым котом?»
Арышт ня даў яму ператварыцца ў пародыю на сябе, але і прычыніўся да таго, што ўвойдзе ў гісторыю як Вялікая Паўза Дубоўкі. Гісторыкі разыходзяцца ў меркаваньнях, ці існаваў насамрэч той Саюз вызваленьня Беларусі, па справе якога прайшлі дзьве траціны беларускіх літаратараў і дзеячоў той пары. Відавочна тое, што вызваліць Беларусь Дубоўка сапраўды хацеў, тут сьледчыя не памыліліся. Ад каго, распавядае знакаміты і самы, мусіць няўдалы ягоны верш пад афіцыйнай назвай «На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі». Няўдалы па простай прычыне, што ад яго па кавалачку адвальваецца той слой, які забясьпечвае літаратурнаму твору вечнасьць. Ні Варшава, ні Рыга, ні Літва на нашым карку ўжо не сядзяць. І што такое Гомельскі ганебны калідор, вечнасьць неяк забыла, даводзіцца спраўджваць у кніжках. Праўда, і актуальнага засталося яшчэ шмат, на наш век хопіць. «Пасьмешышчам для сьвету ўсяго» называе беларусаў Дубоўка ў 1926, і сьвет сьмяецца дагэтуль. Не зважаючы на абвешчаную Дубоўкам місію Беларусі — зазнаць гора «за ўсе краі, за ўсе народы». Аптымістычна-цяжкі канец верша, зь ягоным пясочкам, якім мы мусім засыпаць сьляды ворагаў, выклікае ў памяці іншы пясочак, жоўты, быкаўскі...
Што ён мог сказаць сваім сьледчым? Хіба паўтарыць за Архімэдам: noli turbare circulos meos! У сібірскіх сваіх выгнаньнях — новых кругах, пякельных, доўгіх, бясконцых, пакутлівых, падчас якіх памёр ягоны сын — Дубоўка чым толькі не займаўся; міжволі разьвіў свой атрыманы ад бацькі і дзеда цясьлярскі талент — і, па сьведчаньнях, усю мэблю для сваёй кватэры ў Маскве, дзе пасяліўся ў канцы 50-х пасьля рэабілітацыі, змайстраваў сам. Апавяданьні, напісаныя ім пасьля паўзы, таксама хочацца назваць перадусім Рэчамі, кароткімі, ёмістымі, змайстраванымі ўмелым цесьляром з уласных, ачышчаных ад рызыкоўных тэмаў успамінаў. Яны даволі шмат распавядаюць пра падарожжы па Сібіры і ні словам ня згадваюць, як і чаму беларускі пісьменьнік Дубоўка там апынуўся. Хаця чытач, напэўна, усё разумеў і так. У Менск паэт не паехаў — мо таму, што гэта ў кожным разе было б вяртаньне ў карыкатуру. Хаця было падарожжа па Палесьсі, была «Палеская рапсодыя» і за яе Купалаўскі Букер: на сваіх белабародых фота Дубоўка глядзіць насьцярожана, гэтаксама насьцярожана глядзяць на чытача і радкі ягонай рапсодыі — маўляў, лішняга тут не чытайце, і мы вам лішняга ня скажам. Навучаны. Спакою дайце, спакою — чытаецца між гэтых радкоў.
Кажуць, неяк Глебка, Броўка ды Крапіва прыйшлі да яго і папрасілі даць нешта з таго, што напісалася апошнім часам. І Дубоўка спакойна адказаў, што за трыццаць гадоў не напісаў нічога. «Паперы не было, дык і не пісаў». Кажуць, што нейкія свае рукапісы дваццатых ён пасьля рэабілітацыі выкупіў у былога сьледчага. Кажуць, што ў перашкодах дух расьце. Кажуць, што ў ноч на 15 ліпеня 1900 года над вёскай Агароднікі Вілейскага павету бачылі лятучую выспу, ад якой у нейкі момант аддзялілася нешта падобнае на камэту і паляцела долу.
Брэшуць, напэўна.
Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі: